Галоўнае на гэты момант
- Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн правёў у Варшаве перамовы з кіраўніком МЗС Украіны Дзьмітром Кулебам і міністрам абароны Аляксеем Рэзьнікавым. Ён таксама сустрэўся з украінскімі ўцекачамі і назваў Пуціна «мясьніком».
- Джо Байдэн выступіў у Польшчы зь вялікай прамовай пра вайну ва Ўкраіне. «Мы бачым, як украінцы дэманструюць, што адзінства народа мацнейшае за задумы аднаго жорсткага дыктатара. Дыктатар, які імкнецца аднавіць імпэрыю, што даўна сышла, не даможацца сваёй мэты, таму што людзі ня хочуць жыць у ягоным сьвеце».
- У выніку расейскага артылерыйскага абстрэлу загарэлася нафтасховішча ў Львове. Пацярпелі 5 чалавек.
- Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч паведаміў пра гібель расейскага генэрал-лейтэнанта, камандуючага 49-й агульнавайсковай арміі Паўднёвай вайсковай акругі Якава Разанцава. «Гэта адбылося на аэрадроме Чарнабаеўка», — сказаў Аляксей Арастовіч.
- Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра гібель на вайне ва Ўкраіне 1351 свайго вайскоўца, яшчэ 3825 атрымалі раненьні.
- Паводле UNICEF, за месяц вайны ва Ўкраіне звыш 4,3 мільёна ўкраінскіх дзяцей (больш за палову дзіцячага насельніцтва краіны) сталі ўцекачамі. 1,8 мільёна дзяцей пераехалі ў іншыя краіны, 2,5 мільёна дзяцей мусілі перасяліцца ўнутры краіны.
- Украіна ўзмацняе ціск на расейскія войскі на паўночным усходзе ад Кіева і ў жытомірскім кірунку.
- У Кіеве з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі пацярпела 87 дамоў, 10 прыватных сядзіб, 12 школ і 6 дзіцячых садкоў.
- Вайскова-марскія сілы Ўкраіны заявілі пра ўдар па расейскіх вайсковых караблях у акупаваным Бярдзянску, якія ім удалося падтапіць.
- Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 3,6 млн чалавек.
- У Краматорску расейцы выкарысталі забароненыя фосфарныя боепрыпасы.
- Расейцы зьнішчылі мост, які злучаў аточаны Чарнігаў з Кіевам.
- Пэнтагон: з 24 лютага каля 1100 ракет розных клясаў былі выпушчаныя Ўзброенымі сіламі РФ па аб’ектах ва Ўкраіне.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 26 сакавіка
У Львове рэжым паветранай трывогі, мэр паведаміў пра абстрэл гораду
Мэр Львова Андрэй Садавы паведаміў, што ўдзень 26 сакавіка горад трапіў пад абстрэл. У горадзе абвясьцілі паветраную трывогу.
«Прыляцела па Львове. Чакаем інфармацыі ад вайсковай адміністрацыі. Калі ласка, не дзяліцеся фота/відэа. Заставайцеся ў сховішчах», – напісаў Садавы ў Telegram.
Жыхары гораду паведамляюць у інтэрнэце, што чулі ў горадзе некалькі гукаў, падобных на выбух, кажуць пра хмары чорнага дыму ў небе і публікуюць у сацсетках відэа выбухаў.
Загінуў баец батальёна Кастуся Каліноўскага
Пад Ірпянём у кіеўскай вобласьці батальён Кастуся Каліноўскага зьнішчыў тры БМП расейскіх войскаў, аднак адзін з байцоў батальёну Зьміцер Апанасовіч быў моцна паранены, паведамілі на старонцы батальёну ў Фэйсбуку. Выратаваць жыцьцё Зьмітра не ўдалося.
Украінскі міністар расказаў пра разбурэньні ад пачатку вайны
З пачатку ўварваньня ва Украіну, якое пачалося 24 лютага, войскі РФ зьнішчылі каля 4500 жылых дамоў, каля 100 прадпрыемстваў, каля 400 навучальных устаноў і 150 устаноў аховы здароўя. Пра гэта 26 сакавіка паведаміў міністар разьвіцьця абшчын і тэрыторый Украіны Аляксей Чарнышоў.
Мэра Славуціча, які раней быў выкрадзены, адпусьцілі
Мэр украінскага горада Славуціч Юрый Фамічоў, аб выкраданьні якога расійскімі вайскоўцамі паведамлялася раней, на волі. УНІАН публікуе відэа яго выступу на сёньняшнім мітынгу.
