Эўразьвяз асудзіў масавыя забойствы ў Бучы і ўсклаў адказнасьць за іх на расейскія ўлады

Эўрапейскія і ўкраінскія сьцягі перад штаб-кватэрай Эўразьвязу ў Страсбуры, 7 сакавіка 2022

Эўрапейскі зьвяз «самым рашучым чынам асуджае зьверствы, якія, як паведамляецца, учынілі расейскія ўзброеныя сілы ў шэрагу ўкраінскіх гарадоў».

Пра гэта гаворыцца ў заяве Эўрапейскай рады, апублікаванай 4 красавіка.

«Сьведчаньні вялікай колькасьці загінулых і параненых сярод цывільнага насельніцтва, а таксама разбурэньні цывільнай інфраструктуры паказваюць сапраўднае аблічча жорсткай агрэсіўнай вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны і яе народу. Масавыя забойствы ў горадзе Буча і іншых гарадах Украіны будуць унесеныя ў сьпіс зьверстваў, учыненых на эўрапейскай зямлі», — гаворыцца ў заяве.

ЭЗ падкрэсьліў, што расейскія ўлады нясуць адказнасьць за гэтыя забойствы, бо яны былі ўчыненыя ў той час, калі расейскія сілы кантралявалі гэтыя раёны, і на іх распаўсюджваюцца палажэньні міжнароднага права аб акупацыі.

Вінаватыя ў ваенных і іншых злачынствах, а таксама ўрадавыя чыноўнікі і военачальнікі, гаворыцца ў заяве, «будуць прыцягнутыя да адказнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія салдаты, якіх вінавацяць у злачынствах у Бучы, трапілі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі

Эўразьвяз таксама заяўляе аб падтрымцы расьсьледаваньня ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці, якое вядзе пракурор Міжнароднага крымінальнага суду (МУС), а таксама Камісія расьсьледаваньня Офісу Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека. ЭЗ садзейнічае Генпракуратуры Ўкраіны «ў зборы і захаваньні доказаў ваенных злачынстваў».

«Мы цалкам салідарныя з Украінай і ўкраінскім народам у гэтыя змрочныя для ўсяго сьвету гадзіны. ЭЗ працягне цьвёрда падтрымліваць Украіну і ў тэрміновым парадку паскорыць працу над далейшымі санкцыямі ў дачыненьні да Расеі. Прэзыдэнт Пуцін павінен неадкладна і безумоўна спыніць гэтую вайну», — заяўляе ЭЗ.

Тым часам кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін даручыў праверыць дзеяньні Міністэрства абароны Ўкраіны паводле артыкулу аб «фэйках» пра расейскае войска з нагоды паведамленьняў аб масавых забойствах у Бучы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны сыстэмна забівалі цывільных». Жыхары Бучы расказваюць, як расейскія войскі расстрэльвалі мірных грамадзян. ВІДЭА

Паводле вэрсіі Мінабароны РФ, усе матэрыялы з Бучы «не адпавядаюць сапраўднасьці і маюць правакацыйны характар». Паводле прэс-рэлізу СК, украінскае ведамства распаўсюдзіла гэтыя відэа «ў мэтах дыскрэдытацыі расейскіх вайскоўцаў».

«Бастрыкін даручыў сьледчым прыняць вычарпальныя меры да выкрыцьця ўсіх асоб, якія маюць да гэтага дачыненьне, і даць працэсуальную ацэнку іх дзеяньням па прыкметах злачынства, прадугледжанага арт. 207.3 КК», — дадалі ў прэс-службе ведамства.

Раніцай 3 красавіка журналісты і ўкраінскія ўлады паведамілі аб дзясятках загіблых людзей на вуліцах гораду Буча на паўночны захад ад Кіева. Фатаздымкі мёртвых у цывільным адзеньні, часам са зьвязанымі рукамі, апублікавалі Reuters, УНІАН, AFP. Украінскія войскі занялі горад на днях, пасьля адыходу расейскага войска.

Вуліцы Бучы заваленыя целамі мірных жыхароў пасьля расейскай акупацыі — фотасьведчаньне

Міністэрства абароны Расеі назвала фота- і відэаматэрыялы з забітымі мірнымі жыхарамі ў Бучы пад Кіевам «чарговай правакацыяй» і «пастаноўкай кіеўскага рэжыму для заходніх СМІ».

Кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітро Кулеба заклікаў Міжнародны крымінальны суд накіраваць місію ў Бучу.

«Заклікаю Міжнародны крымінальны суд і міжнародныя арганізацыі накіраваць іх місіі ў Бучу і іншыя вызваленыя гарады і вёскі Кіеўшчыны, каб ва ўзаемадзеяньні з украінскімі праваахоўнікамі як мага больш старанна сабраць усе доказы ваенных злачынстваў расейцаў», — падкрэсьліў ён.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.