«Наша пазыцыя — такая ж, як і ў G7», — заявіў Мамэр у адказ на пытаньне, як ЭЗ будзе рэагаваць на адпаведнае распараджэньне прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Камэнтуючы нараду міністраў энэргетыкі дзяржаў «сямёркі», якая адбылася напярэдадні і на якой была прадстаўлена Эўракамісія, Мамэр сказаў, што ўдзельнікі абмеркаваньня «адкінулі патрабаваньне» расейскага боку аплачваць пастаўкі газу ў рублях.
«Што да нас, мы сказалі, што пастаўкі павінны ажыцьцяўляцца з выкарыстаньнем даляраў або эўра (у якасьці аплаты)», — дадаў ён.
28 сакавіка міністар эканомікі Нямеччыны Робэрт Габэк заявіў, што краіны «Вялікай сямёркі» (G7) ня маюць намеру задавальняць патрабаваньне Расеі аб аплаце паставак расейскага газу ў рублях.
Паводле словаў Габэка, усе ягоныя калегі з краін «сямёркі» пагадзіліся, што патрабаваньне парушае дзейныя кантракты, якія прадугледжваюць аплату ў далярах ці эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны ЭЗ могуць цалкам адмовіцца ад расейскага газу праз два гадыЗ краін «сямёркі» найбуйнейшыя спажыўцы расейскага газу — Нямеччына і Італія. На пытаньне, што будзе, калі Расея ў адказ на адмову перастане пастаўляць газ у ЭЗ, Габэк сказаў: «Мы гатовыя да любых сцэнараў».
Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін даручыў ураду, Цэнтрабанку і «Газпрому» да 31 сакавіка падрыхтаваць даклад аб зьмяненьні валюты плацяжоў за пастаўкі газу ў так званыя «недружалюбныя краіны» на рублі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяскоў аб пастаўках газу ў Эўропу: «Няма аплаты — няма газу»