Нагадаем, сёньня зьявілася інфармацыя, што расійскія войскі занялі горад Славуціч і выкралі Фамічова. Людзі выйшлі на мітынг у падтрымку Украіны, паведамляе кіраўнік украінскай партыі «Слуга народа» Алена Шуляк.
На Харкаўшчыне ўкраінскія войскі вызвалілі некалькі населеных пунктаў, але баі працягваюцца
Пра гэта паведаміў старшыня Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў у Telegram.
Ён заявіў, што Харкаўшчына трымае абарону.
«На сёньня: Узброеныя Сілы Украіны не толькі абараняюць свае пазыцыі, а пераходзяць у контрнаступленьне. У напрамку Малой Рагані ўжо вызвалілі некалькі населеных пунктаў, цяпер там ідуць баі», — заявіў Сінягубаў.
Расейскія вайскоўцы спрабуюць разагнаць мітынг у Славуцічы
Яны страляюць у паветра і кідаюць сьвятлошумавыя гранаты, заявіў кіраўніка Кіеўскай абласной адмінстрацыі Аляксандр Паўлюк.
Ён таксама паведаміў, што вайскоўцы выкралі кіраўніка горада Юрыя Фамічова.
Генштаб ВСУ распавёў аб стратах узброеных сіл РФ пасьля ўварваньня ва Украіну па стане на 26 сакавіка:
- Самалёты – 117
- Верталёты – 127
- Танкі – 575
- Бронемашыны – 1640
- Артылерыйскія сыстэмы – 293
- Сродкі СПА – 51
- Рэактыўныя сыстэмы залпавага агню – 91
- Аўтацыстэрны – 73
- Аўтатэхніка – 1131
- Караблі (катэры) – 7
- БПЛА апэратыўна-тактычнага ўзроўню – 56
- Асабісты склад – каля 16400 чалавек
Мінабароны Расеі адсправаздачылася, што групоўка расейскіх войскаў вядзе баявыя дзеяньні за авалоданьне населенымі пунктамі Наваміхайлаўка і Новабахмутоўка, наносіць агнявое паражэньне ў апорных пунктах і па яго рэзэрвах.
Па дадзеных расейскага боку крылатымі ракетамі "Калібр" зьнішчаны склад з боепрыпасамі і ўзбраеньнем у Жытомірскай вобласьці Ўкраіны. Высокадакладнай крылатай ракетай "Онікс" зьнішчана база ГЗМ ў раёне Нікалаева, якая забясьпечвала палівам групоўку ВСУ.
У выніку ўзброенай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне загінулі 136 дзяцей, амаль 200 параненыя
З-за штодзённых бамбардзіровак і абстрэлаў пашкоджаныя 570 навучальных устаноў, 73 з якіх разбураныя цалкам.
Працягваюцца баі ў Сумскай вобласьці
У Сумскай вобласьці працягваюцца баі ў Канатопскім, Ахтырскім і Сумскім раёнах.
Пра гэта старшыня Сумскай абласной ваенна-грамадзянскай адміністрацыі Дзьмітры Жывіцкі паведаміў у сваім ранішнім відэазвароце ў Telegram па сітуацыі ў вобласьці за мінулыя суткі.
«Сытуацыя застаецца напружанай, працягваюцца баі. Гэта Канатопскі раён – актыўная фаза баёў праходзіла за апошнія суткі. Гэта Ахтырскі раён, Сумскі раён», – адзначыў ён.
На ўскраінах Славуціча трэці дзень працягваюцца баі
Расейскія войскі абстрэльваюць горад з танкаў і мінамётаў.
На ўскраінах Славуціча на Кіеўшчыне трэці дзень працягваюцца баі, расейскія войскі ў горад не зайшлі, яго абаронцы трымаюць абарону.
Пра гэта ў камэнтары УНІАН паведаміў гарадзкі галава Славуціча Юрый Фамічоў.
«Трэці дзень баі. У горад яны не зайшлі. Баі ідуць на ўскраінах. Горад не здаем, але сілы не роўныя», — адзначыў ён.
Па словах Фамічова, страты з украінскага боку ёсьць, у тым ліку сярод мірных жыхароў.
У Жытоміры расейскія войскі нанесьлі ўдар па вайсковай частцы
У Жытоміры затрымалі двух карэкціроўшчыкаў агню па воінскай частцы.
