Аб гэтым паведаміў высокапастаўлены чыноўнік Міністэрства абароны ЗША на закрытым брыфінгу для журналістаў 8 красавіка.
«Відавочна, мы не купіліся на пярэчаньне расейцаў аб тым, што яны не нясуць адказнасьці (за гэты ракетны ўдар — рэд.). Спачатку яны заявілі аб пасьпяховым удары, але потым адмаўлялі гэта, як толькі паступіла паведамленьне аб наступствах», — паведамілі ў Пэнтагоне.
У ведамстве сьцьвярджаюць, што расейскія вайскоўцы зьбіраюцца задзейнічаць 18-ю мотастралковую дывізію Ўзброеных сілаў РФ для наступу на Краматорск.
«Можна казаць аб адным падразьдзяленьні — 18-й мотастралковай дывізіі, якая сфармаваная ў 2021 годзе. Складаецца з трох мотапяхотных палкоў, а таксама бранятанкавага палка. Паводле нашай ацэнкі, чакаецца, што яны будуць ужытыя там, дзе атакавалі чыгуначны вакзал (у Краматорску — рэд.). Мы бачым перамяшчэньне падразьдзяленьняў і прымяненьне сілы ў гэтай зоне», — паведаміў чыноўнік Пэнтагону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ракетны абстрэл вакзалу ў Краматорску: загінулі ня менш за 39 грамадзян і звыш 100 атрымалі раненьні. ФОТА«Гэта галоўны чыгуначны вузел усходняй часткі Ўкраіны. І гэтае вельмі стратэгічнае месца. І мы бачылі, як яны спрабавалі перамясьціць сілы ў Краматорск, дзе разьмешчаная гэтая чыгуначная станцыя», — дадаў ён. Паводле слоў чыноўніка, цяпер свае вайсковыя падразьдзяленьні Расея перакідвае ў расейскія гарады Белгарад і Валуйкі з мэтай далейшага наступу.
«Бачым, што некаторыя падразьдзяленьні ідуць у Белгарад. Некаторыя дабіраюцца ў Валуйкі, разьмешчаныя на паўднёвы ўсход ад Белгарада ў Расеі і наўпрост ля мяжы з паўночнай часткай Данбасу», — паведамілі ў Пэнтагоне.
Паводле зьвестак Пэнтагону, з пачатку вайны Расея выпусьціла ўжо 1500 ракет па Ўкраіне. Высокапастаўлены чыноўнік таксама пацьвердзіў інфармацыю Генштабу Ўзброеных сіл Украіны аб тым, што Расея пачала мабілізацыю 60 тысяч рэзэрвістаў, але ў Пэнтагоне кажуць, што пакуль незразумела, наколькі РФ зможа дабіцца посьпеху ў гэтым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Антыфэйк: Расея сьцьвярджае, што не карыстаецца ракетамі «Точка-У», якімі абстралялі КраматорскЭўразьвяз: ракетны ўдар па Краматорску нанесла Расея
У Эўразьвязе таксама перакананыя, што вакзал у Краматорску атакавалі расейскія войскі. Пра гэта гаворыцца ў заяве зьнешнепалітычнай службы ЭЗ, паведамляе «Европейская правда». Эўразьвяз настойвае, што вінаватыя за гэтае ваеннае злачынства павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці.
«Не павінна быць беспакаранасьці за ваенныя злачынствы. ЭЗ падтрымлівае меры па забесьпячэньні адказнасьці за парушэньне правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права», — гаворыцца ў заяве.
***
8 красавіка расейскія вайскоўцы нанесьлі ракетны ўдар па чыгуначным вакзале ў Краматорску Данецкай вобласьці, дзе праходзіла эвакуацыя і знаходзіліся каля 4 тысяч мірных жыхароў. Па стане на вечар 8 красавіка вядома аб 52 загінулых, 5 зь якіх — дзеці.
Адразу пасьля абстрэлу шэраг расейскіх Telegram-каналаў паведамілі, што мэтай абстрэлу былі ўкраінскія вайскоўцы і тэхніка, але пасьля адрэдагавалі гэтыя паведамленьні. Пасьля ў Крамлі пачалі заяўляць, што Расея ня мае дачыненьня да гэтага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць ахвяраў ракетнага ўдару па вакзале ў Краматорску дасягнула 50 чалавек