Галоўнае на гэты момант
- У акупаваным расейцамі Генічаску, паводле дэпутата Херсонскай абласной рады, падпалілі вайсковы камісарыят.
- У Львове толькі пад раніцу зьліквідавалі пажар на нафтабазе, куды пацэліла расейская ракета 26 сакавіка.
- Уладзімір Зяленскі лічыць, што для бясьпекі ўсёй Эўропы NATO трэба даць самалёты і супрацькарабельную зброю Ўкраіне.
- Украінцы вызвалілі Трасьцянец.
- Джо Байдэн выступіў у Польшчы зь вялікай прамовай пра вайну ва Ўкраіне. «Мы бачым, як украінцы дэманструюць, што адзінства народа мацнейшае за задумы аднаго жорсткага дыктатара. Дыктатар, які імкнецца аднавіць імпэрыю, што даўна сышла, не даможацца сваёй мэты, бо людзі ня хочуць жыць у ягоным сьвеце».
- У выніку расейскага артылерыйскага абстрэлу загарэлася нафтасховішча ў Львове. Пацярпелі 5 чалавек.
- Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч паведаміў пра гібель расейскага генэрал-лейтэнанта, камандуючага 49-й агульнавайсковай арміі Паўднёвай вайсковай акругі Якава Разанцава. «Гэта адбылося на аэрадроме Чарнабаеўка», — сказаў Аляксей Арастовіч.
- Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра гібель на вайне ва Ўкраіне 1351 свайго вайскоўца, яшчэ 3825 атрымалі раненьні.
- Паводле UNICEF, за месяц вайны ва Ўкраіне звыш 4,3 мільёна ўкраінскіх дзяцей (больш за палову дзіцячага насельніцтва краіны) сталі ўцекачамі. 1,8 мільёна дзяцей пераехалі ў іншыя краіны, 2,5 мільёна дзяцей мусілі перасяліцца ўнутры краіны.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 27 сакавіка
Жыхары Генічэску падпалілі ваенкамат
Дэпутат Херсонскай абласной рады Сяргей Хлан, які ў гэты момант ваюе за Ўкраіну, паведаміў у фэйсбуку, што жыхары акупаванага Расеяй Генічэску падпалілі мясцовы ваенкамат. Справа ў тым, што там разьмясьціліся вайскоўцы-захопнікі.
Таксама Хлань запісаў відэа пра дэакупацыю Херсону. Ён гаворыць аб тым, што ўкраінскія войскі хоць і ня вызвалілі горад за ўчора, як тое анансаваў прэс-сакратар Міністэрства абароны Маркіян Лубкіўскі, але ўжо знаходзяцца на подступах да яго, таму поўнае вызваленьне Херсону — «пытаньне часу».
15 абстрэлаў Харкава
За ноч расейскія войскі 15 разоў абстрэльвалі Харкаў са зброі далёкага дзеяньня. Ратавальнікі выяжджалі на пажары ў розныя раёны на ліквідацыю пажараў, што пачаліся пасьля абстрэлаў, сказаў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.
Нафтабаза ў Львове цалкам зруйнавана
Львоўская нафтабаза, у якую 26 сакавіка пацэліла расейская ракета, цалкам зруйнаваная. Пажар ліквідавалі толькі пад раніцу. Пра гэта распавёў кіраўнік Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі.
Кіеў: вызваленая Альхоўка
Украінскія вайскоўцы вызвалілі сяло Альхоўка ў некалькіх кілямэтрах ад Харкава. Камандзіры харкаўскага аддзелу Тэрытарыяльнай абароны Канстанцін Немічаў і Сяргей Вялічка заявілі пра 70 забітых расейскіх вайскоўцаў і 27 узятых у палон, піша Укрінформ.
Зяленскі зьвярнуўся да NATO
Галоўнай тэмай прамовы прэзыдэнта Ўкраіны стала бясьпека і яе забесьпячэньне. Афіцыйны Кіеў працягвае настойваць на тым, што краіна заслугоўвае большай увагі ад NATO і ёй неабходныя самалёты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімір Зяленскі: «Хто кіруе эўраатлянтычнай супольнасьцю? Масква ўсё яшчэ праз запалохваньне?»На вайне загінуў 39-гадовы львоўскі апэратар Юрый Алійнік
Львоўскі апэратар і фатограф, супрацоўнік 24 канала і ZAXID.NET Юрый Алійнік загінуў падчас баявых дзеяньняў з расейскімі акупацыйнымі войскамі ў Луганскай вобласьці, піша БАЖ. Ад першых дзён вайны ён быў вайскоўцам адной з брыгад Узброеных сіл Украіны.
Украінцы вызвалілі Трасьцянец
Украінскае войска вызваліла горад Трасьцянец Сумскай вобласьці на ўсходзе краіны і сяло Барамля побач зь ім. Пра гэта напісаў кіраўнік Сумскай абласной ваеннай адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі.
Расейскае войска не спыняе абстрэлы ў Луганскай вобласьці
Захопнікі нацэльваюцца на цывільную інфраструктуру, паведаміў кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго, за мінулыя суткі, 26 сакавіка, расейцы пашкодзілі 11 дамоў. Гэта тры шматпавярховікі і восем прыватных дамоў, якія пацярпелі ад агню войскаў краіны-агрэсара ў Севераданецку, Лісічанску і Рубежным. Акрамя таго, пад абстрэл трапіла школа ў вёсцы пад Лісічанскам, інфраструктура станцыі хуткай дапамогі ў Севераданецку і два аптовыя склады ў горадзе.
