Сьцісла:
- Працэс перамоваў выглядае як імітацыя з боку Расеі, як прамацваньне імі магчымага поля кампрамісаў з боку Ўкраіны
- Такія пагадненьні павінны займець сваю падтрымку і легітымнасьць у вачах вэтэранаў, удзельнікаў супраціву агрэсіі.
- Калі пагадненьне ня будзе адпавядаць уяўленьням украінскага грамадзтва аб справядлівым заканчэньні вайны — гэта можа прывесьці да палітычнага крызісу.
- Кансэнсус грамадзтва ў тым, што пазыцыі Ўкраіны па заканчэньні вайны павінны быць лепшыя, чым яны былі да 24 лютага.
- Ва Ўкраіне няма крыўды на Захад, але ёсьць расчараванасьць.
- Прамова Байдэна спазьнілася: гэта абвяшчэньне халоднай вайны Расеі — ва ўмовах, калі ўжо ідзе гарачая.
— Пасьля чатырох гадзін перамоваў у Стамбуле дэлегацыі Ўкраіны і Расеі выступілі з брыфінгам аб выніках, заявілі дэталі пазыцыяў бакоў. Ці можна лічыць, што той праект, які прадставіў украінскі бок, мае шанец стаць рэальным мірным пагадненьнем?
— Гэты праект будзе аднолькава не задавальняць абодва бакі. Так, у ім зьмяшаліся «мухі і катлеты». Але, прынамсі, ён стварае парадак дня для будучых дамоўленасьцяў і для нейкага будучага дакумэнту, які можа нарадзіцца ў працэсе перамоваў. Тут дадзеныя адказы на ключавыя пытаньні адносна ўступу Ўкраіны ў Эўразьвяз, у NATO, гарантыяў бясьпекі, падкантрольнасьці тых ці іншых тэрыторыяў.
Але чаму гэты праект ня вельмі прыдатны для рэалізацыі? Па-першае, гэта толькі пазыцыя Ўкраіны, дзе Кіеў акрэсьліў поле кампрамісаў, на якое ён гатовы пайсьці. Але мы яшчэ ня бачылі прапановаў і пазыцыі Расеі. Падаецца, Расея яшчэ будзе «гнуць пальцы». Я думаю, што гэты супярэчлівы дакумэнт, які цяпер заяўлены, памрэ. Цікава будзе пабачыць расейскі адказ — мне падаецца, ён будзе яшчэ дзіўнейшы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ваенная апэрацыя Расеі правалілася: Масква гатовая да кампрамісу. Першыя вынікі перамоваў у СтамбулеГэты дакумэнт можа стаць рэальнасьцю, толькі калі Расея сапраўды пойдзе на мірнае ўрэгуляваньне, што пакуль выглядае вельмі сумнеўным. Бо Масква яшчэ не адмовілася ад сваіх уласных ультыматумаў, праца расейскай прапаганды паказвае, што яны толькі разгойдваюць ваенныя настроі, а не ідуць на дээскаляцыю.
Трэцяе — гэта ваенная сытуацыя. Расея не дапускае перамір’я на час перамоваў. Гэта кажа, што яны не адкідаюць рэалізацыі праграмы-мінімум ваенным шляхам.
Тое, што было сёньня агучана Масквой як «крок добрай волі» — зьмяншэньне інтэнсіўнасьці на двух кірунках, Кіеўскім і Чарнігаўскім, — было агучана яшчэ да перамоваў міністрам абароны Шайгу.
— То бок Масква вырашыла сваю ваенную няздольнасьць прасунуцца па гэтых кірунках прадставіць як «жэст добрай волі»?
— Так, гэта спроба правесьці па касе двойчы адзін і той жа прадукт. Больш за тое, на гэтых кірунках ужо назіраецца контранаступ украінскіх сілаў. Таму гэта ня што іншае, як спроба паставіць пастку для ўкраінскай дэлегацыі на перамовах — бо цяпер любое прасоўваньне ўкраінскага войска на гэтых кірунках будзе прадстаўлена, нібыта Ўкраіна «зрывае перамоўны працэс». А тым часам на Ўсходзе Расея дэкляруе працяг ваенных дзеяньняў.
Перамоўны працэс не бессэнсоўны, і ён можа нешта нарадзіць на фінішы. Але ў цэлым працэс перамоваў выглядае як імітацыя з боку Расеі, як прамацваньне імі магчымага поля кампрамісаў з боку Ўкраіны. Пры гэтым дасягнуць урэгуляваньня на перамовах, хутчэй за ўсё, ня ўдасца. Тыя патрабаваньні, якія вылучае Масква, не зьяўляюцца яе сапраўднымі матывацыямі. Гэта толькі спроба замаскаваць уласныя намеры наконт зьнішчэньня ўкраінскай дзяржаўнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На які мір гатовая Ўкраіна? Тлумачэньне экспэртаў— Але можна сказаць, што ў любым варыянце патэнцыйных дамоўленасьцяў Кіеў будзе патрабаваць вываду ўсіх расейскіх войскаў з тэрыторыі Ўкраіны (калі выносіць за дужкі Крым і захопленыя ў 2014-м часткі Данбасу)? Гэта той пункт, дзе ня можа быць кампрамісу?
— Безумоўна. Як і было агучана прэзыдэнтам Зяленскім, дэмілітарызацыя і «дэнацыфікацыя» (што б пад гэтым ні разумела Расея) ня можа быць прадметам перамоваў. Для Ўкраіны адным з ключавых маркераў канструктыўнасьці Расеі будзе адвод расейскіх войскаў як мінімум да стану на 23 лютага, да пачатку поўнамаштабнай інтэрвэнцыі.
