Кіраўнік украінскага МЗС заявіў, што патрэбна Ўкраіне для «больш канструктыўных» перамоваў

Дзьмітро Кулеба

У перамовах з Расеяй цяпер няма кансэнсусу, заявіў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба.

Ён зьвярнуў увагу на разыходжаньні ў падыходах: Украіна патрабуе спыненьня агню, гарантыяў бясьпекі і адхіляе любыя кампрамісы наконт тэрытарыяльнай цэласнасьці.

«Але Расея трымаецца за ўльтыматумы. Каб заахвоціць больш канструктыўны падыход, нам патрэбныя дзьве рэчы: больш санкцыяў і больш вайсковай дапамогі Ўкраіне», — заявіў кіраўнік МЗС у сваім акаўнце ў Twitter.

Раней сёньня прадстаўнікі Ўкраіны і Расеі абверглі словы прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Таіпа Эрдагана пра блізкасьць кампрамісу на расейска-ўкраінскіх перамовах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і РФ адмаўляюць словы Эрдагана аб кампрамісе на перамовах

25 сакавіка прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што Ўкраіна гатовая пагадзіцца з чатырма з шасьці патрабаваньняў Расеі, у тым ліку аб адмове ад сяброўства ў NATO і аб прызнаньні расейскай мовы другой дзяржаўнай.

  • Пасьля расейскага нападу, які пачаўся 24 лютага, ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча і абвясьцілі ўсеагульную мабілізацыю.
  • Краіны Захаду ўводзяць моцныя эканамічныя санкцыі супраць Расеі і працягваюць пастаўляць зброю Ўкраіне.
  • Аднак на просьбу вышэйшага кіраўніцтва краіны «закрыць неба» над Украінай NATO і асабіста кіраўнікі большасьці заходніх краінаў адмовіліся, заявіўшы, што не жадаюць уцягваць альянс у вайну з Расеяй.