Рэзалюцыя называе агрэсію Расеі супраць Украіны самай сур’ёзнай пагрозай для эўраатлянтычнай бясьпекі за апошнія дзесяцігодзьдзі. Вайна Расеі супраць Украіны, паводле рэзалюцыі, парушыла мір у Эўропе і прычыняе вялізныя чалавечыя пакуты і разбурэньні.
Сярод іншага, у рэзалюцыі гаворыцца:
«Мы самым рашучым чынам асуджаем уварваньне Расеі ва Ўкраіну. Мы заклікаем прэзыдэнта Пуціна неадкладна спыніць гэтую вайну і вывесьці ўзброеныя сілы з Украіны, а таксама заклікаем Беларусь спыніць свой саўдзел у адпаведнасьці з Рэзалюцыяй аб агрэсіі супраць Украіны, прынятай Генэральнай Асамблеяй ААН 2 сакавіка 2022 году.
Расея павінна выконваць рашэньне Міжнароднага суду ААН ад 16 сакавіка аб неадкладным спыненьні ваенных дзеяньняў. Атака Расеі на Ўкраіну пагражае глябальнай бясьпецы. Яе нападкі на міжнародныя нормы робяць сьвет менш бясьпечным. Эскаляцыйная рыторыка прэзыдэнта Пуціна безадказная і дэстабілізуючая».
Таксама лідэры краін NATO сьцьвярджаюць, што
«ўкраінцы натхнілі сьвет сваім гераічным супрацівам жорсткай захопніцкай вайне Расеі. Мы рашуча асуджаем разбуральныя напады Расеі на мірных жыхароў, у тым ліку жанчын, дзяцей і асоб, якія знаходзяцца ва ўразьлівым становішчы. Мы будзем працаваць з астатняй міжнароднай супольнасьцю, каб прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у парушэньнях гуманітарнага і міжнароднага права, у тым ліку ў ваенных злачынствах...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ня думаў, што NATO баіцца». Зяленскі заклікаў альянс даць Украіне 1 працэнт яго самалётаў і танкаўУ рэзалюцыі зьвернутая ўвага на прапагандысцкі аспэкт расейскай палітыкі:
«Мы працягнем супрацьстаяць хлусьні Расіі аб яе нападзе на Ўкраіну, — пішуць лідэры краін NATO, — і будзем выкрываць сфабрыкаваныя наратывы або сфабрыкаваныя апэрацыі пад чужым сьцягам, якія рыхтуюць глебу для далейшай эскаляцыі, у тым ліку супраць цывільнага насельніцтва Ўкраіны. Любое прымяненьне Расеяй хімічнай або біялягічнай зброі было б непрымальнае і прывяло б да цяжкіх наступстваў».
Лідэры NATO заявілі, што альянс цалкам салідарны з «прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім, урадам Украіны і сьмелымі грамадзянамі Ўкраіны, якія абараняюць сваю Радзіму», пацьвердзілі сваю «непахісную падтрымку незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ў яе міжнародна прызнаных межах, якія ахопліваюць і яе тэрытарыяльныя воды».
Паводле рэзалюцыі, Украіна мае фундамэнтальнае права на самаабарону ў адпаведнасьці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Таму лідэры краін Паўночнаатлянтычнага альянсу заявілі:
«З 2014 году мы аказваем шырокую падтрымку здольнасьці Ўкраіны рэалізаваць гэтае права. Мы навучылі ўзброеныя сілы Ўкраіны, умацаваўшы іх ваенны патэнцыял і павысіўшы іх устойлівасьць. Саюзьнікі па NATO ўзмацнілі сваю падтрымку і будуць працягваць аказваць палітычную і практычную падтрымку Ўкраіне, паколькі яна працягвае абараняць сябе.
Саюзьнікі па NATO таксама будуць працягваць аказваць дапамогу ў такіх галінах, як кібэрбясьпека і абарона ад пагроз хімічнага, біялягічнага, радыялягічнага і ядзернага характару.
Саюзьнікі па NATO таксама аказваюць шырокую гуманітарную дапамогу і прымаюць мільёны бежанцаў.
Міністры замежных спраў дадаткова абмяркуюць нашую падтрымку Ўкраіне, калі сустрэнуцца ў красавіку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Брусэлі адкрыўся саміт NATO, па абедзе адкрыюцца яшчэ два — Вялікай сямёркі і Эўразьвязу. Пра што там гаворацьАсобна ў рэзалюцыі згадваецца і адказ NATO на пагрозы ў галіне бясьпекі, якія ўзьніклі ў выніку агрэсіўнай палітыкі Расеі:
«У адказ на дзеяньні Расеі мы задзейнічалі пляны абароны NATO, разгарнулі элемэнты Сіл рэагаваньня NATO і разьмясьцілі 40 000 вайскоўцаў на нашым усходнім флянгу, а таксама значныя вайскова-паветраныя і вайскова-марскія сілы пад непасрэдным камандаваньнем NATO пры падтрымцы саюзьнікаў.
Мы таксама ствараем чатыры дадатковыя шматнацыянальныя баявыя групы ў Баўгарыі, Вугоршчыне, Румыніі і Славаччыне.
Мы прымаем усе меры і рашэньні для забесьпячэньня бясьпекі і абароны ўсіх саюзьнікаў ва ўсіх сфэрах і з усёахопным падыходам.
Нашы меры застаюцца прэвэнтыўнымі, прапарцыйнымі і неэскаляцыйнымі. Цяпер мы паскорым трансфармацыю NATO адпаведна з больш небясьпечнай стратэгічнай рэальнасьцю, у тым ліку праз прыняцьце наступнай Стратэгічнай канцэпцыі ў Мадрыдзе.
У сьвятле самай сур’ёзнай пагрозы эўраатлянтычнай бясьпецы за апошнія дзесяцігодзьдзі мы таксама значна ўмацуем наш доўгатэрміновы патэнцыял стрымліваньня і абароны і будзем разьвіваць увесь спэктар гатовых сіл і сродкаў, неабходных для забесьпячэньня надзейнага стрымліваньня і абароны. Гэтыя крокі будуць падтрыманыя пашыранымі вучэньнямі з павышанай увагай да калектыўнай абароны і апэратыўнай сумяшчальнасьці», — гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай 24 сакавіка 2022 году лідэрамі краін NATO на надзвычайным саміце ў Брусэлі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.