«Я супраць рамантызацыі вайны»
Надзя Макеева, мастак і ілюстратар, у першыя дні вайны стварыла такі арт пра Ўкраіну.
Дзяўчына прызнаецца, што нават цяпер не разумее да канца свае пачуцьці ад усіх падзей.
«Я не магу знайсьці прыдатныя па сіле словы, каб гэта апісаць. Жах, боль за людзей. Мозг да гэтага часу адмаўляецца ўсьведамляць тое, што адбываецца, і прымаць рэальнасьць. Цяпер нічога не зьмянілася, дадалося адчуваньне абсалютнай бездапаможнасьці, але ратуе той факт, што я вельмі моцна загрузіла сябе працай», — кажа Надзя Макеева.
Сваім творам Надзя хацела прыцягнуць увагу да катастрофы, зматываваць людзей на дапамогу, да дзеяньняў.
«Ніякага натхненьня я не адчувала, рабіць гэта было вельмі цяжка — я супраць рамантызацыі вайны. Проста лічу, што гэта зрабіць было трэба».
Праца вельмі дапамагае адцягнуць увагу ад таго, што адбываецца. Гэта плюс у цяперашняй рэальнасьці, лічыць Надзя.
«Я кантрактар, у мяне няма пастаяннай офіснай пазыцыі, маляваць кожны дзень — неабходнасьць, а магчымасьць быць залежнай ад настрою — недазваляльная раскоша. Маляваць ж нешта для душы цяпер я не магу, усё здаецца недарэчным. Творчыя пэрсанальныя праекты таксама паставіла на паўзу. Разумею, што гэта нічым не дапаможа сытуацыі, але лічу, што гэта адцягвае ад праблемы. Напрыклад, у нас зь сяброўкай павінна была адкрыцца пэрсанальная выстава ў Нью-Ёрку на пачатку красавіка, але мы прынялі рашэньне яе адмяніць. Як правіла, маляваньне мяне ратавала ў цяжкія моманты, але цяпер усё занадта».
«Маляваць — гэта шанец кагосьці падтрымаць»
Мастачка Наташа Гарлуковіч стварыла цэлую сэрыю малюнкаў пра падзеі ва Ўкраіне.
«Было шмат разгубленасьці, калі я даведалася пра пачатак вайны. Было разуменьне, што гэта цуд, што я ў бясьпецы, жаданьне дапамагчы. Але чым? Адзінае, што прыйшло на думку ў першы дзень, — я магу нешта намаляваць. Не было асаблівай ідэі. У звычайным жыцьці мне падабаецца маляваць мноства чалавечкаў, вось з гэтага і вырашыла пачаць. А потым больш навінаў, падзей і больш ідэй для ілюстрацый. Стараюся не спыняцца, нават калі тая ідэя, якая ёсьць цяпер, не здаецца ідэальнай», — кажа Наташа Гарлуковіч.
Дзяўчына прызнаецца, што цяпер стала менш разгубленасьці, але ўсё роўна складана.
«Чым больш дрэнных навін, тым менш дабрыні ў сэрцы. Але я стараюся застацца чалавекам, факусавацца на добрым, на дапамозе, на падтрымцы. Творчасьць дапамагае, бо маляваць — гэта ўжо штосьці рабіць, шанец кагосьці падтрымаць. Матывацыя цяпер асабліва вялікая. Таму, наадварот, стараюся рабіць больш, выкарыстоўваць увесь час, што магу. Ня памятаю, каб так шмат працавала».
«Няма слоў, таму і малюю карціны»
Мастачка Анастасія прызнаецца, што прадчувала, што будзе вайна.
«24 лютага быў шок і дзікі боль, я ня верыла, але прадчувала нейкі жах. Насамрэч і цяпер няма слоў, таму і малюю карціны. Такое ніколі і ні з кім не павінна адбывацца. Я ствараю працы, каб зразумець і перажыць трошкі лягчэй тое, што адчуваю, каб усталяваць нейкую сувязь зь іншымі людзьмі, якія праз усё гэта праходзяць. І, канечне, мае працы — мой голас. Трэба крычаць, калі такое адбываецца, трэба крычаць, што ва Ўкраіне вайна, якую разьвязала Расея і ніяк інакш, нельга маўчаць».
Яшчэ больш твораў можна знайсьці ў сетках Сhrysalis magazine.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў турмы. 25 сакавіка на знак пратэсту ён парэзаў сабе жывот