Пра гэта паведаміў у вячэрнім відэазвароце гарадзкі кіраўнік Жытоміра Сяргей Сухамлін.
У Палтаўскай вобласьці паліцыя за месяц вайны адабрала ў мясцовых жыхароў 11 расейскіх танкаў
З пачатку шырокамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну паліцэйскія Палтаўскай вобласьці канфіскавалі з незаконнага абароту ў мясцовых жыхароў 11 танкаў.
Пра гэта паведаміў Яўген Рагачоў, начальнік паліцыі Палтаўскай вобласьці.
Рубежнае пад кантролем Украіны
Расейскіх вайскоўцаў удалося выбіць з аднаго з флянгаў. Расейскія войскі ня могуць цалкам заняць горад Рубежнае ў Луганскай вобласьці, паведаміў украінскай службе Радыё Свабода кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго, абстрэлы не спыняюцца, Расея выкарыстоўвае авіяцыю.
СБУ: зьліквідавалі 20 расейскіх выведна-дывэрсійных груп
Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла, што з пачатку ўварваньня Расеі на тэрыторыі Ўкраіны зьліквідавалі звыш 20 расейскіх выведна-дывэрсійных груп і затрымалі больш за 350 іхных прадстаўнікоў. Паводле СБУ, у прыватнасьці ў Кіеве зьнішчылі ўзброеную дывэрсійную групу, якая выдавала сябе за падразьдзяленьне тэрытарыяльнай абароны.
Краіны ЭЗ створаць фонд салідарнасьці для аднаўленьня Ўкраіны пасьля вайны
«Эўрапейскі Зьвяз абавязваецца аказваць падтрымку ўраду Ўкраіны для задавальненьня яго неадкладных патрэб, а пасьля спыненьня наступу Расеі — для аднаўленьня дэмакратычнай Украіны. З гэтай мэтай Эўрапейская рада пагаджаецца стварыць траставы фонд салідарнасьці з Украінай і запрашае да ўдзелу сваіх міжнародных партнэраў», — гаворыцца ў заяве лідэраў эўрапейскіх краін.
Украінскі генэрал прапанаваў узяць сябе ў палон у абмен на магчымасьць эвакуаваць дзяцей з Марыюпалю
Пра гэта Вячаслаў Аброськін напісаў на сваёй старонцы ў Facebook: «Сёньня ў цалкам разбураным горадзе засталося шмат дзяцей, якія, калі ня выратаваць зараз, загінуць у найбліжэйшыя дні, час ідзе ўжо на гадзіны. Зьвяртаюся да расейскіх акупантаў — дайце магчымасьць вывесьці дзяцей з Марыюпалю, замест яшчэ жывых дзяцей прапаную сябе».
Кіеў: расейцы пераходзяць на бок Украіны
Сярод расейскіх войскаў расьце колькасьць тых, хто пераходзіць на бок Украіны, каб змагацца з рэжымам прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Пра гэта паведамляе Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны.
«Усё больш расейскіх вайскоўцаў ня толькі адмаўляюцца браць удзел у вайне супраць Украіны, але і пераходзяць са зброяй у руках на бок Украіны для ўдзелу ў барацьбе супраць злачыннага рэжыму Пуціна», — гаворыцца ў паведамленьні.
Расейскія войскі 10-ы раз трапілі пад абстрэл у Чарнабаеўцы
Узброеныя сілы Ўкраіны зьдзейсьнілі дзясяты дзейсны абстрэл расейскіх войскаў у Чарнабаеўцы (Херсонская вобласьць). Пра гэта дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Аляксей Арастовіч напісаў у Facebook. Пры гэтым ён паведамляе, што зараз назіраецца масавы рух расейскіх акупантаў праз Антонаўскі мост — уцякаюць.
Больш за 100 расейскіх фізычных і юрыдычных асоб трапілі пад санкцыі Японіі
Японія пашырыла санкцыі супраць Расейскай Фэдэрацыі ў сувязі з поўнамаштабным уварваньнем ва Ўкраіну. Пра гэта паведамілі ў МЗС Японіі. Так, санкцыі прыменены да 25 фізычных асоб і да 81 юрыдычнай асобы. У прыватнасьці, пад санкцыі падпалі:
- дзеці прэс-сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова;
- былы памочнік Пуціна, кіраўнік дзяржкарпарацыі «Банк разьвіцьця зьнешнеэканамічнай дзейнасьці» Ігар Шувалаў і яго сям'я;
- расейскі мільярдэр Аляксей Мардашоў;
- сваякі алігархаў Барыса і Аркадзя Ротэнбергаў;
- сваякі сакратара Савету бясьпекі РФ Мікалая Патрушава;
- першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Пуціна Сяргей Кірыенка.
