У Менску за пратэсты і абразу Лукашэнкі судзяць хірурга Андрэя Любецкага

Андрэй Любецкі

Сківічнага хірурга Андрэя Любецкага, якога затрымалі 10 месяцаў таму, абвінавачваюць ва ўдзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, распальваньні сацыяльнай варожасьці, абразе прэзыдэнта і прадстаўніка ўлады.

Справу Андрэя Любецкага пачалі разглядаць у Менскім гарадзкім судзе 7 красавіка. Працэс, які вядзе судзьдзя Сьвятлана Чарапанава, працягнецца 8 красавіка а 14-й гадзіне.

Згодна з вэрсіяй сьледзтва, хірург «неаднаразова публічна выказваўся аб прынятым рашэньні парушыць дадзеную ім мэдычную клятву... і ўсяляк перашкаджаць аказаньню мэдычнай дапамогі супрацоўнікам міліцыі і чальцам іх сем’яў, заклікаў сваіх калегаў да падобных супрацьпраўных дзеяньняў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радзіць, як палепшыць харчаваньне вязьняў, чытае Оруэла. Што вядома пра хірурга Любецкага, які ўжо больш за 9 месяцаў за кратамі

Сьледзтва лічыць, што Любецкі, «не саромеючыся ў выказваньнях, публічна абражаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і супрацоўнікаў праваахоўных органаў», а часам дазваляў сабе «выказваньні з выкарыстаньнем ненарматыўнай лексыкі ў дачыненьні да іх».

У сьпісе абвінавачаньняў — і ўдзел у пратэставых акцыях у Менску.

«Разам зь іншымі асобамі ён доўга і ўпарта парушаў грамадзкі спакой і блякаваў шляхі транспартных камунікацый. Ва ўсіх выпадках з мэтай публічнага выказваньня незаконнымі спосабамі сваіх грамадзка-палітычных поглядаў і пратэсту, а таксама вядзеньня радыкальнай дзейнасьці абвінавачаны, дэманструючы пратэставую сымболіку, выкрыкваў розныя лёзунгі, блякаваў рух транспарту і ігнараваў законныя патрабаваньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў», — сьцьвярджаюць у СК.

Дзеяньні Андрэя Любецкага кваліфікаваныя па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • ч.1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, спалучаных зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту);
  • ч.1 арт. 130 (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці);
  • ст. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў);
  • ч.1,2 ст. 368 (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хірурга Андрэя Любецкага абвінавачваюць па чатырох «палітычных» артыкулах

Андрэй Любецкі — лекар, 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай лякарні № 4 у Менску сківічным хірургам. Быў валянтэрам каля ізалятара на Акрэсьціна. Мае чатырох дзяцей. Жонка Андрэя Натальля Любецкая была змушаная разам зь дзецьмі зьехаць з краіны. Яна фігуравала ў «расьсьледаваньні» беларускага дзяржаўнага тэлеканалу: яе абвінавацілі ў перадачы падстаўных «сакрэтных дакумэнтаў» экс-алмазаўцу Ігару Макару.

Андрэй Любецкі за кратамі з 4 траўня 2021 году. Раніцай таго дня ў ягоную кватэру прыйшлі зь ператрусам, пасьля яго затрымалі.