«Зьнішчана 98% Марыюпалю. Але мы адбудуем горад», — намесьнік камандзіра палку «Азоў» расказаў аб сытуацыі ў блякадным горадзе

Жылы дом у Марыюпалі пасьля расейскіх бамбаваньняў, 25 сакавіка 2022 году

Намесьнік камандзіра палку «Азоў» Сьвятаслаў Паламар («Каліна») расказаў, што сёньняшнія маштабы бамбаваньняў і абстрэлаў Марыюпалю расейскімі сіламі можна параўнаць з Другой сусьветнай вайной.

«Акрамя авіяцыі, звышмагутных бомбаў, сыстэмаў залпавага агню, артылерыйскіх удараў, танкаў, сыстэмы „Санцапёк“, якая проста выпальвае ўсё на сьвеце, аж бэтон гарыць, дадаліся вялікія дэсантныя караблі, якія хаатычна абстрэльвалі горад з вады», — расказаў Сьвятаслаў Паламар у інтэрвію Delfi.

Ён кажа, што Расея выкарыстоўвае тактыку, якую прымяняла падчас усіх сваіх войнаў:

«Яны пасылаюць непадрыхтаваных: салдатаў тэрміновай службы, змабілізаваных, кантрактнікаў рэгулярных расейскіх войскаў, калябарантаў з Данецку і Луганску. А таксама наймітаў з Каўказу і іншых куткоў Расеі. Гэта ня выдумкі. Мы бралі палонных і бачылі прапіскі ў іхных пашпартах. Гэтыя людзі ня маюць абароны: бронекамізэлькі, каскі. Яны ня лічацца з чалавечымі жыцьцямі (...) Мы іх зьнішчаем. Пасьля гэтага яны засыпаюць нас усімі магчымымі артылерыйскімі сыстэмамі.

Нягледзячы на свае страты, яны спрабуюць прасоўвацца наперад і ў іх рэальна стаяць заградатрады, якія расстрэльваюць байцоў, калі тыя ня хочуць ісьці наперад. Іх пакідаюць з адным аўтаматам, даюць чатыры магазыны патронаў і кажуць: „А астатнюю зброю забярэш у забітага ўкраінца“. Так яны ваююць!» — расказвае Сьвятаслаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У расейскіх салдатаў абмаражэньні, не хапае намётаў і зімовай уніформы». Заснавальнік CIT пра першы месяц вайны ва Ўкраіне

Трупы расейскіх салдатаў ляжаць у горадзе, іх ня могуць хаваць ні ўкраінскія вайскоўцы, ні гараджане. Крамлю і расейскаму кіраўніцтву яны не патрэбныя, кажа ўкраінскі вайсковец. Целы раскладаюцца, атручваюць паветра, зямлю і ваду. Акрамя таго, расейскія акупанты парушаюць правілы вядзеньня вайны. Напрыклад, пераапранаюцца ў цывільнае адзеньне, але са зброяй у руках.

«Каліна» ў «Азове» з 2014 года. Тады яшчэ батальён быў адным з падразьдзяленьняў, якія вызвалілі горад Сьвятой Марыі, як называюць Марыюпаль, 13 чэрвеня 2014 году.

«У „Азове“ кажуць: Пуцін зламаў зубы аб Марыюпаль. І зьнішчыць яго — гэта ідэя-фікс дыктатара. Сёньня я не перабольшу, калі скажу, што 98% Марыюпалю зьнішчана. Але мы верым, што зможам яго адбудаваць», — кажа Паламар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі алігарх Ахметаў: Марыюпальскія мэталюргічныя прадпрыемствы ў акупацыі працаваць ня будуць

Ён кажа, што ваенныя злачынствы Расеі ў Марыюпалі — сапраўдная гуманітарная катастрофа: няма вады, прадуктаў, лекаў, цяпла, электрычнасьці, сувязі. Аднак у горадзе ўсё яшчэ знаходзяцца, паводле ацэнак Сьвятаслава, каля сотні тысяч чалавек. Украінскія вайскоўцы спрабуюць дапамагаць цывільным, якія засталіся ў горадзе: ежай, вадой, аддалі палявую кухню, каб можна было гатаваць.

