Ігар Казьмярчак — адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар рэгіянальнага мэдыя Orsha.eu, які летась увосень зьехаў пад ціскам рэпрэсіяў ва ўкраінскі Чарнігаў, плянаваў разьвіваць беларускую супольнасьць у гэтым горадзе падчас вымушанай эміграцыі. Але пляны парушыла вайна. Казьмярчак месяц пражыў пад бамбаваньнямі ў Чарнігаве і толькі днямі здолеў выехаць у Львоў, піша БАЖ.
Эвакуацыя: звычайна ад Чарнігава да Львова ехалі тры дні
Эвакуацыя мне больш за ўсё, асабліва ў першыя гадзіны, нагадала фільм «Імгла» — туман накрывае горад, у канцы фільма людзі выходзяць з гандлёвага цэнтру і бачаць, што адбылося з горадам, увесь час адчуваюць небясьпеку, бо на іх могуць напасьці монстры. Дакладна так выглядала наша эвакуацыя. Мы ехалі праз разбомбленыя вуліцы, разумелі, што ў кожны момант можа накрыць мінамётны агонь, бачылі расстраляныя машыны — пару вайсковых, але большасьць цывільныя. Наступствы вайны шмат дзе відавочныя: праяжджалі палі, на іх тырчалі неразарваныя ракеты, як кукурузіны непрыбраныя. Бачыў лягеры для ўцекачоў, дзьве ночы там правёў.
Звычайна дарога ад Чарнігава да Львова заняла б восем гадзін, а мы ехалі трое содняў. Уражвае гэта ўсё. Чым далей ад Чарнігава, тым менш сьлядоў вайны. Здаецца, у Віньніцкай вобласьці ўбачыў трактар, за якім ішоў чорны шлейф, думаў, нешта гарыць. Але гэта быў падняты пыл ад сухой зямлі. У мяне дагэтуль парушаныя асацыяцыі — што норма, а што ня норма. Напэўна, так і выглядаюць ваенныя сындромы.
У Чарнігаве засталося шмат эмоцый — я любіў гэты горад і да вайны. Недзе праз год пасьля «аранжавай рэвалюцыі» першы раз трапіў у Чарнігаў, з таго часу бываў там штогод, так лёс складаўся. Таму быў рады, калі пасяліўся ў гэтым горадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым важны Чарнігаў са стратэгічнага пункту гледжаньня. Расказвае ваенны экспэртНекалькі дзён я прасядзеў без электрычнасьці — не чытаў навін
Моцна пацярпелі ўскраіны Чарнігава — дзе даставала расейская артылерыя, ускраіны бамбілі моцна. Кепска ўсё стала з мэдыцынай. Я ня ведаю, па шчырасьці, колькі лякарняў было ў Чарнігаве, але ёсьць адчуваньне, што іх усе бамбілі, ці побач праляталі снарады і павыбівала вокны. Пацярпелі помнікі архітэктуры. На шчасьце, ня самыя важныя, але гэта ўсё адно непрыемна.
Разбураная інфраструктура. Пакуль я быў там, то не зусім усьведамляў, наколькі ненармальна ў ХХІ стагодзьдзі хадзіць з зарадкай, спадзеючыся, што дзесьці атрымаецца падзарадзіць тэлефон. Некалькі дзён я прасядзеў без электрычнасьці — не чытаў навін, не было ніякай інфармацыі. Я не асэнсоўваў, што набіраць ваду з ракі, якая да таго ж крыху сьмярдзіць, для мыцьця і туалета таксама ня норма, так не павінна быць. Людзі не павінны гатаваць ежу на вогнішчы ў двары.
