Пра гэта паведаміла Bloomberg, пішучы, што Чубайс спаслаўся на сваю нязгоду з вайной, якую Крэмль пачаў 24 лютага ва Ўкраіне. 66-гадовы чыноўнік стаў адной зь першых афіцыйных асобаў такога высокага ўзроўню, якія парвалі сувязі з Крамлём праз уварваньне Расеі ва Ўкраіну.
Пазьней інфармацыю пацьвердзілі прадстаўнікі Чубайса. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў сказаў, што Анатолій Чубайс «звольніўся па ўласным жаданьні».
«А зьехаў, ня зьехаў — гэта яго асабістая справа», — дадаў Пяскоў.
Паводле дадзеных «Коммерсанта», учора Чубайса бачылі ў Стамбуле.
66-гадовы Чубайс — адзін зь нешматлікіх эканамічных рэфарматараў 1990-х гадоў, якія засталіся ва ўладзе. Чубайса лічаць «архітэктарам» расейскай прыватызацыі 1990-х гадоў. У 1991–1994 гадах ён быў кіраўніком Дзяржаўнага Камітэту Расеі па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю, у 1992–1994 гадах — намесьнікам старшыні ўраду Расейскай Фэдэрацыі пры прэм'еру Віктару Чарнамырдзіну, затым кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта і міністрам фінансаў пры прэзыдэнту Барысу Ельцыну.
Брат Анатолія Чубайса — Ігар Чубайс пракамэнтаваў агенцтву РБК паведамленьне Bloomberg наступным чынам: «Не магу сказаць, ня ў курсе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польская контравыведка патрабуе выслаць 45 расейскіх дыпляматаў