«Праяжджаю 900 кілямэтраў двойчы на тыдзень, каб прывезьці яму перадачу». Дар'я Лосік — пра сьмеласьць і вернасьць

Дар'я Лосік

Дар’я Лосік, жонка палітвязьня Ігара Лосіка, кансультанта Радыё Свабода, асуджанага на 15 гадоў турмы, расказвае, як двойчы на тыдзень праяжджае па 900 кілямэтраў па маршруце Баранавічы — Гомель — Баранавічы, каб завезьці мужу перадачу, і тлумачыць, чаму важна не маўчаць, нават калі страшна.


Сьцісла

  • Ад Баранавічаў да Гомельскага СІЗА 450 кілямэтраў. І вярнуцца трэба — гэта яшчэ 450 кілямэтраў. Разам 900 кілямэтраў у дзень, на аўтамабілі, двойчы на тыдзень.
  • Я не разумею, што можа быць горш (акрамя сьмерці і цяжкай хваробы), калі твой чалавек у турме? Сесьці і маўчаць? Гэта ня выйсьце.
  • Я ведаю месца, дзе ў маёй машыне стаіць праслушка, у кватэры яна таксама ёсьць. Пэрыядычна побач са мной знаходзяцца людзі спэцыфічнай для спэцслужбаў зьнешнасьці.
  • Я дала абяцаньне выцягнуць яго адтуль. Ці пратрымаецца Лукашэнка 15 гадоў? Тут гадоў за пяць можа ўсё перавярнуцца з ног на галаву. А можа і за год.

«Я павінна гаварыць пра яго паўсюль і ўвесь час, нават калі страшна»

— Даша, калісьці я запытала Сьвятлану Ціханоўскую, як уплывае на яе рашэньні і ўчынкі тое, што яна жонка палітвязьня. Яна адказала, што ніколі ня думала пра сябе толькі як пра жонку палітвязьня. Што такое быць жонкай беларускага палітвязьня? Гэта ж ня толькі перадачы вазіць і лісты пісаць...

— Гэта ня толькі перадачы і лісты. Усё гэта мы павінны рабіць па змаўчаньні. Быць жонкай палітвязьня азначае яшчэ і тое, што ты павінна нагадваць усім беларусам і ўсяму сьвету, што палітвязьні ў Беларусі ёсьць, у прыватнасьці Ігар Лосік, Я павінна гаварыць пра яго паўсюль і ўвесь час, нават калі страшна, нават калі ёсьць верагоднасьць, што табой зацікавяцца спэцслужбы Беларусі. Усё роўна гэта трэба рабіць, бо ніхто, акрамя блізкіх людзей палітвязьняў, ня зробіць гэтага лепей.

— Ці адчуваеш сябе ня толькі жонкай палітвязьня, але і грамадзкай дзяячкай?

— Напэўна, так, але я спэцыяльна не імкнулася быць публічнай асобай. Сытуацыя мяне паставіла ў такія ўмовы, калі я павінна гаварыць на ўсю Беларусь і на ўвесь сьвет, каб мяне пачулі. Гэта пабочны эфэкт таго, што я гучна заяўляю пра сытуацыю, у якой апынуўся мой муж і мая сям’я.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я напісала першай». Гісторыя каханьня Ігара і Дар’і Лосікаў

«Ігар ведае, што калі яму прынесьлі перадачу, значыць, я раніцай была ў СІЗА»

— У Салжаніцына ёсьць апавяданьне «Адзін дзень Івана Дзянісавіча». Па аналёгіі зь ім на Свабодзе зьявіліся дзьве кнігі «Адзін дзень палітвязьня», героі якіх — амаль 100 палітвязьняў часоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі, гісторыі якіх напісаныя праз прызму аднаго дня. Давай паспрабуем апісаць адзін дзень жонкі палітвязьня. Напрыклад, адзін з тых, калі ты вязеш перадачу мужу...

— Ад Баранавічаў да Гомельскага СІЗА 450 кілямэтраў. І мне трэба вярнуцца — гэта яшчэ 450 кілямэтраў. Разам 900 кілямэтраў у дзень на аўтамабілі. Практычна я праводжу 9-гадзінны працоўны дзень за рулём. Устаю ўначы ў 3:30, у 4:30 я выяжджаю, каб прыехаць у СІЗА да таго часу, як пачнуць прымаць перадачы. Часам я прашу заняць мне чаргу ўжо знаёмых мне людзей, якія, пакуль ішоў суд, былі са мной. Яны спагадлівыя і заўсёды мне дапамагаюць гэта рабіць.

