З моманту ўварваньня ва Ўкраіну расейскія войскі разбурылі і пашкодзілі прынамсі 59 будынкаў духоўнага прызначэньня як мінімум у 8 абласьцях, паведаміла Дзяржаўная служба этнапалітыкі і свабоды сумленьня Ўкраіны.
«З 24 лютага былі пашкоджаныя не менш за 59 будынкаў духоўнага прызначэньня (без прылеглых будынкаў) як мінімум у васьмі абласьцях Украіны: Кіеўскай, Данецкай, Жытомірскай, Запароскай, Луганскай, Сумскай, Харкаўскай і Чарнігаўскай. Пераважная большасьць зь іх — праваслаўныя храмы. Таксама былі зьнішчаныя мячэты, сынагогі, пратэстанцкія цэрквы, рэлігійныя школы і важныя адміністрацыйныя будынкі рэлігійных арганізацыяў», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Расеі назвала галоўнай задачай поўнае «вызваленьне» Данбасу- З раніцы 24 лютага працягваецца маштабнае ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. Расейскія войскі наносяць авіяўдары па ключавых аб’ектах вайсковай і грамадзянскай інфраструктуры, зьнішчаючы аэрадромы, вайсковыя часткі, нафтабазы, запраўкі, цэрквы, школы і шпіталі. Абстрэл жылых кварталаў вядзецца з ужываньнем артылерыі, рэактыўных сыстэмаў, балістычных ракетаў і нават фосфарных бомбаў.
- Расея адмаўляе, што вядзе агрэсіўную вайну супраць Украіны, і называе гэта «спэцапэрацыяй», накіраванай на «дэмілітарызацыю» і «дэнацыфікацыю».