Дзецям трэба тлумачыць, што адбываецца, кажа псыхоляг Натальля (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы). Але як гэта рабіць, безумоўна, залежыць ад узросту.
«Зь дзецьмі трэба гаварыць пра вайну, бо агульны эмацыйны фон ня можа не ўплываць на іх, — кажа псыхоляг. — Дзеці дастаткова адчувальныя, каб счытваць інфармацыю з прасторы. Калі казаць пра малодшы ўзрост, то ёсьць выдатны мульцік, я яго бачыла ў украінскіх калегаў. Там паказваюць хлопчыка-Ўкраіну, які хоча з кімсьці сябраваць, а побач зь ім ёсьць хлопчык-Расея, які хоча, каб сябравалі толькі зь ім. І ён задзірае, крыўдзіць, спрабуе пакалаціць хлопчыка-Ўкраіну, а ў адказ на гэта іншыя хлопчыкі, зь якімі хоча сябраваць Украіна, спрабуюць таго неяк абараняць, дапамагаць. Вось для дашкольнікаў гэта добры спосаб растлумачыць, што адбываецца, бо дзеткі добра візуальна ўспрымаюць інфармацыю».
З падлеткамі можна размаўляць больш зразумелымі, набліжанымі да дарослых катэгорыямі, кажа Натальля.
«Можна казаць: „Так, здарылася вайна. Гэта жудасна, гэта трагедыя, гора, гэта прыводзіць да ахвяраў мірных людзей“. Важна казаць, што гэта могуць быць палітычныя інтарэсы розных краін, і „я гатовы з табой пра гэта размаўляць і адказваць на ўсе твае пытаньні“. Несумненна адно: Расея — краіна-агрэсар, бо яна напала на Ўкраіну, там адбываюцца ваенныя дзеяньні. Вось такая названасьць і яснасьць дапамагае падлетку перажываць тое, што адбываецца, на эмацыйным узроўні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яна сказала: «Вы мне ня дзеці». Як беларускія сем’і сварацца праз вайну ва Ўкраіне і што рабіць, каб ня стаць адзін аднаму ворагаміПсыхоляг заўважае, што цяпер праз даступнасьць інфармацыі мы таксама робімся ўключанымі ў вайну.
«У нас уздымаецца вельмі шмат пачуцьцяў, і нам трэба ўмець зь імі спраўляцца. Мы можам адчуваць нянавісьць, злосьць. Мы можам казаць дзецям: „Вайна — гэта заўсёды вельмі інтэнсіўныя і моцныя перажываньні, і нам трэба ўмець з гэтым неяк быць, я гатовы табе дапамагаць“».
«Мы шукаем выхад, аб каго „разрадзіць“ нашу нянавісьць, злосьць або гнеў»
У такіх умовах асабліва можа абвастрыцца булінг па нацыянальнай прыкмеце сярод дзяцей і падлеткаў. Гэта адбываецца праз моцны эмацыйны напал, які людзі спрабуюць «разраджаць» адзін аб аднаго.
«На тэрыторыі Ўкраіны такія пачуцьці, як злосьць, нянавісьць, дапамагаюць людзям выжыць, абараняць сваю краіну. Але калі ў нас такія эмоцыі, то мы таксама шукаем выхад, аб каго „разрадзіць“ нашу нянавісьць, злосьць або гнеў, які падымаецца, напрыклад, калі мы бачым ахвяр сярод мірнага насельніцтва, дзетак і іншае. І так, вельмі вялікая спакуса накіраваць гэта на людзей, якія не падтрымліваюць наш пункт гледжаньня, або на людзей „ня той“ нацыянальнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зноў яна гэтую лухту пра Ўкраіну нам казала!». Што беларускім дзецям гавораць пра вайну ў школеУ такіх выпадках псыхоляг раіць ставіць сабе пытаньні кшталту: «Што канкрэтна гэты чалавек зрабіў для таго, каб вайна здарылася?»
