Суд над Русланам Акосткам адбыўся ў будынку «Віцьбы», піша праваабарончы цэнтар «Вясна». Аб працэсе ня ведалі нават сваякі палітвязьня — тры месяцы ад яго наагул не было вестак.
У выніку, судзьдзя Віцебскага раённага суду Міхаіл Зубеня абвінаваціў палітвязьня паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы) і асудзіў яго на год калёніі.
31-гадовы Руслан Акостка нарадзіўся ў вёсцы Заўшыцы Салігорскага раёну, да затрыманьня працаваў на ахоўнікам у супэрмаркеце Green.
Мужчына стаў вядомым пасьля таго, як 15 лістапада здолеў прайсьці амаль праз увесь горад зь бел-чырвона-белым сьцягам. Такім чынам ён ушанаваў памяць забітага Рамана Бандарэнкі. У выніку Руслана затрымалі міліцыянты, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Салігорскага дэсантніка з нацыянальным сьцягам пакаралі 3 гадамі зьняволеньня16 лістапада 2020 году суд Салігорскага раёну пастанавіў пакараць яго за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Аднак на волю Руслан так і ня выйшаў. У дачыненьні да былога дэсантніка распачалі крымінальную справу за «супраціў супрацоўніку міліцыі, які ахоўвае грамадзкі парадак» (арт. 363 КК).
Паводле праваабаронцаў, суд над Русланам праходзіў фактычна ў закрытым рэжыме. Абвінавачваны віны ў супраціве супрацоўніку міліцыі з ужываньнем гвалту не прызнаў.
У выніку судзьдзя Алеся Серадзенка прасудзіла 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Абвінавачаны таксама абавязаны быў выплаціць матэрыяльную кампэнсацыю ў памеры 2000 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеную Вольгу Класкоўскую асудзілі яшчэ раз — на 2,5 года калёніі