Як паведаміла Міністэрства замежных спраў Нідэрляндаў, з краіны высылаюцца 17 агентаў расейскай выведкі, якія былі акрэдытаваны як дыпляматы ў розных расейскіх прадстаўніцтвах. У Амстэрдаме спаслаліся на інфармацыю ад уласных спэцслужбаў. Міністар замежных спраў Вопке Густра падкрэсьліў, што ўрад гатовы да любых крокаў у адказ з боку Масквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Македонія абвясьціла пра высланьне пяці расейскіх дыпляматаўБэльгія абавязала пакінуць краіну 21 расейскага дыплямата, абвінаваціўшы іх у шпіянажы і пагрозе нацыянальнай бясьпецы. Размова ідзе аб супрацоўніках расейскай амбасады ў Брусэлі і консульства ў Антвэрпэне.
Ірляндыя абвясьціла, што краіну павінны пакінуць «чацьвёра высокіх чыноўнікаў» амбасады Расеі ў Дубліне. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў дзейнасьці, якая «не адпавядае міжнародным стандартам дыпляматычнай працы». Звычайна пад гэтай фармулёўкай маюць на ўвазе шпіянаж.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польская контравыведка патрабуе выслаць 45 расейскіх дыпляматаўТаксама ў аўторак пра высылку аднаго супрацоўніка расейскай дыпляматычнай місіі абвясьціла Чэхія. Работніка пасольства РФ у Празе абавязалі пакінуць краіну цягам трох сутак. «Сумесна з нашымі саюзьнікамі мы скарачаем прысутнасьць расейскай выведкі ў краінах ЭЗ», — гаворыцца ў твітэр-паведамленьні чэскага Міністэрства замежных спраў. У Чэхіі пасьля скандалу з дачыненьнем ГРУ да выбухаў вайсковых складоў заставалася ўсяго 7 расейцаў з дыпляматычным статусам.
Расея адкажа на высылку сваіх дыпляматаў, заявіла афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баўгарыя, Эстонія, Латвія і Літва абвясьцілі пра высылку расейскіх дыпляматаўПасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага цэлы шэраг заходніх краін абвясьцілі пра высылку расейскіх дыпляматаў. У прыватнасьці, ЗША абавязалі зьехаць 12 расейцаў, западозраных у працы на выведку РФ. Масква ў адказ выслала 12 амэрыканскіх дыпляматаў.
Польшча на мінулым тыдні абвінаваціла ў шпіянажы і абавязала пакінуць краіну 45 расейскіх дыпляматаў. Іх высылка стала найбуйнейшай у гісторыі адносін дзьвюх краін і адной з найбуйнейшых у гісторыі СССР і Расеі. Масква ўсе абвінавачаньні адкінула, назваўшы іх беспадстаўнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славаччына высылае трох расейскіх дыпляматаў