Сям'я Лукашэнкі апынулася пад санкцыямі Аўстраліі
Урад Аўстраліі пашырыў санкцыйны сьпіс, дадаўшы туды Аляксандра Лукашэнку і яго сямʼю. Пра гэта гаворыцца на сайце аўстралійскага ўраду. Санкцыі прымененыя да Аляксандра Лукашэнкі, яго афіцыйнай жонкі Галіны і яго старэйшага сына Віктара.
У Харкаве абстралялі чаргу па гуманітарную дапамогу. Шасьцёра загінулі
Кіраўнік Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў, што расейцы абстралялі мясцовых жыхароў, якія прыйшлі на пункт выдачы гуманітарнай дапамогі. «У раёне вуліцы Акадэміка Паўлава расейцы са зброі далёкага дзеяньня абстралялі пункт «Новай пошты», каля якога жыхары Харкава атрымлівалі гуманітарную дапамогу. Папярэдне вядома, што загінулі 6 мясцовых жыхароў, яшчэ 15 — параненыя», — паведаміў Алег Сінягубаў: «Гэта чарговае ваеннае злачынства расейскіх акупантаў».
Расея атакуе Луганскую вобласьць фосфарнымі бомбамі, — абласная ўлада
Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што ў ноч на 24 сакавіка расейскія войскі нанесьлі ракетныя ўдары па шасьці населеных пунктах рэгіёну: Севераданецку, Лісічанску, Рубежным, Крамянной, Навадружаску і Ваяводаўцы. Папярэдне вядома, што загінулі 4 чалавекі, у тым ліку 2 дзяцей, і 6 атрымалі раненьні. «На Рубежнае авіяцыя Расеі пачала скідаць фосфарныя бомбы. Таму, на жаль, колькасьць ахвяр можа быць значна большая», — паведаміў Сяргей Гайдай.
Ад пачатку агрэсіі Расеі ва Ўкраіне загінулі 135 дзяцей
Найбольш дзяцей пацярпелі ў Кіеўскай, Харкаўскай, Данецкай, Чарнігаўскай, Мікалаеўскай, Жытомірскай, Херсонскай, Сумскай абласьцях і ў Кіеве.
Ад абстрэлаў і бамбаваньня пацярпелі 566 школ, 73 зь іх цалкам зьнішчаныя.
Уцекачы ад вайны
Колькасьць уцекачоў з Украіны працягвае расьці. Новыя абстрэлы і бамбаваньні спрычыніліся да таго, што яшчэ некалькі сотняў тысяч украінцаў пакінулі радзіму на няпэўны час. Агульная колькасьць уцекачоў з 24 лютага, паводле статыстыкі ААН, — 3 725 806 чалавек.
Пераважна ўкраінцы адпраўляюцца ў Польшчу, а таксама ў Малдову, Румынію, Славаччыну, Вугоршчыну і іншыя краіны. Акрамя таго, ёсьць зьвесткі, што з акружанага Марыюпалю людзей прымусова вывозяць у Расею. Нязначная частка ўкраінцаў уцякла ад вайны ў Беларусь.
Што адбываецца ў Расеі
Міжнародная хакерская група Anonymous узламала Цэнтрабанк Расеі
Пра гэта хакеры паведамілі ў Twitter. Абяцаюць, што на працягу 48 гадзін будзе апублікавана больш за 35 тысяч файлаў з сакрэтнымі пагадненьнямі ЦБ РФ. Акрамя таго, хакеры ўзламалі сайты некалькіх кампаній, якія працягваюць працаваць у Расеі, нягледзячы на вайну. Гэта Auchan, Decathlon і Leroy Merlin.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
З 24 сакавіка сэрвіс грашовых пераводаў Western Union недаступны для беларусаў
Прычына — у заходніх санкцыях за вайну супраць Украіны. Цяпер можна атрымаць толькі грошы, адпраўленыя з-за мяжы да 21 сакавіка. Ад сёньняшняга дня немагчыма адправіць грошы ні ў Беларусь, ні зь яе. Аналягічная сытуацыя і ў Расеі.