Такім чынам, пераадолеўшы 450 кілямэтраў на машыне, прыходжу да СІЗА, часам ёсьць чарга, часам няма, і пачынаю перадаваць усё па сьпісе, складзеным дома. На месяц дазваляюць перадаць 30 кіляграмаў. Можна езьдзіць хоць кожны дзень, але не перавысіць гэты месячны ліміт. Я ежджу перадаць перадачу двойчы на тыдзень.

Я перакананая, што кухня ў СІЗА пакідае жадаць лепшага, і мне хочацца, каб у Ігара былі як мага часьцей сьвежыя і добрыя прадукты з волі. Ён ведае, што гэтыя харчы ад мяне. Пасьля таго як я сабрала перадачу, нарэзала ўсё, што можна нарэзаць, і склала ў празрыстыя пакецікі, дастаючы ўсё з заводзкіх упаковак, я пішу заяву, у якой ёсьць імя, прозьвішча, адрас, нумар мабільнага тэлефона. Гэтую заяву яму перадаюць разам зь перадачай, таму ён, натуральна, бачыць, ад каго гэта. Ён ведае, што калі яму прынесьлі перадачу, значыць, я раніцай была ў СІЗА. Гэта нібы спатканьне скрозь сьцены, дыстанцыйнае, а рэальных было ўжо 6 спатканьняў праз шкло, якія дазволіў суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка палітвязьня Ігара Лосіка звольнілася з баранавіцкай паліклінікі

«Мікола Статкевіч сказаў, што ён тут толькі дзеля таго, каб пабачыць сваю жонку»

— Раскажы пра дзень, калі быў абвешчаны прысуд, калі ты пабачыла Ігара, калі Марына Адамовіч пабачыла Міколу Статкевіча.

— Той дзень памятаю па хвілінах. Мне пазванілі з Гомельскага абласнога суду і сказалі, што родныя тых, каму вынесуць прысуд, павінны быць у 13:30 на ганку СІЗА. Заводзілі нас доўга, спачатку ў адзін пакой, дзе мы пасядзелі 10 хвілін, потым у іншы пакой, дзе пасядзелі 15 хвілін. Нас суправаджалі ўвесь час два супрацоўнікі СІЗА і два амапаўцы. Уявіце, трое жанчын без тэлефонаў і іншых прадметаў, і іх такім чынам канваіруюць па СІЗА. Адразу становіцца зразумела, наколькі вялікі ў іх страх, што тры жанчыны могуць там нешта зрабіць.

У выніку прывялі ў залю суду, памяшканьне, зусім не падрыхтаванае да таго, каб там праводзіць судовыя паседжаньні. Там стаяла клетка, хлопцы ўсе ўжо былі на месцах, іх завялі раней. Нас пасадзілі тварамі да судзьдзі і двух народных засядацеляў. Мікола Статкевіч сказаў, што ён тут толькі дзеля таго, каб пабачыць сваю жонку. Амапаўцы, што стаялі вакол клеткі, перашкаджалі яму. Яны адышлі трошкі, і Мікола змог пабачыць Марыну. Ігар памяняўся зь Дзімам Паповым месцамі, каб Ігару было зручней на мяне глядзець.

Шчыра скажу, мы слухалі толькі тую частку, калі абвяшчалі колькасьць гадоў, якія кожнаму прысудзілі. Да гэтага зачытвалі, што канфіскавана на карысьць дзяржавы, гэта нас не цікавіла. Увесь гэты час я імкнулася глядзець на Ігара. Ён выкрыкнуў, што ён мяне вельмі моцна кахае. У адказ я сказала, што буду ўсімі шляхамі даставаць яго адтуль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша ніва» назвала чалавекам году Дар’ю Лосік, жонку блогера Ігара Лосіка, асуджанага на 15 гадоў

«У СІЗА нельга прылегчы, нельга нешта рабіць, акрамя таго як чытаць лісты ці адказваць на лісты»

— Памятаю, што тады Сяргей Ціханоўскі стаяў сьпінаю да суду. Ігар Лосік мае магчымасьць адчуваць тваю прысутнасьць скрозь сьцены СІЗА, калі ты прывозіш перадачу. Ён ведае, што ты едзеш гэтыя 450 кілямэтраў ад Баранавічаў да СІЗА і назад, і гэта дае яму сілы. На спатканьне да палітвязьня могуць прыйсьці толькі родныя. Да Сяргея Ціханоўскага не прыходзіць ніхто. У Беларусі толькі ягоная маці, але з прычыны стану здароўя яна ня можа гэта зрабіць — нават, хутчэй, Сяргей яе аберагае такім чынам. Як можна падтрымаць вязьня, у якога няма спатканьняў?