«Некалькі дзён таму прыехала „гуманітарная місія“, — апавядае Паламар пра дзеяньні агрэсара. — Яны прывезьлі пару скрыначак печыва. Людзі невядома колькі ня елі. Зразумела, што яны пацягнуцца да гэтай падачкі. І яны зьнялі на пяць хвілін прапагандысцкую карцінку (...) У людзей няма інтэрнэту, і ім актыўна расказваюць, што Запарожжа ўжо пад кантролем Расеі, што Адэса расейская. Акрамя таго, людзей сілком вывозяць на тэрыторыю Расеі. Да мяне зьвярнуўся афіцэр. Яго жонку і дзяцей забралі ў Растоўскую вобласьць. Яна толькі і пасьпела, што СМС напісаць. Ёсьць факты расстрэлаў вайскоўцаў і іх сямейнікаў на тэрыторыях, якія трапляюць пад акупацыю», — пералічвае «Каліна».

Таксама ён кажа, што акупанты вяжуць белыя павязкі на цывільных (белыя павязкі — адзін з адметных колераў акупацыйных войскаў), яны захопліваюць лякарні і бяруць пацыентаў у закладнікі, страляюць з праваслаўнага храма ў цэнтры гораду:

«Людзі хворыя, людзям патрэбен інсулін, лекі. Яны паміраюць ад голаду. Людзям няма чаго піць. Пра гэта трэба казаць! Міжнародныя гуманітарныя арганізацыі павінны прыехаць сюды і зафіксаваць гэта ўсё. Калі Пуцін захопіць, ён зробіць так, што сатрэ з памяці ўсё. Злачынная акцыя Пуціна у сувязі з бамбаваньнем Марыюпалю мае адну мэту — схаваць лічбы зьдзейсьненых імі злачынстваў.

Бо папраўдзе лічбы калясальныя. Калі мы чытаем, што ва Ўкраіне загінулі сто з чымсьці дзяцей... Зайдзіце сюды. Параскопвайце ўсе гэтыя магілы, разьбярыце ўсе завалы, і сьвет будзе ў жаху. Тут катастрофа! Трэба людзей хаваць. Хаваць іх няма змогі. Каго змаглі, таго закапалі. Каго не змаглі, дагэтуль ляжаць на вуліцы, пад заваламі, паміж сьценамі разбураных дамоў, замураваныя жыўцом у падвалах. Ці шмат у Марыюпалі братніх магілаў? Шмат».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мёртвыя ляжаць у пад’ездах, на бальконах, у дварах». Што расказваюць тыя, хто выехаў з Марыюпалю. ФОТА

У Марыюпалі няма мабільнай сувязі. Прадстаўнікі «Київстару» паставілі вышку. У цэнтры гораду, дзе хоць неяк лавіла сувязь ад гэтай вышкі, зьбіраліся людзі.

«Яны спрабавалі паслаць нейкую вестачку: жывыя ці не, хто памёр — у вонкавы сьвет. Пасьля гэтага туды пайшоў удар „Градамі“. Гэта злачынства. Але найбольшае злачынства — гэта калі пасьля гэтага туды прыехалі паліцыянты, валянтэры, вайскоўцы, людзі і дапамагалі разграбаць тое, што тыя нарабілі, праз 15 хвілін быў паўторны абстрэл. Вось у чым нахабства і цынізм. Яны ж не проста ўчыняюць злачынствы падчас вайны. Яны расстрэльвалі гараджан дзеля задавальненьня».

Марыюпаль мае будучыню, верыць Паламар. Ён кажа:

«Калі горад дэблякуюць, мы выганім ворага і адбудуем Марыюпаль. Ваяваць у такіх умовах, у якіх ваююць нашы хлопцы, і ня верыць немагчыма... Людзям патрэбная дапамога. Людзям патрэбная цішыня. І мір. Але расейцы ж сюды не дапускаюць нікога! Нікога, хто можа стаць сьведкам іх жудасных злачынстваў, зьняць на фота ці відэа наступствы разбурэньняў. Яны бяруць у закладнікі журналістаў. Яны іх б’юць. Навошта? Бо ўбачанае тут журналісты перададуць іншым. І іх злачынствы ўбачыць сьвет. Расея ня можа гэтага дапусьціць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як са спадарожніка выглядаюць Чарнігаў, Марыюпаль і Кіеў пасьля расейскіх бамбаваньняў. ФОТА

«Каліна» таксама зьвярнуўся да сьвету: «Пачніце дзейнічаць! Перастаньце ўжо заклікаць. Вазьміце прыклад з нашых вайскоўцаў. Закрытае неба выратавала б ня толькі Марыюпаль, а і ўсю Ўкраіну. Характару, мужнасьці, волі ў нашых вайскоўцаў дастаткова. Паверце».

З 1 сакавіка Марыюпаль у поўнай блякадзе. З таго часу ў ваколіцах ідуць няспынныя вулічныя баі, аднак узяць горад расейцам не ўдаецца.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.