Сьцісла:
- У канфлікт з Захадам і Ўкраінай Лукашэнка ўключыўся з задавальненьнем і нават энтузіязмам.
- Лукашэнка лічыў, што ён і ягоны рэжым ад вайны толькі выйграе.
- Стаўка рабілася на тое, што Ўкраіна пасьля паразы ў вайне стане ідэалягічна роднаснай Беларусі і Расеі дзяржавай.
- Аднак з самага пачатку з гэтымі разьлікамі нешта пайшло ня так.
- Лукашэнка цяпер ліхаманкава шукае выйсьця зь цяжкой сытуацыі.
Ярлык на панаваньне
Апынуўшыся ў 2020 годзе ва ўмовах вострага палітычнага крызісу, кардынальнай страты грамадзкай падтрымкі ўнутры краіны, Лукашэнка, акрамя жорсткага здушэньня пратэсту, зрабіў стаўку на падтрымку вонкавую. У пэўным сэнсе ён атрымаў ярлык на панаваньне над Беларусьсю ад Пуціна.
А як вядома з гісторыі, такі ярлык заўсёды мае часовы характар і абстаўлены ўмовамі. Па вялікім рахунку, умоваў было чатыры: пачаць працэс транзыту ўлады; падпісаць 28 праграм эканамічнай інтэграцыі; рэзка павялічыць вайсковую прысутнасьць Расеі на тэрыторыі Беларусі; падключыцца да геапалітычнага канфлікту РФ з Захадам і Ўкраінай. Першыя тры ўмовы Лукашэнка пачаў выконваць зь неахвотай. Бо яны абмяжоўвалі свабоду рук, падрывалі сувэрэнітэт дзяржавы, а значыць, ягоную неабмежаваную ўладу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жырыноўскі і Беларусь: аматар МАЗаў і вораг незалежнасьціА вось у канфлікт з Захадам і Ўкраінай Лукашэнка ўключыўся з задавальненьнем і нават энтузіязмам. Бо такі курс адначасова гарантаваў падтрымку Масквы, дапамагаў мабілізацыі намэнклятуры, задавальняў прагу помсты суседзям, якія не прызналі яго прэзыдэнтам. І чым больш расло напружаньне ў адносінах паміж Расеяй і Захадам, а таксама Ўкраінай, тым у большым выйгрышы аказваўся Лукашэнка. Заходнія санкцыі пакуль яго ня моцна бянтэжылі. Затое Крэмль пагадзіўся не настойваць на транзыце ўлады ў Беларусі. Бо дзе яшчэ можна знайсьці такога саюзьніка, які бяжыць паперадзе паравоза (міграцыйны крызіс, агрэсіўная рыторыка Лукашэнкі на адрас ЗША і ЭЗ і інш.).
У рамках такога палітычнага курсу Лукашэнка і запрасіў Расею правесьці ў лютым яшчэ адны вайсковыя вучэньні. Ва ўсякім разе, вонкава ініцыятыва паходзіла ад беларускага боку. Маўляў, няхай яны на Захадзе пашалеюць.
Плянаваны выйгрыш ад вайны
Што справа ідзе да сапраўднай, паўнавартаснай вайны, Лукашэнка калі і ня ведаў дакладна, то, хутчэй за ўсё, адчуваў. Але лічыў, што ён і ягоны рэжым ад гэтага толькі выйграе.
Калі зважаць на рыторыку Лукашэнкі, то стаўка рабілася на хуткую пераможную вайну, развал украінскай дзяржавы. То бок паўтарэньне падзей 2014 году. Ён адводзіў на гэтую апэрацыю 3–4 дні (з інтэрвію Салаўёву). Бо, на яго думку, які зь Зяленскага прэзыдэнт, кіраўнік ваеннага часу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Беларускі гаюн” атрымлівае тысячу допісаў штодня». Антон Матолька пра інфармацыйную вайну беларусаў супраць расейскай армііЛукашэнка плянаваў атрымаць ад гэтай вайны, дакладней — ад хуткай перамогі, значныя эканамічныя і палітычныя дывідэнды.
