«Мы са спадаром Зяленскім паціснулі рукі. У нас адзін вораг – Пуцін». Эксклюзіўнае інтэрвію Пятра Парашэнкі

Пятро Парашэнка

Пяты прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў эфіры тэлеканалу «Настоящее время» расказаў аб пляне дзеяньняў, які ён прадставіў Эўрапарлямэнту, аб новай старонцы адносін з дзейным прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім і аб тым, як зьмяніўся Уладзімір Пуцін за апошнія 10 гадоў.

— Скажыце, калі ласка, да каго канкрэтна вы зьвяртаецеся ў сваёй дыпляматычнай дзейнасьці? І якой дапамогі ў першую чаргу чакаеце?

— Па-першае, вельмі рады і дзякую вам за запрашэньне. Мы зьвяртаемся абсалютна да ўсіх нашых сяброў і партнэраў. Калі вы хочаце іх палічыць — то сёньня гэта больш за 140 краін сьвету. Гэта менавіта тыя партнэры, якія прагаласавалі за рэзалюцыю Генэральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гэта дэманструе, што пазыцыю Ўкраіны ў сьвеце падтрымлівае абсалютную большасьць. Можам параўнаць з партнэрамі Расейскай Фэдэрацыі, якія падтрымліваюць расейскія агрэсіўныя дзеяньні гэтых фашыстаў — такіх краін аказалася пяць. Гэта сама Расейская Фэдэрацыя, гэта Беларусь, якая зьяўляецца на сёньняшні дзень калёніяй Расейскай Фэдэрацыі з нелегітымным прэзыдэнтам, гэта Сірыя, якая ўтрымліваецца толькі на расейскай ваеншчыне, гэта Эрытрэя і сымбаль дэмакратыі — Паўночная Карэя. Больш Расея ў сьвеце саюзьнікаў не знайшла. Я б вельмі хацеў, каб тыя тэлегледачы, якія глядзяць [гэтую праграму] у Расейскай Фэдэрацыі, толькі ўявілі сабе, як гэтыя ваенныя злачынствы супраць чалавецтва ўспрымае сьвет. І за гэтыя злачынствы дакладна давядзецца адказваць. Прыйдзецца адказваць усім, хто падтрымлівае забойствы, катаваньні ўкраінцаў і вайну, супраць якой, як аказваецца, на сёньняшні дзень увесь мір.

— Якая дапамога ад усіх дзяржаў, якія аказваюць так ці інакш падтрымку Ўкраіне, патрэбна для таго, каб гэтая вайна скончылася?

— Вы ведаеце, ёсьць на сёньняшні дзень дакладнае разуменьне ўсяго сьвету, што для таго, каб хутчэй пракласьці дарогу да міру, Украіна павінна быць мацнейшай. Каб Украіна была мацнейшай, яна павінна быць узброеная. Так што пастаўкі зброі Ўкраіне — гэта і ёсьць найкарацейшы шлях да міру.

Але ёсьць і плян, які я два тыдні таму прэзэнтаваў, і з падзякай гэта было прынята прэзыдэнтам Зяленскім. Я накіраваў яго лідэрам сьвету, прэзэнтаваў яго ўчора на паседжаньні ў Эўрапарлямэнце. Ён складаецца з пяці пунктаў. Пункт першы: ён вельмі добра знаёмы расейцам, якія ўважліва вывучалі гісторыю вайны з нацызмам, называецца ён лэндліз. Лэндліз — гэта ўсё, ад харчаваньня да боепрыпасаў, ад танкаў да гармат, ад нейкіх сплаваў да тэхналёгій. І мы цьвёрда разьлічваем, што гэты лэндліз будзе прыняты на падтрымку Ўкраіны.
Другая пазыцыя — гэта закрытае неба. І зачыненае неба неабавязкова натаўскімі ракетамі. У нас ёсьць бліскучыя пілёты, якія прадэманстравалі [свае здольнасьці], не далі магчымасьці першынства ў паветры расейцам і ўжо зьбілі больш за 250 самалётаў і верталётаў, якія прыляцелі забіваць Украіну і ўкраінцаў. Так што панаваньне ў паветры павінна быць за кошт паставак самалётаў, у тым ліку МіГ-29, комплексаў супрацьпаветранай абароны, уключаючы С-300 — мы сапраўды тады абаронім неба.

