Увесь тэрмін Казлоў правёў у адзіночцы.
«Тры месяцы ў адзіночцы — гэта сур’ёзны тэрмін. Дэфіцыт камунікацыі, дэфіцыт інфармацыі. Доўгі час я разумеў, што адбываецца за мурамі турмы, толькі з сустрэчаў з адвакатам. У адзіночцы я быў як былы супрацоўнік міліцыі. Сказалі, што ў агульнай камэры быць з гэтай прычыны не магу, а міліцыянтаў ці іншых сілавікоў там больш не апынулася. Тлумачылі гэта маёй бясьпекай, хаця ў менскім СІЗА я быў разам зь іншымі людзьмі і нічога страшнага не адбылося. Знайшлі зачэпку — і ўсё», — кажа Казлоў.
Вялікай праблемай, кажа Мікалай, было тое, што ад моманту пад’ёму (6:00) да адбою (22:00) нельга было ні садзіцца, ні ляжаць на ложку. Знаходзіцца можна было толькі на лаўцы. Няважна, як ты сябе адчуваеш, ці здаровы. Тым ня менш, у адрозьненьне ад адміністрацыйных асуджаных, у камэры ў Казлова была бялізна, а раз на тыдзень на 15 хвілін вадзілі ў душ; у некаторых камэрах, якіх кіраўнік АГП зьмяніў шэсьць-сем, была нават гарачая вада.
«З боку сяржантаў і прапаршчыкаў было нармальнае, ветлівае стаўленьне. Што да адміністрацыі, то яны не аддавалі лісты, якія мне прыходзілі, парушалі мае правы. Спрабавалі мяне цалкам ад усяго ізаляваць. Чагосьці вельмі жахлівага не было. Большую частку лістоў мне не аддалі. Многія людзі цяпер кажуць, што пісалі мне, але я ня бачыў ад іх вестачак. Калі я патрабаваў перадаць лісты, то мне адказвалі, што перадаюць усё, што атрымліваюць. Казаў, ня веру, быццам 20-30 лістоў можа згубіцца на пошце. Паціскалі плячыма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апэляцыю журналіста Івуліна адхілілі — прысуд застаўся ў сіле«Экспэрымэнтам над псыхікай» Казлоў называе ўвесь час гучна ўключанае радыё.
«Яно два месяцы безь перапынку раўло, немагчыма было ні адключыць, ні сьцішыць гук. На выходных працавала радыё „Мір“, дзе вельмі цяжка з навінамі. Зразумець з гэтых паведамленьняў нічога немагчыма. Усё гэта гучна, бясконца, нудна, напрыклад, нехта у этэры сядзіць і чытае лекцыі пра ВІЧ. Цягам двух месяцаў такое слухаць было вельмі складана».
Казлову не ўдалося нават даведацца з навін па радыё пра пачатак вайны ва Ўкраіне, гэтую вестку перадаў адвакат. Потым палітык прасіў адміністрацыю перадаць яму некалькі нумароў «Советской Белоруссии», зь якіх атрымліваў мінімальную інфармацыю аб стане бавявых дзеяньняў.
«На тэму вайны ва Ўкраіне ў турме ніхто не размаўляў, больш за тое, падобныя размовы нават жорстка прыпынялі», — кажа палітык.
Назваць простымі ўмовы ўтрыманьня кіраўнік АГП ня можа. Кажа, што ад карцару гэта адрозьнівалася толькі наяўнасьцю прагулак і магчымасьцю чытаць кніжкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зараз у іхных галовах каша». Як чыноўнікі і дэпутаты Беларусі гавораць пра вайну«Там ёсьць бібліятэка, нешта браў з сабой. У турме нельга самому выбраць, што хочаш чытаць, трэба замаўляць, і пытаньне — пацэліў ці не, ёсьць у іх такая кніга ці няма. Без чытаньня ўвогуле сум. У мяне з сабой быў Караткевіч — „Каласы пад сярпом тваім“, Панцейлямон Раманаў. Там браў Шэксьпіра, „Фаўста“ перачытаў, „Амэрыканскую трагедыю“ Драйзэра, Брэдбэры, розную белетрыстыку. Асабліва носам там не пакруціш — што далі, тое і чытаеш».
Каб ня страціць навык вуснага маўленьня, Казлоў чытаў кніжкі ўголас. Інакш за дзень даводзілася вымаўляць усяго 10-15 словаў. Адметна, што ў лідэра АГП не забралі гадзіньнік, можна было адлічваць дні да вызваленьня.
«На размовы не выклікалі. Яны ведалі, хто я такі, ня бачылі вялікага сэнсу са мной гутарыць. Спыталі, дзе працаваў, нейкія яшчэ пытаньні чыста фармальна, „за савецкую ўладу“ мяне ніхто не агітаваў. Хацелі, каб я напісаў нейкія абавязаньні, але я ад усяго адмовіўся».
Цяпер Казлоў зьбіраецца засяродзіцца на працы ў АГП.
«Нічога не зьмянілася. Я ня маю намеру зьязджаць, застаюся ў Беларусі. Партыя жывая, усіх заклікаю прыходзіць і ўступаць. Мы ня можам скарыцца абставінам, павінны быць разам. А АГП — гэта якраз тая арганізацыя, якая дазваляе нармальным людзям быць разам», — кажа ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр украінскага гурту «Океан Ельзи» Вакарчук заклікаў беларусаў больш выкарыстоўваць родную мову