Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі затрымаў у Горадні польскага грамадзяніна, які падазраецца ў шпіянажы. Паводле інфармацыі ведамства, гэты грамадзянін пастаянна пражываў у абласным цэнтры.
«Падчас правядзеньня неадкладных сьледчых дзеяньняў па месцы жыхарства фігуранта генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Рачкоўскі і консул польскага генконсульства Марцін Хрустэль у парушэньне беларускага заканадаўства спрабавалі перашкодзіць правядзеньню працэсуальных дзеяньняў», — цытуе Белта крыніцу ў КДБ.
Пра дзеяньні польскіх дыпляматаў, якія парушаюць заканадаўства, ужо праінфармавана Міністэрства замежных спраў Беларусі, піша Белта.
Гэта адбылося празь некалькі гадзін пасьля зьяўленьня інфармацыі пра зьмену меры стрыманьня для старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс. Пасьля году ў сьледчым ізалятары яе перавезьлі ў родную вёску пад Горадняй. Але справу супраць яе не спынілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анжаліку Борыс зьмясьцілі пад хатні арышт. Прашэньня аб памілаваньні яна не пісала