Найперш, Масква павінна была аддзячыць самаму надзейнаму саюзьніку па законах ваеннага часу. То бок вельмі шчодра.
Затым новы марыянэтачны рэжым ва Ўкраіне, пастаўлены Пуціным, адкрые перад Беларусьсю ўкраінскія парты для экспарту калію і нафтапрадуктаў, бо балтыйскія парты аказаліся заблякаванымі.
І, можа, самае важнае: стаўка рабілася на тое, што Ўкраіна пасьля паразы ў вайне стане ідэалягічна роднаснай Беларусі і Расеі дзяржавай. Яшчэ больш, чым за месяц да таго, як Пуцін абвясьціў пра пляны «дэнацыфікацыі» Ўкраіны, Лукашэнка казаў нешта падобнае, толькі іншымі словамі. 7 студзеня 2022 году падчас наведваньня ў Каляды храма ў Менску ён заявіў: «Нам трэба зрабіць усё, каб вярнуць Украіну ва ўлоньне нашай сапраўднай веры... Там народ абяздолены да крайнасьці. Так доўга працягвацца ня можа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасьць патрабаваць вываду расейскіх войскаў зь Беларусі28 студзеня, выступаючы з пасланьнем, Лукашэнка паўтарыў гэтую думку: «Як бы камусьці ні хацелася, мы вернем нашу Ўкраіну ва ўлоньне нашага славянства. Мы гэта абавязкова зробім».
У перакладзе на больш зразумелую мову дэнацыфікацыя, вяртаньне да сапраўднай веры, «ва ўлоньне нашага славянства» азначае адмову Ўкраіны ад сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці, распаўсюд на яе ідэалёгіі «русского мира», геапалітычную пераарыентацыю з Захаду на Расею. То бок плянавалася ператварыць Украіну ў Беларусь 2.0. А тое, што рэалізаваць гэтую мэсіянскую ідэю плянавалася з дапамогай вайны, грубай сілы, нікога не бянтэжыла. Хіба ня тое самае робяць Лукашэнка і Пуцін ва ўнутранай палітыцы сваіх краін?
І яшчэ адзін чыньнік павінен быў працаваць на ажыцьцяўленьне згаданага вар’яцкага праекту. Гэта кансалідацыя большасьці постсавецкіх дзяржаў вакол Расеі. Апошнімі месяцамі адбыліся дзьве падзеі, якія надалі АДКБ новае дыханьне. Па-першае, перамога талібаў у Афганістане стварыла пагрозу дэстабілізацыі рэжымаў краін Цэнтральнай Азіі, і яны маглі спадзявацца толькі на дапамогу РФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як аргумэнтавана пераконваць замбаваных прапагандай сваякоў і знаёмых. Тлумачым на прыкладахДругая падзея — гэта забурэньні ў Казахстане, увядзеньне войскаў краін АДКБ дзеля падтрымкі рэжыму Такаева. Меркавалася, што пасьля гэтага казахстанскае кіраўніцтва стане значна больш прарасейскім. Дарэчы, і ў першым, і ў другім выпадку Менск і Масква імкнуліся выкарыстаць гэтыя сытуацыі дзеля падштурхоўваньня АДКБ у антызаходнім кірунку.
І, здавалася, Захаду баяцца ня варта, бо там усе палітыкі, як вобразна казаў Лукашэнка, пазбаўлены мужчынскай годнасьці і вартасьці. Меркавалася, што рэакцыя заходніх краін будзе прыкладна такая, як пасьля Крыму ў 2014 годзе.
Разьлікі праваліліся
Аднак з самага пачатку нешта пайшло ня так. Дрэнныя навіны пачаліся з таго, што расейскія войскі, якія прыехалі на вучэньні ў Беларусь, тут і засталіся, насуперак жаданьню афіцыйнага Менску.
