Расейскія вайскоўцы масава дэпартуюць насельніцтва акупаваных тэрыторый

Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Людміла Дзянісава

Расейскія вайскоўцы масава дэпартуюць грамадзянаў Украіны з акупаваных тэрыторый. Пра гэта 27 сакавіка паведаміла ў фэйсбуку ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Людміла Дзянісава.

«Міністэрства абароны акупанта рапартуе, што з Херсонскай вобласьці ўжо вывезена 90 тысяч грамадзянаў Украіны, Малдовы і РФ. Падставай для перамяшчэньня рашысты называюць “зварот пасольстваў і заяўкі, пададзеныя ў ваенную камэндатуру Херсону“», — напісала Дзянісава.

Толькі за мінулыя суткі зь непадкантрольных Кіеву тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей вывезьлі больш за 19 600 мірных жыхароў, у тым ліку 3300 дзяцей. Дзянісава спаслалася на начальніка Нацыянальнага цэнтру кіраваньня абаронай РФ генэрал-палкоўніка Міхаіла Мізінцава.

Паводле яго , з Украіны расейскія вайскоўцы ўжо вывезьлі каля 440 тысяч мірных жыхароў, зь іх больш за 91 тысячу — дзеці. У прыватнасьці, з Марыюпалю расейскае войска вывезла больш за 98 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі даў першае з пачатку вайны інтэрвію расейскім СМІ. Расейскія ўлады патрабуюць устрымацца ад публікацыі

«Маштабы прымусовага перамяшчэньня супастаўныя толькі з дэпартацыяй, якую праводзіў Гітлер у другую сусьветную вайну. Краіна-акупант цынічна і груба парушае нормы артыкулу 49 Жэнеўскай канвэнцыі аб абароне цывільнага насельніцтва падчас вайны, якая забараняе ажыцьцяўляць прымусовае перасяленьне або дэпартацыю асоб з акупаванай тэрыторыі. Зьвяртаюся ў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа распачаць усе магчымыя меры для спрыяньня ў вяртаньні незаконна вывезеных у РФ украінцаў і адкрыцьці бясьпечных гуманітарных калідораў з рэгіёнаў вядзеньня баявых дзеяньняў. Заклікаю міжнародную супольнасьць яшчэ больш ціснуць на дзяржаву-акупанта для вызваленьня ўсёй тэрыторыі Ўкраіны ад рашысцкай арміі», — заявіла амбудсмэнка.

Міністарка ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Верашчук раней паведаміла, што ўкраінскія ўлады зьвярнуліся ў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа з патрабаваньнем атрымаць ад Расеі сьпісы ўсіх прымусова дэпартаваных з Марыюпалю грамадзян Украіны.

  • Украінскія ўлады штодня спрабуюць вывезьці з ахопленых баявымі дзеяньнямі раёнаў мірнае насельніцтва і завезьці туды рэчы першай неабходнасьці і харчаваньне. Расейскі бок неаднаразова зрываў эвакуацыю цывільных, абстрэльваючы маршруты, па якіх павінны былі вывозіць людзей. Пры гэтым Расея абвінавачвала ў зрыве эвакуацыі ўкраінскі бок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мне цяжка перастаць жадаць гібелі ўсёй Расеі, — Сьвятлана Курс
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Марыюпалі зьявіўся меркаваны забойца расейскага палітыка Барыса Нямцова