Першыя дні арганізм не разумее, як паводзіцца пад бамбаваньнямі. У мяне ён «прасіў» спаць, зьмяншаецца апэтыт. А потым разумееш, што ў крамах цяжкавата знайсьці нешта. Самае складанае — мыцца, калі няма вады, цяпла. Празь некалькі тыдняў я навучыўся ваду з ракі выстаўляць у вядры на бальконе на сонца, каб яна прагравалася і можна было хоць крыху галаву памыць. Калі пад Кіевам на аўтазапраўцы змог памыць пад кранам рукі цёплай вадой, гэта было адчуваньне поўнага шчасьця. А потым яшчэ і цёплая ежа...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як жыве ў аблозе расейскіх войскаў Чарнігаў, дзе разбурылі галоўны мост па трасе на КіеўНе параіў бы нікому гэта перажываць. Да артылерыйскіх атак прывыкаеш, я хоць ні дня не служыў у войску, але ўжо ведаю па гуку, дзе артылерыя працуе «на выхад», а дзе «на ўваход». Самае страшнае — авіяцыйнае бамбаваньне. Калі ляціць самалёт, ад яго характэрны шум. Але разумееш, калі і чуеш яго, што ў гэты момант ён ужо ў іншым месцы. Авіябомбы страшныя па сваёй разбуральнасьці. Я назіраў, як падалі авіябомбы: гэта было далекавата, але такі «грыб» вогненны вырастаў, што на плошчы ў 100-200 мэтраў, відаць, нічога жывога і не заставалася.
Шмат адбываецца ўнутры цябе падчас авіяўдару: жаданьне бегчы ад авіябомбаў, пры тым ты ня ведаеш, куды бегчы. Проста інстынкты, натуральныя рэакцыі арганізму схавацца. І гэта ня паніка.
На вайне таксама шмат побытавых раздражненьняў: напрыклад, няма сьвятла, і ты ня можаш напісаць родным, што жывы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як са спадарожніка выглядаюць Чарнігаў, Марыюпаль і Кіеў пасьля расейскіх бамбаваньняў. ФОТАПра прапаганду і вяртаньне ў Беларусь
Уначы можна было пачуць паветраную трывогу на чарнігаўскіх каналах. Давяраюць — хто каму і чаму хоча. У чарзе па ваду можна наслухацца рознай ахінеі і плётак. Але, не зважаючы на адсутнасьць тэлевізіі, людзі вераць ва Ўкраіну. Прапаганда Расеі ніяк не паўплывала на іх сьветапогляд. Іх самасьвядомасьць не пачалася ў 2020 годзе, як у многіх беларусаў. Украінцы прайшлі доўгі шлях да асэнсаваньня сябе.
Што тычыцца сайту Orsha.eu, дык мы не адны заблякаваныя. Наведвальнасьць упала моцна, але ў нас былі разьвітыя сацсеткі, і мы зрабілі на іх акцэнт пасьля блякаваньня. Раней гэта быў самы папулярны сайт пра Воршу, а хутка будзем самым папулярным аршанскім рэсурсам у сацыяльных сетках: у нас высокае месца ў Instagram, някепскія пазыцыі ў «ВКонтакте», хутка раскручваецца YouTube, бо я вёў відэадзёньнік падчас вайны, таксама зьяўляюцца відэа зь нейкіх здарэньняў у Воршы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Антыфэйк: Лукашэнка не прыгадаў, каб у Беларусі цяпер журналісты сядзелі ў турме. Насамрэч за кратамі іх 26Я ня бачу катастрофы. У нас цяпер шмат «агентуры», якая дае інфармацыю з гораду, але, мяркую, што калі зьявіцца магчымасьць зноў працаваць у Беларусі, то мы ня толькі вернем свае пазыцыі, але і ўзмоцнім іх. Гэта добры досьвед у экстрэмальных умовах. І я хачу падзякаваць усёй рэдакцыі, якая працавала, пакуль быў без сувязі.
Гэтая вайна насамрэч моцна паскорыла ўсе гістарычныя працэсы, якія і так відавочныя. Я прадказваю — і разумею адказнасьць за такія аптымістычныя прагнозы — да канца году ня будзе ні Пуціна, ні Лукашэнкі. Мы вернемся ў Беларусь і зможам нармальна працаваць у легальным полі.
Я паглядзеў, як працуюць СМІ ва Ўкраіне, ведаю, якія мэдыя ў Польшчы, Літве. Беларускія дзяржаўныя раёнкі — гэта поўны «калгас». Перабіць іх аўдыторыю будзе вельмі проста. Таму я чакаю, калі сытуацыя зьменіцца і мы зможам нармальна працаваць і атрымліваць з гэтага добры вынік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік сайту Orsha.eu атрымаў тлумачэньні пракуратуры, за што заблякавалі рэсурсВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.