Пазыцыя трэцяя — гэта другі фронт. Усё, акрамя салдат: туды ўваходзяць санкцыі, пякельныя санкцыі, якія павінны ўзмацняцца кожны дзень — да таго моманту, пакуль не будзе працаваць прымус Пуціна да міру. Гэта эмбарга на гандаль расейскімі таварамі, у першую чаргу нафтай, газам, забарона гандляваць расейскімі мэталамі, ад чорных мэталаў да золата, медзь, нікель, усё астатняе. І гэтае эмбарга дакладна спыніць [Расею]. Недапушчальна, калі сёньня [Расея атрымлівае за пастаўкі сыравіны] 1 мільярд даляраў у дзень — а гэта 300 расейскіх танкаў або 200 ракет «Іскандэр», на якія кожны дзень Расея атрымлівае фінансы. Мы павінны гэта спыніць, і мы сапраўды гэта спынім. Гэта другі фронт.

Чацьвёртая пазыцыя — гэта плян Маршала, плян Маршала, які павінен, па-першае, выкарыстоўвацца для пасьляваеннага аднаўленьня эканомікі. Замарозка расейскіх сродкаў, золатавалютных рэзэрваў, сродкаў паплечнікаў Пуціна і сродкі самога Пуціна. І другая пазыцыя — гэта траставы фонд падтрымкі, які таксама будзе створаны свабодным сьветам. І гэты плян Маршала, ці плян Байдэна, Джонсана, Шарля Мішэля сапраўды будзе рэалізаваны, і ўсё ва Ўкраіне будзе добра.

І пункт пяты — адчыненыя дзьверы Эўрапейскага зьвяза для паўнавартаснага, поўнамаштабнага сяброўства Ўкраіны ў ЭЗ. Украіна ўжо сёлета, і мы вельмі на гэта спадзяемся, мусіць атрымаць афіцыйны статус кандыдата. Пяць пунктаў кароткага шляху да нашай перамогі.

— Пятро, вы сказалі, што дзеючы прэзыдэнт з падзякай прыняў гэтыя ідэі. А якія ў вас зараз у прынцыпе адносіны з Уладзімірам Зяленскім у гэты няпросты час?

— Вы ведаеце, што сьвет падзяліўся на да 24 лютага, калі Расея подла напала на Ўкраіну шляхам вайны і шырокамаштабнай агрэсіі, — і пасьля 24 лютага. Адразу ж 24 лютага адбылася мая сустрэча са спадаром Зяленскім, мы паціснулі рукі, мы сказалі, што мы пачынаем з чыстага ліста, ён можа цьвёрда разьлічваць на маю падтрымку, бо зараз у нас ёсьць адзін вораг. І імя гэтага ворага — Пуцін. Ужо пайшоў другі месяц, і, па-першае, я павінен паведаміць, што гэтых дамоўленасьцей мы дакладна прытрымліваемся, таму што мы абʼяднаны вакол Украіны. Цяпер кожны — салдат, і нас на сёньняшні дзень вайна ўсіх зраўняла.

І паглядзіце, якія сюрпрызы Ўкраіна прынесла спадару Пуціну. Пуцін вельмі разьлічваў, што яму ўдасца падарваць знутры ўкраінскую стабільнасьць. Мы яму сапраўды не дамо ніводнага шанцу. Украінцы зараз абʼяднаныя і дэманструюць, як трэба даваць адпор агрэсару, зьдзіўляючы сьвет. І Пуцін, які зьбіраўся праз 36 гадзін падняць сьцяг Расейскай Фэдэрацыі ў Кіеве, ужо заплаціў вельмі вялікі кошт. 16450 расейскіх вайскоўцаў, акупантаў, якія прыйшлі сюды забіваць украінцаў, навекі засталіся тут. Што яны тут шукалі? Больш за дзьве тысячы танкаў і браніраваных машын былі спалены ўкраінскімі абаронцамі, Узброенымі сіламі Ўкраіны. Я ганаруся тым, што, я ўжо казаў, 240 самалётаў, бамбавікоў, штурмавікоў, зьнішчальнікаў былі зьбітыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік украінскага МЗС заявіў, што патрэбна Ўкраіне для «больш канструктыўных» перамоваў