Што для беларускіх уладаў гэта была неспадзяванка, сьведчыць некалькі фактаў. Яшчэ ў студзені Лукашэнка ўпэўнена казаў, што, маўляў, ня трэба хвалявацца, расейскія войскі пасьля вучэньняў пакінуць краіну. 16 лютага, за тыдзень да вайны, кіраўнік беларускага МЗС Уладзімер Макей адмыслова сабраў прэс-канфэрэнцыю, каб урачыста абвясьціць, што пасьля вайсковых вучэньняў у Беларусі не застанецца ніводнага расейскага вайскоўца і ніводнай адзінкі расейскай баявой тэхнікі.
Аднак хутка высьветлілася, што расейскія войскі ня толькі засталіся тут, але і выкарысталі беларускую тэрыторыю для нападу на Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Беларусь і Расею не падтрымліваюць нават найбліжэйшыя саюзьнікі? Меркаваньне Юрыя ДракахрустаДругой і галоўнай нечаканасьцю стала тое, што Ўкраіна ня толькі не развалілася, як меркавалі кіраўнікі Беларусі і Расеі, а вельмі пасьпяхова і эфэктыўна супраціўляецца. Таксама выявілася, што баяздольнасьць расейскага войска значна перабольшаная. Тыя «мульцікі» пра ўзбраеньне РФ, што любіў паказваць Пуцін падчас выступаў, маюць да рэальнасьці вельмі далёкае дачыненьне. Вайна ператвараецца ў зацяжную, кровапралітную, на змор. І цяпер ужо не ідзецца пра тое, як пажынаць ляўры перамогі, а паўстае пытаньне, як выйсьці з гэтай авантуры, захаваўшы палітычны твар.
Нечаканасьцю стала поўная, я б сказаў, татальная міжнародная ізаляцыя агрэсара. Пры галасаваньні ў ААН Расею і Беларусь падтрымалі толькі тры краіны: Паўночная Карэя, Сырыя і Эрытрэя. Краіны АДКБ схаваліся ў кусты. Што выклікала папрокі на адрас Казахстану з боку афіцыйных асобаў Расеі і Беларусі (Макея). Маўляў, якая няўдзячнасьць!
Насуперак ранейшым меркаваньням, Захад прадэманстраваў сваю моц, згуртаванасьць і сілу. Прычым адказаў асымэтрычна, скарыстаўшы тую зброю, якая ў ягоных руках аказалася найбольш эфэктыўнай — эканамічныя санкцыі. У выніку чаго Беларусь і Расея выкідаюцца з глябальнай эканомікі, пераходзяць у рэжым аўтаркіі.
Спробы саскочыць
Такім чынам, ранейшая стратэгія выжываньня рэжыму Лукашэнкі ў саюзе з краінай-агрэсарам развальвацца на вачах. І Лукашэнка гэта пачынае разумець. Лёгка заўважыць пэўную разгубленасьць афіцыйнага Менску. У апошнім публічным выступе Ўладзімера Макея можна ўбачыць ноткі асуджанасьці і безнадзейнасьці. Зьвярніце ўвагу, беларускія ўлады дасюль не прызнаюцца, што зь Беларусі ажыцьцяўляецца атака на Ўкраіну. Хоць, здавалася, гэтым варта было б ганарыцца, на ўсіх скрыжаваньнях трубіць, што мы ж таксама датычныя да гэтай выдатнай перамогі. Але перамогі няма, таму даводзіцца азірацца па баках, каб неяк саскочыць, выкруціцца. Напрыклад, пераапрануцца ў міратворца.
А на парадку дня эканамічныя катаклізмы, як вынік удзелу ў вайне, выйсьце зь якіх не праглядаецца на гарызонце. Таму Лукашэнка ўжо вымушаны казаць: маўляў, ня трэба нам гэтыя сучасныя тэхналёгіі, бо яны разбураюць нашу высокую духоўнасьць.
То бок патрэбна новая стратэгія выжываньня. І, мяркуючы па ўсім, Лукашэнка яе цяпер ліхаманкава шукае.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.