«Памагаты агрэсара» хоча ўціснуцца за стол перамоваў. Навошта гэта Лукашэнку?

Забітыя расейскімі салдатамі жыхары Бучы, што пад Кіевам, 2 красавіка

Лукашэнка імкнецца вярнуць суб’ектнасьць — Беларусі і сваю ўласную, якую ён страціў з пачаткам вайны.

Сьцісла:

  • Выступ Лукашэнкі на паседжаньні Рады бясьпекі сьведчыць пра тое, што ён імкнецца апраўдацца.
  • Удзел Беларусі ў перамовах Расеі і Ўкраіны мог бы стаць інструмэнтам прызнаньня Лукашэнкі, мэханізмам вяртаньня ягонай суб’ектнасьці.
  • Магчыма, статус удзельніка перамоваў паспрыяў бы вываду расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
  • Статус «памагатага агрэсара» вядзе да таго, што Менску давядзецца расхлёбваць наступствы Бучы і іншых злачынстваў.

7 красавіка Лукашэнка правёў чарговае пасяджэньне Рады бясьпекі, але ў пашыраным фармаце, з удзелам кіраўнікоў абласьцей, міністра эканомікі. Галоўныя тэмы паседжаньня, паводле афіцыйных крыніц, — «функцыянаваньне эканомікі, стабілізацыя зьнешняга гандлю і зьнешнепалітычная дзейнасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра расейскую агрэсію супраць Украіны: «Ня можа быць ніякіх перамоваў без удзелу Беларусі»

Тэмы зразумелыя. Эканоміка краіны апынулася ў штопары, крызіс набывае сацыяльны характар, трэба неяк ратавацца. Але для выйсьця з эканамічнага крызісу лягічней было б правесьці пашыранае паседжаньне ўраду ці правесьці нараду з эканамічным блёкам. Аднак Лукашэнка сытуацыю ў эканоміцы абмяркоўвае на Радзе бясьпекі, то бок найперш зь сілавікамі. Гэта азначае, што эканамічная сытуацыя яго цікавіць не сама па сабе, а як пагроза бясьпецы, як чыньнік, які пагражае ўладзе.

Цікава тое, што ўсе апошнія нарады праходзяць у выглядзе лекцыі, якую Лукашэнка чытае вышэйшым чыноўнікам. Такая своеасаблівая палітынфармацыя. І па старой савецкай завядзёнцы яна пачынаецца зь міжнароднага становішча.
Але галоўны сэнс гэтай імправізаванай лекцыі, як бы ні хаваў ён гэта за слоўнай эквілібрыстыкай, палягае ў апраўданьні.

Лукашэнка адчувае нутром, што галоўныя стрэлы за тыя катаклізмы, у якіх апынулася Беларусь, будуць скіраваныя на яго. Таму і імкнецца іх перанакіраваць на Захад, гістарычныя абставіны і інш. Найперш ён імкнецца апраўдацца за выкарыстаньне РФ беларускай тэрыторыі для нападу на Ўкраіну. «Абсалютна правамерна задзейнічаны мэханізм ваеннай падтрымкі ў рамках нашага Саюзу Беларусі і Расеі», — кажа ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей заявіў, што ў перамовах па Ўкраіне павінен удзельнічаць Лукашэнка

Калі даводзіцца даказваць правамернасьць, значыць, ёсьць тыя, хто ў гэтым сумняваецца. Затым ідзе апраўданьне за санкцыі, якія ўвёў Захад у адказ на саўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі. Лукашэнка даводзіць:

«Іх бы ўвялі незалежна ад разьвіцьця расейска-ўкраінскіх адносін. Гэтыя санкцыі былі б. Можа, уводзіліся б не адразу, а некалькімі пакетамі. Але мы б іх атрымалі ў любым разе».

Тут Лукашэнка проста паўтарае аргумэнты Пуціна. Лукашэнка адкрыта скардзіцца, што не ўдалося надзець на сябе тогу міратворца менавіта за саўдзел у ваенным нападзе на Ўкраіну:

«Аднак прафэсійныя дзеяньні нашых вайскоўцаў і дыпляматаў засталіся незаўважанымі на Захадзе. Бяздоказна і беспадстаўна Беларусь была абвешчана «памагатым агрэсара».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правал стратэгіі выжываньня рэжыму Лукашэнкі. Што наперадзе?

