Чаму Расея мяняе дэкляраваныя мэты вайны, заяўляючы, што засяродзіцца на Данбасе? Чаму Ўкраіна пагаджаецца на нэўтралітэт? Як, страціўшы палову прамысловага патэнцыялу, Украіна забясьпечвае сваё насельніцтва і войска? Ці мае Расея дадатковыя рэсурсы для працягу вайны?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае азэрбайджанскі вайсковы экспэрт Агіл Рустамзаде.
Рустамзадэ
- Мэты «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» Расеі не дасягнутыя. Такімі мэтамі заяўляліся зьмена дзяржаўнага ладу Ўкраіны і «дэнацыфікацыя».
- Шайгу часткова мае рацыю, калі кажа, што ВПС, СПА і ВМФ Украіны нанесеная істотная шкода. Але што да сухаземнага кампанэнту, то трэба яшчэ паглядзець, хто пацярпеў больш.
- Заява Расеі пра вывад яе войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей зробленая не ад добрага жыцьця. Калі б яны іх ня вывелі, іх бы зьнішчылі. Паўночную апэрацыйную зону па лініі Кіеў — Харкаў чакаў разгром. 10 дзён Паўночная апэрацыйная зона сутыкалася зь велізарнымі праблемамі з забесьпячэньнем.
- Мы назіралі ссоўваньне цэнтру баёў на паўднёвы ўсход Украіны. Расейская армія пры зьбегу пэўных абставінаў мае шанцы выйсьці прыкладна на межы Луганскай і Данецкай абласьцей.
- На гэтым этапе расейская армія пацярпела паразу.
- Цяперашнія перамовы — гэта прамежкавыя перамовы. Патрабаваньне рэпарацыяў і суду над ваеннымі злачынцамі выстаўляецца толькі пасьля поўнай ваенна-палітычнай перамогі. А гэтая перамога пакуль на першым этапе. Пакуль Расея пацярпела паразу ў Паўночнай апэрацыйнай зоне.
- Я як вайсковы чалавек за 10 дзён да пачатку гэтай апэрацыі казаў, што калі яна адбудзецца, гэта будзе авантура. Я ня верыў, што РФ можа пайсьці на такую авантуру.
- Калі кіраўнік камітэту начальнікаў штабоў ЗША Марк Мілі казаў, што Расея пераможа за 4 дні — у гэтай заявы былі палітычныя матывы.
- Галоўная прычына таго, што Ўкраіна трымаецца — гэта расейскія стратэгічныя пралікі пры плянаваньні апэрацыі. Тыя, хто плянаваў яе, не надавалі ніякага значэньня супраціву ўкраінскай арміі. І заканамерна, што яны прайгралі.
- Гэтая апэрацыя ня робіць гонару апэрацыйнаму майстэрству расейскага генштабу. Нельга нападаць на краіну, у якой узброеных сілаў 200 тысячаў чалавек, меншымі сіламі. Немагчыма зьнішчыць эканамічны патэнцыял такой краіны, як Украіна, пры дапамозе 200 ракетаў.
- ЗША ўжылі 113 крылатых ракетаў, каб падавіць мэты на адным аэрадроме. А мы гаворым пра краіну, насельніцтва якой больш за 40 мільёнаў. Гэтая апэрацыя не магла скончыцца посьпехам.
- Эканоміка Ўкраіны трымаецца на «стэроідах», каб яна трымалася на нагах. Вайна — гэта заўсёды велізарныя гуманітарныя праблемы. Але іх вырашаюць за Ўкраіну. І яна мае ўсё, што трэба. Крыху не хапае ўзбраеньняў. Але эканамічных праблем яна ня мае. І гэта дзякуючы ўсеабдымнай заходняй дапамозе.
- Дапамога ідзе па розных шляхах. Каб перарэзаць гэтыя шляхі, трэба вельмі шмат авіяцыі. Расея гэта зрабіць ня ў стане. Ва Ўкраіны ёсьць яшчэ сродкі СПА, яшчэ лятаюць самалёты. Украіна не дазволіла Расеі ўсталяваць панаваньне ў паветры.
- Бок, які наступае, для посьпеху павінен мець трохразовую перавагу. У цяперашнім становішчы Расеі гэтага дасягнуць будзе складана. Ва Ўкраіне прайшла мабілізацыя, узброеныя сілы дапоўненыя часткамі тэрабароны.
- Баявыя дзеяньні ў Данбасе пачаліся адначасова з нападамі на Кіеў, Чарнігаў і іншыя ўкраінскія гарады. Там працягваюцца спробы прарваць лінію абароны. Але за 8 гадоў украінская армія стварыла там глыбокаэшэлянаваную абарону. І сіламі так званых «ДНР» і «ЛНР» прарваць яе не ўяўляецца магчымым.
- Калі расейцы зьбяруць усе сілы ў адзін кулак, то пэўных вынікаў можна дасягнуць, магчыма, выйсьці на межы Луганскай і Данецкай абласьцей. Але ці хопіць у Расеі сілаў — гэта пытаньне.
- Да «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» яны прыцягнулі 300 тысячаў сваіх узброеных сілаў. Яны ператварыліся ў 200 тысячаў, стомленых у баях. Колькаснай перавагі над украінскай арміяй у іх няма.
- У Расеі няма рэсурсаў. Яна не высокатэхналягічная краіна. У яе мала запасаў высокадакладнай зброі. Акрамя крылатых ракетаў Расея ваюе той самай тэхнікай, якой ваявала ў другой чачэнскай вайне. Якаснага скачка ў расейскай арміі няма. А ва ўкраінскай ёсьць — дзякуючы пастаўкам заходніх узбраеньняў.
- ПЗРК, супрацьтанкавыя комплексы, сродкі радыёэлектроннай барацьбы — у гэтым украінская армія наперадзе. Гэтыя заходнія сыстэмы на 1-2 пакаленьні наперад у параўнаньні з расейскімі.
- Дзякуючы пастаўкам гэтай высокатэхналягічнай зброі да пэўнай ступені Ўкраіна здолела сама закрыць сваё неба. Штодзень зьбіваюць «стынгерамі» расейскія самалёты, украінскія салдаты навучыліся «стынгерамі» зьбіваць нават крылатыя ракеты.
- Украіна ваюе асымэтрычна. Супраць танка неабавязкова ваяваць танкам, можна і «джавэлінам» на адлегласьці 5 кілямэтраў. Захад мог бы пастаўляць Украіне больш зброі, але што тычыцца якасьці, у мяне як у вайсковага экспэрта да яе ніякіх прэтэнзіяў няма. Яны пастаўляюць менавіта тое, што трэба.
- Цяпер я ня бачу пэрспэктываў ужываньня зброі масавага зьнішчэньня. Але я не выключаю гэтага ў будучыні.
- Нават калі будзе абвешчанае замірэньне, расейска-ўкраінскі канфлікт, які пачаўся ў 2014 годзе, можа скончыцца толькі пры ўмове зьмены палітычнага ладу РФ, ваенна-палітычнай перамогі Ўкраіны.
- Калі Ўкраіна выйдзе на свае межы 2014 году, то ў Расеі пачнуцца такія палітычныя працэсы, што там улада альбо зьменіцца, альбо перагледзіць свае погляды на ролю Ўкраіны як дзяржавы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.