Патрыярх Кірыл адслужыў літургію ў галоўным храме расейскай арміі і заявіў, што вайскоўцы «павінны быць верныя прысязе»

Галоўны храм узброеных сілаў Расеі (Патрыяршы сабор Уваскрасеньня Хрыстова)

Кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы патрыярх Кірыл сёньня адслужыў літургію ў галоўным храме расейскай арміі

У сваёй пропаведзі ён заявіў, што праваслаўныя павінныя «спыніць праліцьцё крыві», але вайскоўцы «павінныя быць верныя прысязе». Тэкст пропаведзі выкладзены на сайце патрыярхіі.

Пропаведзь Кірыла прагучала на фоне вайны ва Ўкраіне і росту крытыкі пазыцыі патрыярха ў гэтым пытаньні з боку сьвятароў РПЦ і Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, якая ўваходзіць у РПЦ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вярхоўную Раду ўнесьлі законапраект аб забароне дзейнасьці Маскоўскага патрыярхату на тэрыторыі Ўкраіны

Частка ўкраінскага сьвятарства патрабуе аддзяленьня ад Расейскай Праваслаўнай Царквы ці прынамсі перастала згадваць Кірыла падчас богаслужбаў.

Патрыярх у нядзелю не гаварыў пра вайну, але заявіў, што ў ваенны час служба ў арміі — «гэта сапраўдны подзьвіг» і заявіў, што асаблівая малітва ў РПЦ — аб узброеных сілах, «зь якімі зьвязваецца надзея на бясьпеку, на волю, на сапраўдную незалежнасьць нашай краіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак пра Пуціна: «Самаўладца» распальвае канфлікты дзеля нацыяналістычных інтарэсаў

Паводле слоў патрыярха, з часоў сярэднявечча, розныя сілы «жадаючы аслабіць Русь, кідалі братоў адзін на аднаго» і такую ж сытуацыю ён бачыць сёньня.

«Яшчэ і яшчэ раз хачу сказаць: мы міралюбівая краіна і вельмі міралюбівы, шматпакутны народ», — заявіў патрыярх на наступны дзень пасьля таго як расейскае войска западозрылі ў масавым забойстве цывільнага насельніцтва ў Бучы — прыгарадзе Кіева.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрыярх Кірыл не асудзіў вайны ва Ўкраіне і заявіў, што яна ідзе таму, што ў Данбасе ня хочуць гей-парадаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэакцыя сьвету на масавыя забойствы ў Бучы: Кулеба лічыць Расею горшай за ісламістаў, Ціханоўская заклікае зьбіраць доказы злачынстваў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.