Генштаб Украіны: Беларусь працягвае назапашваць на мяжы сілу і вайсковую тэхніку
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што па беларускай тэрыторыі працягваецца актыўнае перамяшчэньне расейскай і беларускай вайсковай тэхнікі. Са спасылкай на наяўную інфармацыю Генштаб паведаміў, што тэхніка зьбіраецца ўздоўж мяжы Беларусі з Украінай.
«Варожая авіяцыя працягвае ракетна-бомбавымі ўдарамі зьнішчаць аб’екты інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны ў Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай і Данецкай абласьцях. Пры гэтым акупанты працягваюць актыўна выкарыстоўваць аэрадромную сетку Рэспублікі Беларусь».
Украінскі Генштаб сьцьвярджае, што вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ «ажыцьцяўляе агрэсіўную прапагандысцкую дзейнасьць, накіраваную на вайскоўцаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, аб неабходнасьці ваеннага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны».
Як рэагуе сьвет
Брытанія перадасьць Украіне яшчэ 6000 ракет
На экстранай сустрэчы лідэраў краін NATO і «Вялікай сямёркі», якая адбудзецца ў Брусэлі ў чацьвер, Борыс Джонсан абвесьціць пра перадачу ўкраінскай арміі яшчэ шасьці тысяч ракет, паведамляе ВВС. Акрамя таго, брытанскі прэм’ер мае намер выдзеліць 25 млн фунтаў (33 млн даляраў) на плату ўкраінскім салдатам і лётчыкам.
Сусьветная служба BBC атрымае ад брытанскага ўраду дадатковыя 4,1 млн фунтаў на падтрымку ўкраінскай і расейскай моўных службаў.
Пратэст Баўгарыі і Польшчы
Баўгарыя адклікае свайго амбасадара з Масквы для кансультацый, пра гэта паведамляе Vesti.bg, спасылаючыся на прэм'ер-міністра краіны Кірыла Петкава.Польшча заблякавала банкаўскія рахункі расейскай амбасады. Падставай названае «фінансаваньне тэрарызму», паведаміў амбасадар Расеі.
Замарозка расейскіх актываў за мяжой
Італія, Нідэрлянды і Польшча замарозілі актывы расейскіх алігархаў на сотні мільёнаў эўра праз вайну ва Ўкраіне
Італія замарозіла актывы на суму $880 млн (€800 млн). Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Італіі Марыё Драгі, выступаючы ў ніжняй палаце парлямэнту.
Нідэрлянды замарозілі каля $431 млн (€392 млн) расейскіх актываў. Пры гэтым у міністэрстве адзначылі, што арышты актываў працягнуцца.
Польшча замарозіла на рахунках на сваёй тэрыторыі каля $33 млн (140 млн злотых). Пра гэта сказаў прэс-сакратар ураду Пётр Мюлер.
Раней Францыя замарозіла сродкі Цэнтрабанку Расеі на суму €22 млрд, а таксама рахункі і нерухомасьць прыватных асобаў, якія падпалі пад санкцыі, на суму €850 млн эўра.
Тры краіны ЭЗ прапанавалі «плян выратаваньня Ўкраіны» з 10 пунктаў
Прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі расказаў аб пляне з 10 дзеяньняў, якія, на думку польскіх уладаў, павінна выканаць Эўропа для выратаваньня Ўкраіны ад расейскай агрэсіі. Як сьцьвярджае Маравецкі – гэта сумесная прапанова Польшчы, Чэхіі і Славеніі.
- Адключэньне ад сыстэмы SWIFT усіх расейскіх банкаў
- Палітыка наданьня прытулку расейскім салдатам, якія адмовіліся ваяваць ва Ўкраіне
- Поўнае спыненьне расейскай прапаганды ў Эўропе
- Блякаваньне расейскіх караблёў у эўрапейскіх партах
- Закрыцьцё аўтамабільнага перамяшчэньня з Расеі і ў Расею
- Увядзеньне санкцый у дачыненьні да бізнэс-атачэньня расейскіх алігархаў
- Прыпыненьне выдачы эўрапейскіх віз для ўсіх расейскіх грамадзянаў
- Увядзеньне санкцый супраць усіх членаў «Адзінай Расеі»
- Забарона на экспарт у Расею любых тэхналёгій, якія могуць быць скарыстаныя ў ваенных мэтах
- Выключэньне Расеі з усіх міжнародных арганізацый.