Міністар фінансаў ЗША Джэнэт Ялен заявіла, што Расея павінна быць выключаная зь «Вялікай дваццаткі» — клюбу 20 найбуйнейшых эканомік сьвету — і папярэдзіла аб байкатаваньні ЗША «шэрагу сустрэч» у фармаце G20, калі на іх будуць прысутнічаць расейскія прадстаўнікі.
«Прэзыдэнт Байдэн даў зразумець, і я, вядома, згодная зь ім, што Расея ня можа, як ні ў чым не бывала, прысутнічаць у любой з [глябальных] фінансавых устаноў. Ён сказаў, што Расея павінна быць выключаная з G20, і я ясна дала зразумець нашым калегам у Інданэзіі, што мы ня будзем удзельнічаць у шэрагу сустрэч, калі расейцы там зьявяцца», — цытуе Reuters заяву Джэнэт Ялен, якую яна зрабіла ў часе выступу 6 красавіка на слуханьнях у камітэце фінансавых паслуг Палаты прадстаўнікоў.
Паводле яе, уварваньне Расеі ва Ўкраіну і забойствы цывільнага насельніцтва ў Бучы «зьяўляюцца непрымальным парушэньнем глябальнага сьветапарадку, заснаванага на правілах, і абернуцца вялізнымі эканамічнымі наступствамі ва Ўкраіне і за яе межамі».
Кіраўнік Мінфіну ЗША дадала, што адміністрацыя Джо Байдэна імкнецца зьвесьці да мінімуму актыўны ўдзел Расеі ў буйных міжнародных арганізацыях. У той жа час Джэнэт Ялен прызнала, што наўрад ці ўдасца выключыць Расею зь Міжнароднага валютнага фонду, улічваючы ўнутраныя правілы гэтай арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Доказ таго, што ў сьвеце існуе зло». Рэакцыі беларусаў з Бучы на бойню ў горадзеУ склад G20 уваходзяць Кітай, Індыя, Саўдаўская Арабія і яшчэ шэраг краін, якія неахвотна асудзілі дзеяньні Расеі супраць Украіны.
Інданэзія, якая зьяўляецца сёлета старшынёй «Вялікай дваццаткі», арганізуе сустрэчу міністраў фінансаў краін G20. У лістападзе на інданэзійскім Балі павінен адбыцца саміт лідэраў «Вялікай дваццаткі».
Прадстаўнік Мінфіну ЗША пазьней растлумачыў, што Ялен мела на ўвазе нараду міністраў фінансаў, прызначаную на 20 красавіка, і сустрэчу старшыняў цэнтрабанкаў, якая павінна прайсьці ў рамках вясновых сустрэч МВФ і Ўсясьветнага банка ў Вашынгтоне.
На гэты момант невядома, ці будзе прадстаўнік Расеі ўдзельнічаць у красавіцкай сустрэчы міністраў фінансаў G20. Аднак Масква анансавала ўдзел прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ў саміце лідэраў «Вялікай дваццаткі», атрымаўшы падтрымку ад Кітаю ў дачыненьні да свайго сяброўства ў клюбе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абвясьцілі пра новыя санкцыі супраць найбуйнейшых банкаў, інвэстыцый у Расею і расейскіх элітСёньня, 7 красавіка, адбудзецца галасаваньне за выключэньне Расеі з Рады правоў чалавека ААН. Для выключэньня Расеі неабходна падтрымка ня менш як дзьвюх трацін з 193 чальцоў Генэральнай Асамблеі ААН.
Вялікая Брытанія і ЗША заклікалі выключыць Расею з Рады правоў чалавека ААН пасьля паведамленьняў аб тым, што расейскія вайскоўцы забілі сотні мірных жыхароў у Бучы Кіеўскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расею выключылі з Рады ААН па правах чалавека, Пяскоў прызнаў «значныя» страты расейскіх войскаў. 43-і дзень вайны Расеі супраць Украіны