Эўракамісія прапануе краінам ЭЗ значна пашырыць санкцыі ў дачыненьні да Расеі, абвясьціла старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.
- Санкцыі будуць уключаць забарону на імпарт вугалю з Расеі. Агульная сума таваразвароту, які закранаецца, складзе каля 4 млрд эўра.
- Таксама будзе прапанавана забараніць экспарт у Расею паўправаднікоў, кампутараў, шэрагу відаў тэхнікі і транспартнага абсталяваньня.
- Яшчэ адной мерай стане транспартнае эмбарга. Яно прадугледжвае забарону для расейскіх судоў заходзіць у парты ЭЗ. Таксама прапануецца забарона на дзеяньне расесйкіх і беларускіх транспартных кампаніяў.
- Прапануецца забараніць імпарт з Расеі цэмэнту, драўніны і прадуктаў дрэваапрацоўкі, морапрадуктаў і спіртовыых напояў. Частка гэтых санкцый ужо ўведзеныя ў дачыненьні да Беларусі;
- Прадугледжваецца забарона на ўдзел расейскіх кампаній у дзяржаўных закупках у Эўразьвязе, а таксама выключэньне любой фінансавай падтрымкі.
- Пакет прапануе забарону на апэрацыі з банкам ВТБ і яшчэ трыма фінансавымі ўстановамі, ужо адключанымі ад SWIFT.
Пералік асобаў пад пэрсанальнымі санкцыямі прапануюць папоўніць некалькімі дзясяткамі чалавек.
Прапановы Эўракамісіі, якія выносяцца на суд краін-удзельніц, далёка не заўсёды зацьвярджаюцца ў поўным аб’ёме. Гэтыя санкцыі прапанавана ўвесьці пасьля таго, як стала вядома пра ваенныя злачынствы ў Бучы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікі Эўразьвязу Ляен і Мішэль — пра масакру ў Бучы