Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі каля 40 «пакаяльных відэа» затрыманых чыгуначнікаў. Затрыманыя нібыта былі падпісаныя на тэлеграм-канал «Сообщество железнодорожников Беларуси», які «прызнаны экстрэмісцкім фармаваньнем праз заклікі да дывэрсіяў і тэрактаў на чыгунцы», пішуць Zerkalo.io і «Мэдыязона».
Паводле крыніц Zerkalo.io, у апошнія дні па ўсёй Беларусі затрымалі ня меней за 40 супрацоўнікаў чыгункі. Акрамя таго, яшчэ чацьвярых чыгуначнікаў затрымалі ў Гомлі, прынамсі аднаго зь іх зьмясьцілі ў СІЗА КДБ.
«У пастановы былі ўпісаныя артыкулы „Здрада радзіме“, „Шпіянаж“, „Падрыхтоўка да акту тэрарызму“ і „Акт тэрарызму“», — расказаў выданьню прадстаўнік „Рабочага Руху“ на Беларускай чыгунцы Сяргей Вайцяховіч.
Інфармацыя пра масавыя затрыманьні зьявілася 30 сакавіка ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Там апублікавалі «пакаяльныя відэа» супрацоўнікаў чыгуначнай галіны розных узростаў, спэцыяльнасьцяў і з розных гарадоў.
Чацьвёра з тых, хто трапіў на відэа, расказваюць, што аб прызнаньні тэлеграм-каналу «Сообщество железнодорожников Беларуси» «экстрэмісцкім фармаваньнем» яны даведаліся ад супрацоўнікаў КДБ.
Электронныя сыстэмы Беларускай чыгункі, пашкоджаныя ў першыя дні вайны Расеі супраць Украіны, цалкам аднавілі працу прыкладна праз два тыдні пасьля 24 лютага. Аднак дывэрсіі на чыгунцы Беларусі, якую камандаваньне Ўзброеных сілаў Расеі надалей актыўна выкарыстоўвае ў лягістычных мэтах, працягваюцца і праз месяц пасьля расейскага ўварваньня. Нават нягледзячы на пільную ўвагу беларускіх спэцслужбаў.
2 сакавіка МУС Беларусі расказала аб затрыманьнях блякавальнікаў чыгунак і кваліфікавала іх дзеяньні як тэрарызм.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьве дывэрсіі за тры дні. «Рэйкавая вайна» на беларускай чыгунцы працягваецца ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пасьля кібер-атакі 16 дзён не працавала сыстэма электроннага продажу квіткоў на чыгунку