У Пецярбургу суд прызнаў цытату Пуціна на плякаце «дыскрэдытацыяй расейскага войска»

Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні на антываенных пратэстах у Санкт-Пецярбургу 2 красавіка 2022 году

Выбарскі раённы суд Пецярбурга аштрафаваў на 30 тысяч расейскіх рублёў 9каля 380 даляраў) мясцовага жыхара Артура Дзьмітрыева, прызнаўшы яго вінаватым па артыкуле аб дыскрэдытацыі расейскай арміі — за цытату прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна на плакаце.

У пастанове суда гаворыцца, што 7 красавіка Дзьмітрыеў стаяў у вэстыбюлі станцыі мэтро «Парнас» з плякатам, на якім было напісана: «Вайна прынесла столькі невыносных выпрабаваньняў, гора і сьлёз, што забыць гэта немагчыма. І няма прабачэньня і апраўданьня тым, хто зноў задумвае агрэсіўныя пляны».

Мужчыну затрымалі, ён правёў ноч у аддзеле паліцыі. Суд палічыў, што Дзьмітрыеў «фармаваў меркаваньне аб удзеле Ўзброеных сіл Расеі ў вайне, а не ў спэцыяльнай вайсковай апэрацыі, чым скажаў і дыскрэдытаваў задачы па выкарыстаньні Ўзброеных сіл за межамі РФ».

Кур’ёз сытуацыі ў тым, што, паводле Дзьмітрыева, на плякаце ён напісаў цытату Ўладзіміра Пуціна, якую ён вымавіў на Парадзе Перамогі 9 траўня 2021 году. Гэта пацьвярджае і адпаведная расшыфроўка з выступу пуціна на сайце Крамля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве затрымалі журналіста Яўгена Ляўковіча па падазрэньні ў «дыскрэдытацыі арміі»
  • Пуцін падпісаў закон пра «фэйкі» аб расейскай арміі 4 сакавіка. За яго парушэньне грамадзянам РФ пагражае штраф да 5 млн расейскіх рублёў ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 10 гадоў. Калі «распаўсюджваньне фэйкаў» пацягнула цяжкія наступствы, тэрмін пазбаўленьня свабоды складзе ад 10 да 15 гадоў.
  • Таксама ўнесеныя зьмены ў расейскі Кодэкс аб адміністрацыйных парушэньнях: новы артыкул аб «публічных дзеяньнях, накіраваных на дыскрэдытацыю выкарыстаньня» расейскай арміі прадугледжвае штраф да 100 тысяч рублёў (для службовых асобаў — да 300 тысяч, для юрыдычных — да аднаго мільёна рублёў).
  • Да канца сакавіка ў Расеі было складзена больш за 220 пратаколаў па артыкуле аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На журналістку, якая ўварвалася ў жывы эфір расейскага тэлеканалу з антываенным плякатам, завялі яшчэ адну справу