Раніцай 6 красавіка ў браму пасольства Расеі ў Бухарэсьце ўрэзаўся легкавы аўтамабіль і загарэўся. Кіроўца загінуў, паведаміла мясцовая паліцыя і пацьвердзіла пракуратура.
Сьледчыя высьвятляюць абставіны здарэньня.
Паводле інфармацыі тэлеканала Digi24 са спасылкай на крыніцы, кіроўца дзейнічаў наўмысна. Ён на вялікай хуткасьці пераадолеў агароджы, устаноўленыя ля пасольства пасьля пратэстаў супраць расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, і ўрэзаўся ў браму. Ахоўнік пасольства запатрабаваў, каб кіроўца неадкладна зьехаў. Той нешта крыкнуў у адказ і, як сьцьвярджаецца, падпаліў сябе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры краіны ЭЗ выдвараюць вялікую групу расейскіх дыпляматаўВядомае імя кіроўцы — гэта Багдан Драгічы, прэзыдэнт асацыяцыі TATA, вядомы тым, што былая жонка абвінаваціла яго ў зьдзеках з дачкі, паведамляюць крыніцы Digi24.
У 2019 годзе па гэтым абвінавачаньні яго прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. Учора, 5 красавіка, яго асудзілі ў першай інстанцыі да 15 гадоў і чатырох месяцаў пазбаўленьня волі за гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні дачкі. Яго не зьмяшчалі пад варту да пачатку адліку пакараньня, але таксама забаранілі выезд з краіны да 26 траўня 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Ўкраіны адпрэчылі датычнасьць да пажару на нафтабазе ў расейскім Белгарадзе