Прапанова Расеі ўключыць Беларусь у лік краін-гарантаў бясьпекі Ўкраіны выглядае «дзіўнай» з улікам ролі Менска ў расейскай агрэсіі. Так дарадца кіраўніка офіса ўкраінскага прэзыдэнта Міхаіл Падаляк пракамэнтаваў «РБК-Украіна» заяву міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова.
«У перамоўным працэсе ўдзельнічаюць два бакі, — адзначыў Падаляк. — Кожны мае права на свае пытаньні. Беларусь прапанаваная толькі расейскім бокам да абмеркаваньня. Некалькі дзіўная прапанова, улічваючы ролю Беларусі ў расейскай агрэсіі».
8 красавіка кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што Расея выступае за ўключэньне Беларусі ў лік краін-гарантаў бясьпекі Украіны.
Ён адзначыў, што «па просьбе ўкраінскага боку яе нэўтральны пазаблёкавы і бязьядзерны статус павінен суправаджацца гарантыямі бясьпекі Ўкраіны». Сярод гарантаў бясьпекі, паводле Лаўрова, Украіна хацела б бачыць «усе прылеглыя краіны і яшчэ шэраг іншых дзяржаў, уключаючы пастаянных членаў Рады бясьпекі» ААН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа Беларусь выступаць гарантам бясьпекі Ўкраіны«Дык вось мы прапанавалі, каб у ліку такіх краін-гарантаў, вядома, абавязкова была б Рэспубліка Беларусь. Цяпер усе гэтыя пытаньні, уключаючы поўнае кола краін-гарантаў, узгадняюцца, але мы выступаем за тое, каб Беларусь была сярод іх», — адзначыў кіраўнік расейскай дыпляматыі.
На пасяджэньні Савету бясьпекі 7 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ня можа быць перамоваў з Украінай аб спыненьні баявых дзеяньняў «без удзелу Беларусі». «Калі вы нас увязалі ў гэта, перш за ўсё, заходнія краіны, там, на гэтых перамовах, зразумела, павінна прагучаць пазыцыя Беларусі», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская зьвярнулася да Зяленскага: «Лукашэнка ня можа быць міратворцам, ён даўно забыўся на боль, які вы адчуваеце»«Мы зыходзім не з таго, што нас у адзін кошык пагрузілі з Расеяй, не, — працягнуў Лукашэнка. — Мы зыходзім з таго, што гэтая вайна — за плотам нашай краіны. І яна вельмі сур’ёзна ўплывае на сытуацыю ў Беларусі. Таму ніякіх сэпаратных за сьпіной Беларусі дамоўленасьцей быць ня можа».
Перамовы паміж украінскай і расейскай дэлегацыямі першапачаткова праходзілі на тэрыторыі Беларусі, аднак затым былі перанесеныя ў Турэччыну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агрэсар, які «ні пры чым». Дыскусія Халезіна і Цыганкова