Таксама ў выніку варожых нападаў за суткі адбыліся 16 пажараў у жылым фондзе.
Два чалавекі пасьля атак атрымалі раненьні, чацьвёра выратаваны з-пад завалаў.
Па словах Гайдая, украінскія войскі працягваюць выціскаць расійскую армію з Рубежнага і Папаснай, дзе акупант часткова здолеў замацавацца. У некаторых раёнах гэтых гарадоў працягваюцца вулічныя баі.
Уцекачы ад вайны
Колькасьць уцекачоў з Украіны працягвае расьці. Новыя абстрэлы і бамбаваньні спрычыніліся да таго, што яшчэ некалькі сотняў тысяч украінцаў пакінулі радзіму на няпэўны час. Агульная колькасьць уцекачоў з 24 лютага, паводле статыстыкі ААН, — 3 725 806 чалавек.
Пераважна ўкраінцы адпраўляюцца ў Польшчу, а таксама ў Малдову, Румынію, Славаччыну, Вугоршчыну і іншыя краіны. Акрамя таго, ёсьць зьвесткі, што з акружанага Марыюпалю людзей прымусова вывозяць у Расею. Нязначная частка ўкраінцаў уцякла ад вайны ў Беларусь.
Што адбываецца ў Расеі
Міжнародная хакерская група Anonymous узламала Цэнтрабанк Расеі
Пра гэта хакеры паведамілі ў Twitter. Абяцаюць, што на працягу 48 гадзін будзе апублікавана больш за 35 тысяч файлаў з сакрэтнымі пагадненьнямі ЦБ РФ. Акрамя таго, хакеры ўзламалі сайты некалькіх кампаній, якія працягваюць працаваць у Расеі, нягледзячы на вайну. Гэта Auchan, Decathlon і Leroy Merlin.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
З 24 сакавіка сэрвіс грашовых пераводаў Western Union недаступны для беларусаў
Прычына — у заходніх санкцыях за вайну супраць Украіны. Цяпер можна атрымаць толькі грошы, адпраўленыя з-за мяжы да 21 сакавіка. Ад сёньняшняга дня немагчыма адправіць грошы ні ў Беларусь, ні зь яе. Аналягічная сытуацыя і ў Расеі.
Генштаб Украіны: Беларусь працягвае назапашваць на мяжы сілу і вайсковую тэхніку
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што па беларускай тэрыторыі працягваецца актыўнае перамяшчэньне расейскай і беларускай вайсковай тэхнікі. Са спасылкай на наяўную інфармацыю Генштаб паведаміў, што тэхніка зьбіраецца ўздоўж мяжы Беларусі з Украінай.
«Варожая авіяцыя працягвае ракетна-бомбавымі ўдарамі зьнішчаць аб’екты інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны ў Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай і Данецкай абласьцях. Пры гэтым акупанты працягваюць актыўна выкарыстоўваць аэрадромную сетку Рэспублікі Беларусь».
Украінскі Генштаб сьцьвярджае, што вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ «ажыцьцяўляе агрэсіўную прапагандысцкую дзейнасьць, накіраваную на вайскоўцаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, аб неабходнасьці ваеннага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны».
Як рэагуе сьвет
Брытанія перадасьць Украіне яшчэ 6000 ракет
На экстранай сустрэчы лідэраў краін NATO і «Вялікай сямёркі», якая адбудзецца ў Брусэлі ў чацьвер, Борыс Джонсан абвесьціць пра перадачу ўкраінскай арміі яшчэ шасьці тысяч ракет, паведамляе ВВС. Акрамя таго, брытанскі прэм’ер мае намер выдзеліць 25 млн фунтаў (33 млн даляраў) на плату ўкраінскім салдатам і лётчыкам.
Сусьветная служба BBC атрымае ад брытанскага ўраду дадатковыя 4,1 млн фунтаў на падтрымку ўкраінскай і расейскай моўных службаў.
Пратэст Баўгарыі і Польшчы
Баўгарыя адклікае свайго амбасадара з Масквы для кансультацый, пра гэта паведамляе Vesti.bg, спасылаючыся на прэм'ер-міністра краіны Кірыла Петкава.Польшча заблякавала банкаўскія рахункі расейскай амбасады. Падставай названае «фінансаваньне тэрарызму», паведаміў амбасадар Расеі.
Тры краіны ЭЗ прапанавалі «плян выратаваньня Ўкраіны» з 10 пунктаў
Прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі расказаў аб пляне з 10 дзеяньняў, якія, на думку польскіх уладаў, павінна выканаць Эўропа для выратаваньня Ўкраіны ад расейскай агрэсіі. Як сьцьвярджае Маравецкі – гэта сумесная прапанова Польшчы, Чэхіі і Славеніі.
- Адключэньне ад сыстэмы SWIFT усіх расейскіх банкаў
- Палітыка наданьня прытулку расейскім салдатам, якія адмовіліся ваяваць ва Ўкраіне
- Поўнае спыненьне расейскай прапаганды ў Эўропе
- Блякаваньне расейскіх караблёў у эўрапейскіх партах
- Закрыцьцё аўтамабільнага перамяшчэньня з Расеі і ў Расею
- Увядзеньне санкцый у дачыненьні да бізнэс-атачэньня расейскіх алігархаў
- Прыпыненьне выдачы эўрапейскіх віз для ўсіх расейскіх грамадзянаў
- Увядзеньне санкцый супраць усіх членаў «Адзінай Расеі»
- Забарона на экспарт у Расею любых тэхналёгій, якія могуць быць скарыстаныя ў ваенных мэтах
- Выключэньне Расеі з усіх міжнародных арганізацый.