Блогера Ўладзіслава Савіна асудзілі на 8 гадоў калёніі
У судзе Заводзкага раёну Менску пасьля чатырох месяцаў судовых разбораў агучылі прысуд 34-гадоваму прадусару і блогеру Ўладзіславу Савіну, паведамляе «Вясна».
Яго абвінавацілі ў махлярстве ў буйным памеры (ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу) і арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту (арт. 342 КК), а менавіта тым, што ў 2015–2016 гадах ён, паабяцаўшы больш як 100 чалавекам удзел у першых у Беларусі рэаліці-шоў, не забясьпечыў ім гэтага.
Таксама Савіна абвінавацілі ва ўдзеле ў трох Маршах у 2020 годзе і ў арганізацыі пратэстаў з дапамогай відэаролікаў на сваёй старонцы Instagram.
Судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч асудзіла яго на восем гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму — менавіта такога пакараньня прасіў пракурор.
За перадачу фота расейскай вайсковай тэхнікі «Беларускаму Гаюну» затрыманы айцішнік
Затрыманы 32-гадовы IT-спэцыяліст Віктар Кулінка. На праўладных тэлеграм-каналах зьявілася «пакаяннае відэа», дзе ён расказвае, што сфатаграфаваў калёну тэхнікі расейскіх войскаў, якая накіроўвалася ў бок Гомля. Па яго словах, фота ён перадаў у тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», які 15 сакавіка быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваньнем. Паведамляецца, што гэта першы затрыманы за кантакт з ботам «Беларускі Гаюн».
Паводле папярэдняй інфармацыі, Віктару інкрымінуецца арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі — садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці. Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне да 6 гадоў калёніі. Акрамя гэтага, яму інкрымінуецца арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) за рэгістрацыю ў «Пляне Перамога», якую знайшлі сілавікі ў тэлефоне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 сакавіка: затрымалі сябра Свабоднага прафсаюза; зьявіліся зьвесткі пра затрыманьне каля 30 лекараўПалітзьняволенага сябра АГП асудзілі на тры гады «хатняй хіміі»
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Сяргеенку 29 сакавіка асудзілі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу на тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, паведамляе «Вясна». Пад вартай у СІЗА-1 яго ўтрымлівалі тры месяцы. Справу разглядала судзьдзя суду Фрунзэнскага раёну Менску Натальля Бугук.
Мікалая затрымалі 14 сьнежня 2021 году пасьля ператрусу ў яго дома. Сябра АГП затрымлівалі на трэціх і чацьвёртых прэзыдэнцкіх выбарах, ён тады сядзеў на «сутках» на Акрэсьціна. Летась яго затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы.
Рэпрэсіі ў Дзяржынску: сярод мясцовых жыхароў шукаюць «рэйкавых партызан»
Праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасьці рэпрэсій у Дзяржынску, дзе больш за тыдзень сілавікі праводзілі рэйд па пошуку «рэйкавых партызан». Мясцовых жыхароў затрымлівалі і зьмяшчалі ў ІЧУ, у іх дамах ладзілі ператрусы, а некаторых падчас затрыманьняў білі. У ізалятары іх утрымлівалі ў жорсткіх умовах: у камэрах холадна, не выдавалі матрацаў, перадач не прымалі.
Стала вядома, што раніцай 21 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі жанчыну, у якой ёсьць непаўналетняе дзіця. У пастанове на ператрус значылася, што крымінальная справа тычыцца чыгуначнай дывэрсіі 18 сакавіка на станцыі «Коласава». У жанчыны забралі тэлефон, а ў РАУС на яе склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за перасыл паведамленьня з «Хартыі-97» сваёй дачцэ. Суд прызнаў яе вінаватай і пакараў штрафам у памеры 640 рублёў.
З пачатку вайны затрымалі мінімум 8 «рэйкавых партызанаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У яго два сыны цяпер у войску». Што вядома пра мазыранаў, якіх абвінавацілі ў намерах зьнішчаць расейскую тэхніку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 сакавіка: ператрусы і допыты праз «рэйкавых партызанаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэйкавая вайна. Як беларусы спрабуюць спыніць расейскую армію ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі затрымалі восем «рэйкавых партызан». Што пра іх вядома