— Тыя, хто ў Беларусі, хай як мага болей пішуць лісты, каб заняць палітвязьня. Час у СІЗА цягнецца шалёна марудна. Там нельга прылегчы, нельга нешта рабіць, акрамя таго як чытаць лісты ці адказваць на лісты. Таму, каб чалавек не адчуваў сябе самотным, я прашу пісаць лісты тых, хто ў Беларусі. У Гомельскае СІЗА не праходзяць лісты з-за мяжы. Але тыя, хто хоча пісаць з-за мяжы, хай таксама гэта робяць, проста дзеля таго, каб адміністрацыя турмы пабачыла, што зьняволеныя ў Беларусі не забытыя. Таксама можна перавесьці грашовы перавод. На спатканьне, на жаль, трапіць нельга, але такімі спосабамі падтрымаць можна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакажу кіно палітвязьням у Менску», — рэжысэр Аляксей Палуян, чый фільм трапіў у лонг-ліст «Оскара»

«Пасадзілі адзін раз, усе прамаўчалі — значыць, так і трэба, пасадзім другі, трэці, пяты і дзясяты раз»

— Калі я рабіла інтэрвію з Аляксеем Палуянам, рэжысэрам фільму «Сьмеласьць», ураджэнцам Баранавічаў, як і ты зь Ігарам, я запытала яго: калі б яму прапанавалі зьняць кіно пра Ігара і ягоную жонку Дарʼю Лосік, якое б гэта магло быць кіно? Палуян адказаў: «На жаль, я не знаёмы зь Ігарам, але вельмі ганаруся, што мы зь ім землякі. Я вельмі ганаруся пазыцыяй ягонай жонкі. Калі б я здымаў фільм, то гэта было б кіно пра барацьбу ягонай жонкі. Пазыцыя, якую займае ягоная жонка, заслугоўвае вялікай павагі. Дарʼя — калектыўны беларускі вобраз барацьбы за сваіх мужчын, якія зараз у турме». Кім з жонак палітвязьняў вы захапляецеся, з кім сябруеце, каго падтрымліваеце?

— Жонка палітвязьня найперш павінна не баяцца, таму што страх не дае табе дзейнічаць. Ты сумняесься, ты баісься, ты можаш прапусьціць момант, калі трэба нешта зрабіць. Я кантактую з Марынай Адамовіч і Воляй Севярынец. У нас ёсьць агульныя тэмы, мы можам падтрымаць адна адну, параіцца. Хай сытуацыя і жахлівая, але гэтыя людзі, зь якімі я пазнаёмілася, проста прыўкрасныя. Думаю, што калі ўсё скончыцца, мы і далей працягнем зь імі мець зносіны.

— Часам родныя палітвязьняў ня хочуць кантактаваць зь незалежнымі СМІ, да таго ж прызнанымі экстрэмісцкімі. Думаюць, што такім чынам зробяць горш. Ці спрыяе гэта вызваленьню, як лічыш?

— Мне незразумелая іх пазыцыя. Як чалавек, які гаворыць адкрыта, я не разумею, што можа быць горшага (акрамя сьмерці і цяжкай хваробы), калі твой чалавек у турме? Сесьці і маўчаць? Гэта ня выйсьце. Чым больш мы пра іх гаворым, тым у большай яны бясьпецы. Ёсьць практыка зьдзекаў з палітвязьняў, іх прэсуюць, саджаюць у ШЫЗА, ПКТ, карцары. Кожны такі выпадак павінен быць асьветлены публічна. Тады стане ясна, што за гэтым палітвязьнем стаяць людзі, што за ім сочаць, што зь яго нельга зьдзекавацца і рабіць што заўгодна. Мая пазыцыя — гаварыць пра любую праблему, ці то блякаваньне лістоў, карцар ні за што... Пасадзілі адзін раз, усе прамаўчалі — значыць, так і трэба, пасадзім другі, трэці, пяты і дзясяты раз, Гэта ненармальна, так быць не павінна.

— Цяпер вайна ва Ўкраіне, і менш увагі да палітвязьняў...

— Тэму вайны нельга пасоўваць, яна павінна быць. Але ў Беларусі рэпрэсіі не спыняюцца, у некаторых выпадках стала нават горш. Аднавіліся катаваньні ў ІЧУ — у шасьцімесную камэру саджаюць 30 чалавек без матрацаў і сродкаў гігіены. Пра гэта трэба гаварыць. Разумею, што людзі, якія трапілі ў ІЧУ, могуць баяцца, што калі раскажуць пра гэта, то трапяць туды яшчэ раз. Але калі гэта замаўчаць, значыць, гэтага не было, і Лукашэнка зь вялікай трыбуны можа сказаць, што ў нас усё цудоўна і добра. Чым больш мы вывальваем на іх праўды, тым больш становіцца вядома. Зразумела, што пра Ўкраіну цяпер шмат інфармацыі, таму столькі ж інфармацыі павінна быць і пра Беларусь, і пра палітвязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дар’я Лосік: Я крыкнула Ігару, што абяцаю выцягнуць яго адсюль

«У Гомлі за 6 месяцаў нагледзелася на тое, як спэцслужбісты выглядаюць, і цяпер лёгка іх бачу ў натоўпе»

— Ці адчуваеш ты, што за табой сочаць спэцслужбы? Як ты з гэтым жывеш? Як рэагуеш?

