Цяпер неабходнасьць прызнаньня Беларусі акупаванай Масквой тэрыторыяй на міжнародным узроўні шмат якімі апазыцыйнымі палітыкамі вылучаная як першачарговая мэта, а спробы атаясамліваньня прапуцінскага рэжыму з усім беларускім народам выклікаюць справядлівае абурэньне. (Я б яшчэ ўдакладніў, што ідэалёгіяй акупантаў зьяўляецца рускі фашызм, але гэта тэма асобнай гутаркі).
Але тое, што робіцца зразумелым усё большай колькасьці беларусаў, зь цяжкасьцю ўспрымаецца ў сьвеце; баюся, што, перафразуючы Дубаўца, ні заходняе грамадзтва, ні заходнія палітыкі да разуменьня акупацыйнага характару рэжыму яшчэ не сасьпелі.
У той час, як Крэмль даўно прымяняе мэтады гібрыднай вайны, Захад усё яшчэ падыходзіць да рэчаіснасьці з клясычнымі крытэрыямі: маўляў, калі акупацыя, значыць павінна быць прызначаная акупантам адміністрацыя, войска акупанта павінна займаць не дзясятую частку тэрыторыі, а ўсю яе ці хаця б большасьць, і гэтак далей.
Хаця калі б вы прыйшлі ў якую ўнівэрсытэцкую аўдыторыю, да прыкладу, у Марсэлі ці ў Лівэрпулі і спыталіся, ці ёсьць прыкметай акупацыі той факт, што за спробу выкарыстаньні нацыянальных сымбаляў мясцоваму жыхару гаранетаваны арышт, а часта і катаваньне — вам адназначна адказалі б станоўча. Пра мову я ўжо і не кажу.
Аднак адсутнасьць дынамізму ў мысьленьні шэрагу заходніх лідэраў не закрэсьлівае важнасьці акцэнтуацыі іх увагі на рэальнасьці, якую беларусы адчуваюць штодня.
Але ў выказваньнях некаторых апазыцыйных лідэраў пачалі гучаць прапановы, якія, на маю думку, выклікаюць вялікія сумневы.
Я маю на ўвазе словы пра тое, што трэба ня толькі заяўляць пра акупацыю, але і канстатаваць ліквідацыю Беларусі як незалежнай дзяржавы. Прызнаць, што Рэспубліка Беларусь, незалежнасьць якой была абвешчаная 25 жніўня 1991 году, цяпер ужо як незалежная, сувэрэнная краіна не існуе. Адпаведна, у будучым новую Беларусь трэба будзе будаваць ад самага пачатку — аж з дэкляраваньня незалежнасьць найвышэйшым прадстаўнічым органам (парлямэнтам), прыняцьця Канстытуцыі, корпусу новых законаў і гэтак далей.
Так, Павал Латушка, сярод іншага, прапанаваў прыняць рашэньне «аб пазбаўленьні марыянэткавага ўраду Лукашэнкі міжнародна-прававой суб’ектнасьці і аб прыпыненьні ўдзелу Беларусі ў міжнародных арганізацыях (ААН, МВФ і інш.) — да спыненьня акупацыі і дэмакратычнага фармаваньня новага ўраду».
Уявіце, што прапанова прыпыніць сяброўства Беларусі ў ААН ажыцьцявілася.
І ўявіце вынік: Беларусь ня будзе сябрам ААН, а вось Расейская Фэдэрацыя (тая самая, якая акупавала Беларусь), будзе ў ААН, і мала таго, заставацца сябрам Рады бясьпекі ААН (няма мэханізму, які б мог яе гэтага пазбавіць).
Ну ці не абсурд?
Прыгадваецца 1996 год, калі пасьля таго, як у Менску былі падаўленыя масавыя выступы і зьявіліся першыя палітвязьні, у Радзе Эўропы вырашылі, што Беларусі пакуль ня месца ў супольнасьці цывілізаваных эўрапейскіх народаў. І ў той жа час у склад Рады Эўропы прынялі Расейскую Фэдэрацыю, чыя армія ў Чачні якраз у тыя дні рабіла роўна тое, што ў 2022-м паўторыць ва Ўкраіне; колькасьць ахвяраў сярод мірных жыхароў у першую чачэнскую вайну вагаецца 30 да 120 тысяч.
Такое рашэньне дэмакратызацыі Беларусі не паспрыяла, затое Маскве разьвязала рукі: у Крамлі вырашылі, што ім дазволена ўсё.
Тое, што прыдзецца і Канстытуцыю мяняць, і новыя законы прымаць — бясспрэчна (хаця асабіста мне падаецца найбольш аптымальным варыянтам вяртаньня Канстытуцыі-94, скасаваньня вынікаў «рэфэрэндумаў» ад 1995 па 2022 — як першага кроку на шляху аднаўленьня законнасьці).
Але заява апазыцыйнымі палітыкамі, што Беларусь страціла незалежнасьць, што яна дэ-юрэ не з’яўляецца сувэрэннай дзяржавай (аж да скасаваньня членства ў ААН) — гэта тое, што прымусіць Пуціна адкаркаваць шампанскае (калі лекары дазволяць).
Крамлю застанецца толькі зрабіць некаторыя юрыдычныя маніпуляцыі, ну а прапагандысцкая машына на ўсе сто адсоткаў адпрацуе сьцьвярджэньне, што, у адрозьненьні ад украінскіх нацыяналістаў, нацыяналісты беларускія прызналі ўсю памылковасьць утварэньня незалежнай беларускай дзяржавы і нават ініцыявалі яе выключэньне з ААН (куды БССР, як і Ўкраінская ССР, былі ўключаныя паводле настойлівай просьбы Сталіна). Слова «акупацыя», будзьце пэўныя, не прагучыць.
Справа ня толькі ў тым, што ўсё гэта перакрэсьлівае намаганьні пакаленьняў лепшых дачок і сыноў беларускага народа, якія марылі пра сваю незалежную дзяржаву, высілкі тых, хто ў канцы 1980-пачатіку 1990-х яе дамогся, тых, хто ў наступныя трыццаць гадоў адстойваў і адстойвае яе і на плошчах, і ў турмах.
Гісторыя вучыць, што незалежнасьць лёгка страціць, але аднавіць яе вельмі і вельмі цяжка.
Такі ўрок дае нам і наша ўласная, беларуская гісторыя.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што беларусы думаюць пра незалежнасьць Беларусі і яе ўдзел у вайне супраць Украіны на баку Расеі. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На выбарах гэты рэжым ніколі больш ня выйграе». «Дэпутат незалежнасьці» і першы пасол у Нямеччыне аб пратэстах і сапраўдным фашызьме