«Напрыклад, што мог зрабіць 15-гадовы хлапчук-расеец, жывучы ў Беларусі, каб гэтая вайна здарылася? Ён нават не выбіраў гэты ўрад, каб мы цяпер па нацыянальнай прыкмеце неяк нападалі на яго. Таму варта спрабаваць праз прызму здаровага сэнсу вяртаць падлетка ў свае берагі, называць сваімі імёнамі, што адбываецца. Можна казаць: „Чаму б табе не паспрабаваць пагаварыць, даведацца, як гэты хлопчык з Расеі наогул ставіцца да гэтай вайны? Можа, наогул вы зь ім маеце аднолькавы пункт гледжаньня, можа ён таксама моцна перажывае, як і ты?“»
Варта тлумачыць дзецям, што трэба глядзець не на нацыянальнасьць, а на чалавека.
«Можна расказваць, што падчас вайны адбываецца «расчалавечваньне» чалавека. З аднаго боку, гэта дапамагае тым, хто бароніць сваю тэрыторыю, бо калі яны будуць бачыць чалавека, а ня ворага, яны ня змогуць рабіць сваю справу. Але калі гэта адбываецца на тэрыторыі, дзе не вядуцца баявыя дзеяньні, то можна наўпрост ставіць такія пытаньні перад падлеткам: «Тады чым мы адрозьніваемся ад іх, калі так сябе паводзім?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш за ўсё людзям цяпер патрэбная вызначанасьць». Тры гісторыі пра беларусак, якія дапамагаюць у часы вайныБацькам у сытуацыі з вайной таксама вельмі складана не «разраджаць» свае эмоцыі аб дзяцей.
«Каб такога не адбывалася, перш за ўсё трэба спрабаваць не губляць кантакт з тым, як мы самі пражываем гэтыя эмоцыі. Напрыклад, калі мы адчуваем, што перапоўненыя гневам, лютасьцю, нянавісьцю, то важна самім кудысьці гэта „аднесьці“, не пакідаць у высокім градусе. Вядома, сям’я — гэта тэрыторыя, на якой мы прывыклі лічыць, што нас прымуць любымі. І нават калі вы сарваліся на сваё дзіця, вельмі важна, прыйшоўшы ў сябе, у нармальны стан, сказаць: „Прабач, гэта я не на цябе. Так, я раззлаваўся, але прычына ў тым, што я вельмі балюча пражываю тое, што адбываецца цяпер у сьвеце, я вельмі перажываю за блізкіх, сяброў, якія ў мяне там“. Важна прамаўляць такія рэчы: „Так, у мяне цяпер менш часу, каб праводзіць яго з табой. Мне вельмі шкада, што цяпер я менш удзельнічаю ў тваім жыцьці, але ты для мяне па-ранейшаму важны і каштоўны“».
«Гаюча і карысна — быць у максымальным кантакце са сваім дзіцем»
Натальля прызнаецца, што вельмі цяжка штосьці раіць бацькам, якія цяпер зь дзеткамі ў зоне баявых дзеяньняў.
«Вядома, калі мы гаворым пра нейкі ідэальны варыянт, то дзецям трэба дапамагаць пражываць тое, што адбываецца. Таксама я шмат працавала зь дзеткамі і разумею, што ёсьць такая мудрасьць дзіцячай псыхікі: яна ўмее абараняць сама сябе. Нейкія досыць моцныя траўматычныя падзеі могуць сьцірацца, дзіця можа проста ня памятаць, што адбылося. Я ведаю, тое, што гаюча і карысна, — быць у максымальным кантакце са сваім дзіцем. Але наколькі гэта магчыма, калі мы самі ахопленыя жахам і страхам, — гэта пытаньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска з Харкава: «Я бачыла, як бамбяць інстытут, і хавалася ў падвале, а сваякі кажуць, што я замбаваная»У некаторых дзетак можа здарыцца панічная атака падчас эвакуацыі, калі яны ў гістэрыцы і моцна крычаць. Такі стан на мове псыхалёгіі называецца эмацыйнай рэакцыяй высокай інтэнсіўнасьці, якая пражываецца ў тым ліку і цялесна.
