«Беларуськалій»
9 жніўня 2021 году ЗША ўвялі санкцыі супраць «Беларуськалію», а чыгунка Літвы прыпыніла транзыт прадукцыі гэтага прадпрыемства ў літоўскія парты — гэта быў асноўны канал экспарту.
Ва Ўкраіне працавала кампанія, што займалася экспартам прадукцыі «Беларуськалію», — існаваньне гэтага каналу экспарту цяпер пад пытаньнем праз вайну.
21 сакавіка «Наша Ніва» паведаміла, што 3 з 5 рудаўпраўленьняў «Беларуськалію» не здабываюць і не адгружаюць солі.
Паводле інфармацыі Свабоды з ананімных крыніц, цяпер 2-е і 3-е рудаўпраўленьні спыненыя на рамонт, на 1-м рудаўпраўленьні працуе адна лава, прадукцыя адгружаецца на Беларусь. Працуюць толькі тры сэкцыі з васьмі.
На 4-м рудаўпраўленьні працуе адна лінія.
Раней міністар фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў прызнаў, што ёсьць праблемы з паступленьнямі плацяжоў ад сэктараў эканомікі, якія падпалі пад санкцыі і пакуль не перабудаваліся. Гэта экспарт калійных угнаеньняў і нафтапрадуктаў.
Беларуская калійная кампанія — трэйдэр «Беларуськалію» — скончыла 2020 год з чыстым прыбыткам 580 тысяч рублёў. За папярэдні год прыбытак кампаніі быў 625 тысяч рублёў.
Па кароткатэрміновых абавязаньнях Беларуская калійная кампанія вінная больш за 1 мільярд рублёў, за год доўг вырас амаль на 200 мільёнаў рублёў. Па доўгатэрміновых крэдытах кампанія вінная 16,9 мільёна рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэнзура не прапускае малюнкі Грузьдзіловіча, Кузьнечык выхоўвае дзетак празь вершы. Што новага ў палітвязьняўНПЗ
Беларускі «Нафтан» цяпер працуе пад санкцыямі ЗША, Мазырскі НПЗ пад санкцыі ня трапіў, але вялікая частка нафтапрадуктаў зь Беларусі пастаўлялася ва Ўкраіну, дзе цяпер ідзе вайна. У 2020 годзе Беларусь паставіла ва Ўкраіну нафтапрадуктаў на 1,2 мільярда даляраў, гэта амаль палова ўсяго беларускага экспарту нафтапрадуктаў.
Мазырскі НПЗ у 2020 годзе спрацаваў з чыстым прыбыткам у 327 мільёнаў рублёў. У прадпрыемства даўгоў на 1,8 мільярда рублёў сумарна па кароткатэрміновых і доўгатэрміновых абавязаньнях.
Чысты прыбытак «Нафтана» за 2020 год — 109,8 мільёна рублёў, гэта ўдвая менш, чым годам раней. У заводу больш за 3 мільярды рублёў даўгоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паміж расейцамі і беларусамі вялізная розьніца». Украінскі маркетоляг расказаў, якую рэакцыю ў Беларусі выклікала антываенная рэкляма«БелДжы»
Прадпрыемства па вытворчасьці кітайскіх аўтамабіляў Geely адправіла сваіх супрацоўнікаў на вакацыі да красавіка. Такое рашэньне прынята ў сувязі з парушэньнямі лягістычных сувязяў і перабоямі ў пастаўках матэрыялаў і камплектуючых з КНР.
Раней Geely другі раз за год падняла цэны на ўсе машыны. Так, з 10 сакавіка цана транспартных сродкаў у залежнасьці ад мадэлі і мадыфікацыі вырасла з 6500 да 17 800 рублёў.
Чысты прыбытак «БелДжы» за 2020 год — 23,6 мільёна рублёў, паводле дадзеных Беларускага расьсьледавальніцкага цэнтру. Даўгоў па кароткатэрміновых і доўгатэрміновых абавязаньнях у заводу — 1,2 мільярда рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Інфармацыйная зброя важнейшая за ядзерную». Як беларус прыдумаў расейскую інфармацыйна-псыхалягічную вайну