Канада пашырыла санкцыйныя сьпісы з прычыны вайны ва Ўкраіне і ўключыла ў іх яшчэ па дзевяць грамадзянаў з Расеі і Беларусі. Гэта бізнэсоўцы і прадстаўнікі міністэрстваў абароны.
З боку Беларусі ў санкцыйны сьпіс Канады трапілі намесьнікі міністра абароны Андрэй Жук, Андрэй Бурдыка і Сяргей Сіманенка.
А таксама набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцы:
- Аляксандар Шакуцін, уладальнік «Амкадор».
- Уладзімер Пефціеў, ранейшы ўладальнік «Белтэхэкспарт», «Спорт пари», «Деловая сеть», «Аквадив» і іншых кампаній, якія зьмянілі ўласьніка, пасьля таго як Пефціеў у 2011 годзе трапіў пад санкцыі ЭЗ.
- Анатоль Тарнаўскі, «Юнівэст-М» (нафта і будаўніцтва) і іншыя кампаніі, таксама быў пад санкцыямі ЭЗ дзесяць гадоў таму і зьмяніў структуру бізнэсу для іх абыходу.
- Павел Тапузідзіс, уладальнік СП ТАА «Тытунь-Інвэст» (гіпэрмаркеты «Карона» і тытунёвы бізнэс).
- Яўген Баскін, уладальнік групы кампаній «Сэрвалюкс».
- Валянцін Байко, уладальнік «Контэ СПА», сябра Нацыянальнага сходу.
Пад санкцыі з боку Расеі трапілі:
- кіраўнік «Норникеля» Уладзімір Патанін;
- кіраўнік «Новатэк» Леанід Міхельсон;
- уладальнік групы «Ренова» Віктар Вексельберг;
- акцыянэр «Сибура» Кірыл Шамалаў;
- былы кіраўнік савету дырэктараў ТМК Дзьмітрый Пумпянскі і ягоная жонка Галіна Пумпянская;
- уладальнік «Русагро» Вадзім Машковіч;
- кіраўнік «Марафон Групп» Аляксандр Вінакураў;
- начальнік Галоўнага ўпраўленьня Генштабу УС РФ Ігар Касьцюкоў.
Уключэньне іх у санкцыйны сьпіс Канады азначае, што іх магчымыя актывы ў Канадзе будуць замарожаныя і ім будзе забаронены ўезд у краіну. Таксама прадстаўнікам Канады забараняецца аказваць ім любое садзейнічаньне, гандляваць зь імі шырокім шэрагам тавараў, перадаваць і прадаваць тэхналёгіі і тэхніку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забарона грузаперавозак з ЭЗ: Колькі беларусаў пацярпіць і што страціць Беларусь