Краіны G7 заявілі, што «робяць далейшыя крокі па зьніжэньні залежнасьці ад расейскіх энэрганосьбітаў».
«Мы абавязваемся актыўна падтрымліваць краіны, якія жадаюць паступова адмовіцца ад залежнасьці ад імпарту расейскага газу, нафты і вугалю», — напісана ў тэксьце заявы.
Асобна лідэры G7 заклікалі краіны-вытворцы нафты і газу «дзейнічаць адказна» і нарошчваць пастаўкі на міжнародны рынак. Адначасова адзначаецца, што ключавую ролю ў гэтым павінна іграць OPEC.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі новыя санкцыі ў сувязі з нападам Расеі на ЎкраінуУ заяве таксама сказана, што краіны G7 выступаюць за поўнае выкананьне санкцый, уведзеных у дачыненьні да Расеі, і гатовыя каардынаваць адказы на спробы абысьці абмежаваньні, «у тым ліку гэта тычыцца апэрацый Цэнтрабанку Расеі з золатам». У заяве падкрэсьліваецца, што лідэры краін G7 гатовы ўвесьці дадатковыя санкцыі ў выпадку неабходнасьці.
Акрамя таго, лідэры G7 перасьцераглі Маскву ад выкарыстаньня біялягічнай, хімічнай і ядзернай зброі падчас распачатай Расеяй вайны супраць Украіны.
«Мы папярэджваем адносна любой пагрозы выкарыстаньня хімічнай, біялягічнай і ядзернай зброі або зьвязаных зь ёю матэрыялаў», — падкрэсьліваецца ў заяве.
У дакумэнце гаворыцца пра гатоўнасьць краін прымаць бежанцаў з Украіны.
У G7 уваходзяць ЗША, Канада, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя, Японія і Італія. Яны праводзяць абмеркаваньні з удзелам кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Брусэлі адкрыўся саміт NATO, па абедзе адкрыюцца яшчэ два — Вялікай сямёркі і Эўразьвязу. Пра што там гаворацьНа фоне расейскага ўварваньня ва Ўкраіну брытанска-нідэрляндзкая кампанія Shell заявіла аб паэтапнай адмове ад нафты і газу з Расеі, а ў брытанскай BP адмовіліся ад новых кантрактаў на набыцьцё расейскіх нафты і газу.
Найбуйнейшы нямецкі энэргаканцэрн E. ON абвясьціў аб адмове ад новых закупаў расійскага газу. Раней ЗША і Вялікая Брытанія паведамілі аб рашэньні ўвесьці эмбарга на пастаўкі нафты з Расіі. Лідэры ЭЗ пакуль толькі абмяркоўваюць такую магчымасьць.