На ліквідацыю спатрэбіцца 4 месяцы. Што адбываецца ў менскім офісе Wargaming, якая абвясьціла аб сыходзе зь Беларусі

Лягатып кампаніі Wargaming

Кампанія-распрацоўніца гульняў Wargaming спыняе дзейнасьць у Расеі і Беларусі, і ў выніку закрывае студыю ў Менску.

Супрацоўнік менскага офісу расказаў dev.by, што цяпер адбываецца на ягонай працы.

«Асноўныя варыянты два: звальненьне або рэлякацыя, калі ты „каштоўны“ супрацоўнік»

Як высьветлілася, супрацоўнікі даведаліся аб рашэньні кампаніі толькі 4 красавіка («Да гэтага была гаворка, што менскі офіс закрываць ня будуць»). Ім прыйшоў ліст з подпісам Віктара Кіслага — ідэнтычны таму, які быў разьмешчаны на сайце кампаніі.

«Кажуць, на ліквідацыю пойдзе чатыры месяцы, — падзяліўся інфармацыяй з выданьнем адзін з супрацоўнікаў менскага офісу. — Па факце асноўныя варыянты два: звальненьне або рэлякацыя. Рэлякацыя — пры ўмове, што ты „каштоўны“ супрацоўнік. Праўда, незразумела, паводле якіх крытэраў будуць ацэньваць. Варыянты рэлякацыі будуць прапаноўваць індывідуальна. Звальняць будуць па факце закрыцьця офісу. Кампэнсацыі абяцаюць, але ўмовы пакуль невядомыя. Тымліды зараз у тэрміновым парадку стэлефаноўваюцца з сваімі камандамі, але і ў іх пакуль няма ўсёй інфармацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Wargaming, распрацоўнік гульняў World of Tanks, пакідае Расею і Беларусь

Аб рэакцыі каманды

«Тая частка каманды, якая зарэгістраваная ў менскім офісе, проста ў трансе, бо гэтага ніхто не чакаў».

«Думаю, што будзе вялікі працэнт звальненьняў, мінімум 50%. Хутчэй за ўсё, будуць пераводзіць у Літву, Польшчу, Чэхію. Гатоўнасьць да рэлякацыі — вялікае пытаньне. У Беларусі заставаліся тыя, у каго няма вялікіх магчымасьцяў зьехаць і жыць спакойна нават на айцішны заробак, а таксама тыя, у каго тут моцныя сувязі зь сям’ёй. Але цяпер большасьць, пэўна, перагледзіць рашэньне і ўсё ж выедзе, калі прапануюць.

Наагул пры рэлякацыі дапамагалі з аплатай візаў, пералётаў і пражываньня за першы месяц на новым месцы + бонус на выдаткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Добры выбар для хуткага пераезду, ня трэба візы і проста дабрацца». Чаму беларускія айцішнікі выбіраюць Узбэкістан

Асабіста я не разумею, што далей. Мае калегі таксама. Рэлякацыя — гэта варыянт, але пытаньне пра ўмовы і месца. Хутчэй за ўсё, нам прапануюць тыя ж умовы па заробку, але падатковае заканадаўства ў іншай краіне можа зразаць чысты даход. Ды я і ня ведаю, ці прапануюць мне наагул. Гэта значыць, шукаць зараз альтэрнатывы ці не — пытаньне адкрытае».

Кампанію Wargaming, распрацоўніцу гульняў World of Tanks, заснавалі ў Менску, а цяпер яна афіцыйна зарэгістраваная на Кіпры. У менскім офісе кампаніі працуюць некалькі тысяч чалавек.

Аб рашэньні спыніць дзейнасьць у Расеі і Беларусі кампанія афіцыйна паведаміла 4 красавіка.

З 31 сакавіка кампанія перадала гульнявы бізнэс у Расеі і Беларусі пад кіраваньне Lesta Studio, якая больш не зьвязаная з Wargaming. На працягу пераходнага пэрыяду дзейныя прадукты застануцца даступнымі ў Расеі і Беларусі і будуць кіравацца новым уладальнікам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль траціна беларускіх IT-спэцыялістаў пакінула краіну, — вынікі апытаньня