Расея і Беларусь скасавалі плату за ўзаемныя ўваходныя званкі ў роўмінгу

Званок на смартфоне, ілюстрацыйнае фота, 7 чэрвеня 2021 году

Цяпер беларускія абанэнты змогуць бясплатна прымаць уваходныя званкі, знаходзячыся ў Расеі, а расейскія абанэнты — у Беларусі.

Намесьнік кіраўніка Міністэрства лічбавага разьвіцьця Расеі Дзьмітрый Кім удакладніў, што Расея і Беларусь працягваюць сумесную працу, каб у найбліжэйшай будучыні скасаваць усе роўмінгавыя нацэнкі. Ягоныя словы цытуе ТАСС.

«Тады кошт уваходных і выходных званкоў пры перамяшчэньні паміж краінамі для грамадзян будзе роўны кошту званкоў унутры сваёй краіны», — падкрэсьліў Кім.

Праца па адмене роўмінгу ў Расеі і Беларусі доўжылася некалькі гадоў. Заявы аб гэтым гучалі прынамсі з 2013 году.

Рознагалосьсі паміж бакамі ўзьнікалі празь міжапэратарскія роўмінгавыя тарыфы і стаўкі інтэрканэкту (сума, якую апэратар плаціць другому за хвіліну размовы абанэнта па-за сваёй сеткай; у Беларусі яна складае 30 цэнтаў за хвіліну, у Расеі стаўка ўдвая ніжэйшая). На даручэньне прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі адмену роўмінгу меркавалася зацьвердзіць у верасьні 2019 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША пашыраць санкцыі супраць Беларусі і Расеі