І галоўны, хто зьдзівіў сьвет, — гэта ўкраінскі народ, ён паказаў цуды самаарганізацыі. Было прынятае рашэньне, гэта мы таксама абмяркоўвалі з прэзыдэнтам Зяленскім, пра тое, што мы неадкладна раздаём зброю. На сёньняшні дзень вялізная колькасьць зброі знаходзіцца на руках, у тым ліку і ў Кіеве. І паглядзіце: мы не бачым ніводнага парушэньня правапарадку. Найвысокая дысцыпліна! Але захопнікам сёньня даецца адпор. Нягледзячы на тое, што вораг зараз знаходзіцца ўжо ў 10 кілямэтрах ад таго месца, дзе я зараз. І нягледзячы на тое, што проста па-фашысцку спальваюцца прадмесьці Кіева: Буча, Ірпень, Гастомель, Ворзель, — мы дакладна настойваем на тым, што будзе адказнасьць за гэта ў Міжнародным крымінальным судзе. Як і за тое, што яны робяць у Марыюпалі, дзе проста неверагодна — людзі гінуць ад холаду, не толькі ад стрэлаў, а ад адсутнасьці вады! І не можа Чырвоны Крыж ці сусьветная супольнасьць прабіць гуманітарны калідор. Гэта бесчалавечна.

Пакуль мы зараз маем зносіны, вы чулі артылерыйскія залпы, якімі абстрэльваюць Кіеў. Што яны шукаюць? Ільвіная доля іх атак ідзе па грамадзянскіх абʼектах. Яны сапраўды нас не напалохаюць, яны дакладна не ведаюць, куды яны прыйшлі. І для нас ёсьць матывацыя вялізная, таму што мы бʼемся за сваю зямлю, за свой народ і за свае семʼі, за сваіх бацькоў, за сваю будучыню. А што тут шукаюць рускія салдаты? Яны нават сабе адказаць на гэта ня могуць. Таму ў іх няма матывацыі і таму яны прайгралі.

— Вы некалькі разоў сказалі: што яны тут шукаюць, што яны тут шукалі? Вы чалавек, які асабіста знаёмы з Уладзімірам Пуціным. Як вы лічыце, чым ён кіруецца ў сваёй галаве? І калі вы ў апошні раз яго бачылі — наколькі моцна ён адрозьніваўся ад таго, кім ён зьяўляецца цяпер, мяркуючы па яго словах і дзеяньняў?

— Ніхто ў сьвеце вам не растлумачыць гэтага шалёнага кроку — адносна нападу на Ўкраіну, адносна гэтага ўварваньня. Я магу патлумачыць толькі адным: вялізная колькасьць заяваў, артыкулаў, а Пуцін сапраўды вельмі зьмяніўся за апошнія 10 гадоў, кажа толькі пра тое, што ён ненавідзіць украінцаў. Ён пазбаўляе нас, украінцаў, правы на жыцьцё. Ён не прызнае існаваньне нашай дзяржавы. Ён пазбаўляе нас, украінцаў, правы на ўласную дзяржаву і на сваю ўласную будучыню. На што гэта падобна? Гэта падобна на нацысцкую ідэалёгію Гітлера, гебэльсаўскую структуру. Ён мусіць паспрабаваць гэта зразумець.

А яшчэ больш важна, каб гэта зразумелі тыя расейцы, я паверыць у гэта не магу, якія падтрымліваюць забойства ўкраінцаў. Не магу нават сфармуляваць: што дрэннага ўкраінцы зрабілі вам, расейцы? Я рускамоўны чалавек, я пачаў размаўляць па-ўкраінску, можа быць, з пачатку 90-х, але я настойваю на тым, што горад, які вы зараз зьнішчаеце, горад Марыюпаль, быў самым вялікім рускамоўным горадам ва Ўкраіне. Больш за 80% жыхароў гэтага горада размаўлялі выключна на рускай мове. Вы іх забілі. За што? Вы сабе не зможаце ні зараз, ні ў будучыні даць адказ на гэтае пытаньне — і будзеце ў пекле гарэць за вашыя злачынствы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За месяц вайны ва Ўкраіне расейскія войскі зьнішчылі каля 60 будынкаў духоўнага прызначэньня