«Псыхіка ў гэты момант ня можа ператравіць эмоцыі, і яе задача — нейкім чынам пражыць гэты стан, зьнізіць градус. Гэта неабходна, каб працягваць далей функцыянаваць. Калі, напрыклад, ад нейкіх падзей псыхалягічнага або эмацыйнага пляну адбываюцца ваніты — гэта сыгнал псыхікі, што яна ня можа ператравіць тое, што адбываецца. У гэты момант мы можам быць побач зь дзіцем і казаць яму: „Я з табой, я бачу, як табе страшна, што з табой адбываецца, ты баісься, але я цябе абараню“. Можна стварыць такі „кокан“, калі мы спрабуем абняць дзіця або моцна прыціснуць да сябе, вярнуць яго ў берагі. Вельмі добра паспрабаваць вярнуць пачуцьцё кантролю над сытуацыяй, напрыклад, з дапамогай дыханьня. Можна так і казаць: „Давай дыхаць разам: удых, выдых. Адчуй, як я трымаю цябе за руку, я з табой“. Гэта дапамагае зьнізіць градус перажываньняў у той момант».
«Тут вада, тут алоўкі, тут можна маляваць, тут у нас ляжаць цацкі»
Дзеткам, якія толькі выехалі з зоны баявых дзеяньняў і цяпер у бясьпецы, таксама патрэбная дапамога.
«Лепш, калі мы зь дзіцем гаворым нейкімі дзеясловамі: „Ці еў ты сёньня?“. Прадставіцца: „Я такі, цяпер ты ў бясьпецы, сёньня такі дзень, ты на такой тэрыторыі, тут табе нічога не пагражае“. І ў гэтай вострай сытуацыі ў дзіцяці лепш не падымаць эмацыйныя складнікі, не задаваць пытаньняў, зьвязаных зь яго эмоцыямі».
Псыхоляг раіць тут выкарыстоўваць тактыку з канкрэтнымі дзеяньнямі, якія дапамагаюць вярнуць дзіця ў рэальнасьць.
«Добра спрацоўваюць канкрэтныя інструкцыі, напрыклад: „Можаш зрабіць тое, пайсьці туды, тут вада, тут алоўкі, тут можна маляваць, тут у нас ляжаць цацкі“. І паволі, зь цягам часу псыхіка будзе расслабляцца. Важна адсочваць нейкі стан, зьвязаны з жыцьцядзейнасьцю, як дзіця есьць, як сьпіць, ува што гуляе. Мы можам назіраць за кантактам дзіцяці і аднаго з бацькоў: які гэты кантакт, як будуецца ўзаемадзеяньне. Часам мама ці тата ахопленыя нейкай моцнай эмацыйнай рэакцыяй і ім вельмі цяжка хвалявацца пра жыцьцё дзіцяці. І мы можам у гэтым выпадку дапамагаць, напрыклад, займаючыся дзіцем, пакуль хтосьці з бацькоў атрымлівае псыхалягічную дапамогу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамовы ў Стамбуле, контратакі ўкраінцаў пад Кіевам і Крывым Рогам, ракетны напад на Мікалаеў. 34-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныПразь некаторы час пасьля цяжкіх перажытых падзей у дзетак могуць узьнікаць розныя фізычныя праявы скапсуляванага напружаньня высокага ўзроўню.
«Дзіця спрабуе разрадзіць напружаньне, яно можа абгрызаць пазногці, выдзіраць валасы, патрэсваць нагой ці рукой, можа зьявіцца нейкая псыхасаматычная гісторыя: сып, пакашліваньне. Але такія станы выяўляюцца значна пазьней за тыя падзеі, якія адбываюцца. Мы цяпер усё ж гаворым пра вострую стрэсавую рэакцыю, якая можа выяўляцца ў парушэньні жыцьцядзейнасьці: дзіця можа дрэнна спаць, перастаць есьці, або, наадварот, можа зьявіцца тэндэнцыя есьці шмат, або дзіця можа быць эмацыйна заціснутае, доўга сядзець, гледзячы ў адну кропку».
Любыя паводзіны, якія выклікаюць у бацькоў адчуваньне, што нешта ня так, — ужо падстава, каб зьвярнуцца да псыхоляга, кажа Натальля.
«Нават калі мы нешта апраўдваем тым, што мы пражылі цяжкія падзеі, лепш атрымаць кансультацыю і даведацца, напрыклад, што цяпер усё нармальна, за гэтым пакуль назіраем. Гэта зьніжае ў бацькоў градус трывогі, пераконвае, што псыхіка дзіцяці спраўляецца, яны атрымліваюць вельмі выразныя рэкамэндацыі, усталёўваецца кантакт, і аднаму з бацькоў будзе прасьцей дапамагаць дзіцяці пражываць тое, што здарылася».