— У Расеі ўсё можа вырашыць адзін чалавек альбо група людзей. Але Ўкраіна — дэмакратычная дзяржава, з парлямэнтам, рознымі сіламі і рознымі настроямі грамадзтва. Любое пагадненьне з Масквой часткай грамадзтва можа быць расцэненае як «здрада», пойдуць пытаньні: «За што гінулі ўкраінцы?» Як вы ацэніце стан грамадзкай думкі на гэты момант і яе гатоўнасьць да міру з Расеяй?
— Усё будзе залежаць ад таго, наколькі пагадненьне ў вачах украінскага грамадзтва будзе справядлівым і будзе адпавядаць нашым інтарэсам. Сёньняшні праект, паводле маіх назіраньняў, быў успрыняты з насьцярожанасьцю. Яго ў сёньняшнім выглядзе будзе складана правесьці праз украінскі парлямэнт і атрымаць ухваленьне ўнутры ўкраінскага грамадзтва — хутчэй наадварот.
Такія пагадненьні павінны займець сваю падтрымку і легітымнасьць у вачах вэтэранаў, удзельнікаў супраціву агрэсіі. Калі пагадненьне ня будзе адпавядаць уяўленьням украінскага грамадзтва аб справядлівым заканчэньні вайны — гэта можа прывесьці да палітычнага крызісу. Я думаю, адзін з разьлікаў Расеі, «сцэнар Б» — схіленьне Ўкраіны да саступак і правакаваньне палітычнага крызісу, унутранага процістаяньня на вуліцах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне папярэджваюць пра «катастрафічныя наступствы» ад пажараў паблізу ЧАЭС. Дым ідзе ў бок Беларусі. ФОТА— А які варыянт быў бы не кампрамісам і «ідэальным» для самых зацятых, умоўных «ястрабаў»? Рэпарацыі ад Расеі, прызнаньне ёю капітуляцыі?
— Гэта вызваленьне нашых тэрыторыяў, рэпарацыі з боку Расеі, адмова Масквы ад агрэсіі ў будучыні. Калі ўзяць самую радыкальную частку грамадзтва — то тады ў патрабаваньнях і неадкладнае вяртаньне Данбасу і Крыму. Вядома ж, ёсьць і настроі ў стылі — расчляніць Расею, украінскі сьцяг над Крамлём — але гэта хутчэй інтэрнэт-мэмы, а не пазыцыя ўкраінскага грамадзтва.
Нейкі кансэнсус грамадзтва ёсьць у тым, што пазыцыі Ўкраіны па заканчэньні вайны павінны быць лепшыя, чым яны былі да 24 лютага. Украіна не прайграла ў гэтым пэрыядзе вайны. Расея адназначна ўспрымаецца ўкраінскім грамадзтвам як бок, які стратэгічна прайграў. Але назваць сытуацыю капітуляцыяй аднаго з бакоў — у агляднай будучыні такога не відаць. Таму прэзыдэнт Украіны павінен выйсьці да грамадзтва зь нейкім вынікам, які апраўдае тую цану, якую грамадзтва заплаціла ў гэтай вайне.
— Як ва Ўкраіне ставяцца да пазыцыі Захаду, якую можна абазначыць формулай «будзем дапамагаць Украіне, але не ваяваць за яе»? Зразумела, што ўкраінскія палітыкі ня могуць вельмі рэзка крытычна выказвацца пра Захад — хоць Зяленскі дазваляе сабе даволі шмат. Але вось расейскі апазыцыйны палітык Гары Каспараў можа заяўляць наступнае — «Украіна плаціць страшную цану за ганебную капітулянцкую пазыцыю заходніх палітыкаў».
— Я б сказаў, што пэўны ўзровень расчараваньня ў Захадзе ва Ўкраіне прысутнічае. Ва Ўкраіне няма крыўды на Захад, але ёсьць расчараванасьць. Разьбіліся ружовыя акуляры погляду на сьвет, і гэта правакуе большую апору на ўласныя сілы. Вайна прымусіла ўкраінскую дзяржаву і грамадзтва пасталець, узяцца за галаву. І гэта будзе эвалюцыйна значным для разьвіцьця Ўкраіны момантам.
Мне падаецца, тут вельмі паказальны апошні выступ Байдэна, які быў зроблены з прэтэнзіяй на фултанаўскую прамову Чэрчыля, але стаў проста добрым выступам. Я б патлумачыў гэта так. Гэта было абвяшчэньне халоднай вайны Расеі — ва ўмовах, калі ўжо ідзе вайна гарачая. Калі б такая прамова прагучала да 24 лютага — яе б разабралі на цытаты, яна б стала прыкладам рашучасьці і лідэрскіх пазыцыяў Байдэна. А цяпер яна стала ня больш як інфармацыйнай зьявай на адзін вечар.
— Каму цяпер больш патрэбнае перамір’е — Расеі ці Ўкраіне?
— Стратэгічна — Украіне, а тактычна — Расеі. Таму Расея захоча дабіцца часовага перамір’я, але без усталяваньня сапраўднага гарантаванага міру. А Ўкраіна будзе спрабаваць дабіцца сапраўднага стратэгічнага міру, нават разумеючы, што давядзецца ахвяраваць нейкімі лякальнымі перамір’ямі.