І, нарэшце, выказвае галоўны тэзіс, загадзя падрыхтаваны для гэтай нарады. Паводле Лукашэнкі, Беларусь прэтэндуе на ўдзел у расейска-ўкраінскіх перамовах аб пасьляваенным уладкаваньні рэгіёна.

Такім чынам, Лукашэнка імкнецца вярнуць суб’ектнасьць — Беларусі і сваю ўласную, якую ён страціў з пачаткам вайны. Вобраз васала Пуціна, расейскай марыянэткі, ад якой нічога не залежыць, ня вельмі прыемны. І Лукашэнка за ўсякую цану імкнецца пазбыцца гэтага вобраза.

Да таго ж Лукашэнку не прызнаюць прэзыдэнтам Беларусі ні Захад, ні Ўкраіна. Удзел у перамовах мог бы стаць інструмэнтам такога прызнаньня, мэханізмам вяртаньня суб’ектнасьці. Не ўдалося стаць міратворцам, то быць удзельнікам перамоваў — ня горшы варыянт.

Магчыма, такім чынам Менск змог бы дамагчыся вываду расейскіх войскаў са сваёй тэрыторыі. Вяртаньне Беларусі таго статусу, які мела краіна хоць бы ў 2021 годзе, было б замацавана ў рамках міжнародных дамоўленасьцяў.
І ўвогуле, Лукашэнка любіць быць у цэнтры міжнароднай увагі, яму падабаецца быць датычным да нейкіх лёсавызначальных падзей. А тут падварочваецца такая магчымасьць. У выпадку рэалізацыі гэтай ідэі да яго выстраілася б чарга замежных мэдыя на інтэрвію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Беларускі гаюн” атрымлівае тысячу допісаў штодня». Антон Матолька пра інфармацыйную вайну беларусаў супраць расейскай арміі

Тут цікава было б даведацца пра пазыцыю Масквы адносна гэтай прапановы. А тая невідавочная. З аднаго боку, навошта Крамлю, каб нехта яшчэ блытаўся пад нагамі. А зь іншага боку, удвох біць украінцаў можа быць больш эфэктыўным.
Аднак тут ёсьць адна вялізная праблема. Усе гады пасьля Крыму, ад пачатку расейскай экспансіі ва Ўкраіне, Лукашэнка настойліва прапануе, нават навязвае сябе на ролю мадэратара, пасярэдніка ў прымірэньні двух славянскіх народаў. Але калі гэта не ўдалося раней, то цяпер, пасьля нападу на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі, гэта выглядае тым больш недарэчна.

Пры гэтым Лукашэнка аргумэнтуе свае прэтэнзіі на ўдзел у перамовах дзіўным чынам: «Ня можа быць перамоваў без удзелу Беларусі. Калі вы нас увязалі ў гэта, найперш заходнія краіны, там, на гэтых перамовах, натуральна, павінна прагучаць пазыцыя Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасьць патрабаваць вываду расейскіх войскаў зь Беларусі

То бок калі Беларусь абвясьцілі «памагатым агрэсара», то Менск пагаджаецца з гэтым вызначэньнем і ў гэтым статусе імкнецца сесьці за стол перамоваў? А як жа тэзіс, што мы ня ўдзельнічаем у гэтай вайне? Тут трэба неяк вызначыцца. Калі Беларусь ня ўдзельнічае ў агрэсіі, то трэба максымальна дыстанцыявацца ад яе і ад перамоваў аб заканчэньні вайны, казаць, што мы ні пры чым, не чапайце нас, ня ўводзьце новых санкцый. А калі Беларусь — удзельнік працэсу, то, значыць, яна бярэ на сябе абавязак плаціць рэпарацыі Ўкраіне? Бо цяпер вайна разгортваецца так, што ўжо не ідзе размова пра ваенныя трафэі. Адна справа — прыхіліцца да пераможцы. І зусім іншая справа — расхлёбваць наступствы Бучы і іншых злачынстваў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.