Генэральная Асамблея ААН у чацьвер 7 красавіка прагаласавала па пытаньні аб прыпыненьні ўдзелу Расеі ў Радзе ААН у правах чалавека з прычыны меркаваных масавых расейскіх ваенных злачынстваў у ходзе агрэсіі супраць Украіны.
Рэзалюцыю прынялі большасьцю галасоў: «за» прагаласавалі 93 краіны, «супраць» — 24, а яшчэ 58 краін устрымаліся.
Беларусь была сярод краін, якія галасавалі «супраць», а прадстаўнік Беларусі перад галасаваньнем крытыкаваў прапанаваную рэзалюцыю.
У МЗС Расеі Рэзалюцыю Генасамблеі ААН аб спыненьні сяброўства Расеі ў Радзе па правах чалавека назвалі «палітычна матываванай» і прынятай для «дэманстратыўнага пакараньня сувэрэннай дзяржавы-чальца ААН». У заяве ведамства гаворыцца, што Расея прыняла рашэньне датэрмінова з 7 красавіка спыніць свае паўнамоцтвы чальца Рады ААН па правах чалавека.
Расея ўжо другі год уваходзіла ў склад Рады ААН у правах чалавека. Агульны тэрмін членства ў органе, які базуецца ў швайцарскай Жэнэве, складае тры гады.
Пастаянная прадстаўніца ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд запатрабавала выключэньня Расеі пасьля таго, як Украіна абвінаваціла расейскія войскі ў забойстве дзясяткаў мірных жыхароў у горадзе Буча пад Кіевам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NYT: забойствы мірных жыхароў у Бучы адбыліся, калі горад кантралявалі расейскія войскіВыступаючы ў панядзелак у Бухарэсьце, Лінда Томас-Грынфілд падкрэсьліла, што «ўдзел Расеі ў Радзе правоў чалавека — фарс».
З таго часу, як 24 лютага пачалося расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, Генэральная Асамблея ААН прыняла дзьве рэзалюцыі, якія асуджаюць Расею, прынамсі 140 галасамі «за».
«Маё пасланьне тым 140 краінам, якія мужна аб’ядналіся, такое: здымкі з Бучы і разбурэньні па ўсёй Украіне вымагаюць, каб мы зараз падмацоўвалі нашы словы дзеяньнямі», — сказала Томас-Грынфілд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перад расстрэлам ён спытаў у іх: „Чаму?“» Гісторыя сям’і з Бучы, якая трапіла пад напад расейскіх салдатаўРасейскі прадстаўнік пры жэнэўскіх арганізацыях ААН Генадзь Гацілаў назваў дзеяньні ЗША «неабгрунтаванымі» і падкрэсьліў, што «Вашынгтон спрабуе павярнуць украінскі крызіс сабе на карысьць».
Сытуацыі, падобныя да цяперашняй, бывалі раней. У сакавіку 2011 году была прыпыненая дзейнасьць Лібіі ў складзе Камітэту ААН па правах чалавека — у сувязі з гвалтоўнымі дзеяньнямі войскаў Муамара Кадафі супраць удзельнікаў антыўрадавых выступаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Вялікая Брытанія патрабуюць выключэньня Расеі з G20 і Рады правоў чалавека ААН