КДБ Беларусі днямі абвінаваціў зьняволенага журналіста Дзяніса Івашына у працы на спэцслужбы Ўкраіны. Ён трапіў у поле зроку КДБ у 2017 годзе дзякуючы «дэструктыўнаму характару» дзейнасьці ў інтэрнэце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ заявіў, што «ліквідаваў рэзыдэнтуру» Ўкраіны, і абвінаваціў журналіста Івашына ў шпіянажыНа гэтае абвінавачаньне адрэагавала жонка Дзяніса Івашына Вольга:
«Дзяніса абвінавачваюць у зборы нейкай сакрэтнай інфармацыі, ледзь не дзяржаўнай таямніцы, да якой ён ніколі ня меў і не мог мець доступу. Ён проста вывучаў інфармацыю з адкрытых крыніц, што лёгка праверыць, прачытаўшы яго артыкулы, у якіх ёсьць усе спасылкі на гэтыя крыніцы», — распавяла DW жонка Вольга Івашына.
Публічныя абвінавачаньні ў шпіянажы, «зь піярам на ўсю краіну», з пракручваньнем ролікаў у дзяржаўнай тэлевізіі, як сказала Вольга, крыху зьдзівілі, бо з самага пачатку сьледчае ўпраўленьне УКДБ Горадзенскай вобласьці спрабавала схаваць нават інфармацыю аб выстаўленых Дзянісу абвінавачаньнях.
«Мы амаль два месяцы спрабавалі дабіцца ад сьледчых хаця б назваў артыкулаў. Перапіска з мужам заблякаваная, аб перадачы справы ў суд і азнаямленьні з яго матэрыяламі гаворкі няма. І тут цуд: уласнаручна яны расьпісваюць усе свае выдумкі. Гэта зьвязана з тым, што Дзяніса спрабуюць паказаць удзельнікам выдуманай „агентурнай сеткі“, якую нібыта стварылі ўкраінскія дыпляматы», — кажа Вольга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны: КДБ Беларусі назвала шпіёнамі тых, хто працаваў адкрыта і сотні разоў сустракаўся з афіцыйнымі асобаміНа яе думку, зараз беларускі рэжым — саўдзельнік расейскай агрэсіі — мае запыт на «антыўкраінскую гістэрыю» і такія прапагандысцкія сюжэты.
Самога Дзяніса, з словаў Вольгі, новы паварот у ягонай справе ня толькі не зьдзівіў, але, магчыма, нават крыху супакоіў:
«Пра яго пачалі гучна казаць, узьнялі яго ўзровень як журналіста(...) Дзяніс паставіўся да гэтых абвінавачаньняў даволі іранічна, сказаўшы, што нічога дрэннага пра яго ў выніку не сказалі, апісалі ўсе яго найлепшыя бакі і дасягненьні. Ён нават падзякаваў ім за піяр. Дзяніс па-ранейшаму пачуваецца ўпэўнена і працягвае змагацца».
Да таго ж, лічыць Вольга, зараз можна паспрабаваць прасунуць ідэю абмену журналіста на расейскіх ваеннапалонных.
«Справа Дзяніса ня можа быць вырашана на ўзроўні палявых абменаў паміж асобнымі баявымі часткамі, а афіцыйных абменаў ваеннапалоннымі да нядаўняга часу не было. Цяпер, калі яны пачаліся, можна зьвяртацца да афіцыйных украінскіх уладаў з прапановай уключыць у сьпіс на абмен Дзяніса», — расказала Вольга.
Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году за «ўмяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў». Івашын валянтэрыў як рэдактар сайту міжнароднай расьсьледніцкай супольнасьці InformNapalm, працаваў няштатным карэспандэнтам газэты «Новы час».
Ён сядзіць у СІЗА турмы № 1 у Горадні. Івашын вядомы расьсьледаваньнямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь, пра скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Івашына чарговы раз зьмясьцілі ў карцар, Афнагеля — у ШЫЗА. Пачобуту працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартайПалітвязьня Сяргея Маўшука на тыдзень зьмяшчалі ў ШЫЗА
Праваабаронцы даведаліся, што нядаўна фігуранта «пінскай справы» Сяргея Маўшука адміністрацыя калёніі на сем дзён зьмясьціла ў штрафны ізалятар. Акрамя гэтага, сваякі Сяргея кажуць, што ўжо некалькі месяцаў ён амаль не атрымлівае лісты.
Палітзьняволеныя Сяргей Маўшук і яго жонка Алена Маўшук — фігуранты «пінскай справы». 30 красавіка суд Маскоўскага раёну Берасьця асудзіў Сяргея на 6,5 году калёніі ўзмоцненага рэжыму, а шматдзетную маці Алену — да 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пінская справа», карагод у Берасьці, счэпка ў Горадні. Самыя масавыя справы супраць беларусаў