— Іх вельмі добра бачна. Я перакананая і ведаю нават месца, дзе ў маёй машыне стаіць праслушка, у кватэры, найверагодней, яна таксама ёсьць. Пэрыядычна людзі спэцыфічнай зьнешнасьці, банальнай для спэцслужбаў, знаходзяцца побач. Гэта людзі ў цывільнай вопратцы, дастаткова цёмнай — нейкія спартовыя штаны і курткі, шапкі, часта чалавек стаіць у капюшоне, часам у вуху навушнік.

Я ў Гомлі за 6 месяцаў нагледзелася на тое, як яны выглядаюць, і цяпер лёгка іх бачу ў натоўпе. Пэрыядычна здараюцца паломкі аўтамабіля, хоць яны не павінны быць, бо мой аўтамабіль кожныя тры месяцы праходзіць поўнае тэхабслугоўваньне. Гэта паломкі, якія за тры гады эксплюатацыі аўтамабіля проста ня могуць быць. Я адчуваю іх прысутнасьць практычна заўсёды, калі знаходжуся ў Беларусі. Часам, калі еду ў Гомель у 4:30 раніцы, уключаю на поўную гучнасьць музыку і кажу: «Добрай раніцы, хлопцы, прачынаемся». Пераводжу ўсё на жарт, бо калі кожны раз зацыклівацца на гэтым, можна звар’яцець.

— Як часта ты сутыкаесься з салідарнасьцю, з падтрымкай, з дапамогай? Даведаўшыся, хто ты, як людзі рэагуюць? Што дае табе гэтая вядомасьць?

— Так, часам пазнаюць. Калі ехала ў Прагу, у аўтобусе мужчына падышоў і запытаў, ці вы жонка. Так, я жонка, адказала. Заўсёды людзі жадаюць сілаў, цярпеньня, вызваленьня. Гэта вялізарная падтрымка, яна матывуе і дапамагае ісьці далей. Без падтрымкі людзей было б складана.

— Мы запісваем інтэрвію, калі ты знаходзісься ў Чэхіі. У Празе вісяць плякаты ў падтрымку Ігара Лосіка і іншых палітвязьняў. Раскажы пра сустрэчы ў Чэхіі. Якія словы падтрымкі ты пачула?

— Гэта былі сустрэчы ў парлямэнце, МЗС, іншых інстытуцыях. Дастаткова высокі ўзровень. Спадзяюся, што яны дадуць плён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А калі нам аддадуць тату?» Дар’я Лосік у дзень нараджэньня дачкі расказала, як малая чакае бацьку

«Мы зробім максымум для таго, каб ты як найхутчэй змог абняць дачку, мяне і бацькоў»

— Ігар Лосік атрымаў вялікі тэрмін. Ён ня будзе сядзець гэтыя пятнаццаць гадоў, але пэўны час зьняволеньне працягнецца. Як вы з мужам успрымаеце гэты тэрмін, да чаго гатовыя?

— Няма рамак, я не кажу пра канкрэтныя лічбы. Мы робім усё, каб проста наблізіцца да сваёй мэты, не загадваем на нейкі час наперад. Я яму сказала, што раблю ўсё, што магу, і буду старацца. Я дала абяцаньне выцягнуць яго адтуль. Ці пратрымаецца Лукашэнка 15 гадоў? Тут гадоў за пяць можа ўсё перавярнуцца з ног на галаву. А можа і за год. Мы ня ведаем. Спачатку я давала паўгода, год... Калі гэтага не адбываецца, гэта цябе дэматывуе, таму мы жывём сёньняшнім днём і за кожны дзень спрабуем зрабіць нешта максымальна добрае, каб наблізіць момант, калі мы будзем разам.

— Давай уявім, што нас можа чуць Ігар Лосік. Што б ты яму сказала?

— Ігар, ты той самы адзіны любімы чалавек, які для мяне азначае практычна ўсё ў маім жыцьці. Магчыма, табе з турмы ня вельмі бачна тое, што цяпер раблю я і іншыя людзі. Павер, калі ласка, мы зробім максымум для таго, каб ты як найхутчэй змог абняць дачку, мяне і бацькоў. Вельмі моцна кахаю і буду заўсёды з табой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дар’я Лосік — Лукашэнку: «Дакажыце, што вы не баязьлівец». ВІДЭА