Раней Чарнабаеўка славілася міжнародным аэрапортам; паводле перапісу насельніцтва Ўкраіны 2001 году, тут жылі і беларусы, 35 чалавек. Цяпер мястэчка трывала ўвайшло ў гісторыю Ўкраіны тым, што на мясцовым аэрадроме Ўзброеныя сілы Ўкраіны ажно 9 разоў зьнішчалі сканцэнтраваныя на ім расейскія сілы.
Упершыню расейцаў на аэрадроме Чарнабаеўка бамбілі «Байрактары» 27 лютага. У ноч на 7 сакавіка абаронцы Ўкраіны зьнішчылі адразу 30 адзінак тэхнікі праціўніка. 15 сакавіка чарговымі ўдарамі былі зьнішчаныя новыя верталёты, піша РБК-Украіна.
На наступны дзень, 16 сакавіка, у Чарнабаеўцы згарэлі яшчэ 7 баявых верталётаў Вайскова-касьмічных сілаў Расеі. 18 сакавіка Ўзброеныя сілы Ўкраіны нанесьлі ўдары па камандным пункце 8-й арміі Паўднёвай вайсковай акругі РФ. Тады быў зьліквідаваны яе камандзір, генэрал-лейтэнант Андрэй Мардвічаў. Дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч расказаў пра выпадак 19 сакавіка: «Толькі ня сьмейцеся. Мы па іх зноў ударылі ў Чарнабаеўцы. Шосты раз». Падрабязнасьцяў ён не раскрыў.
21 і 22 сакавіка расейцы не перасталі дысьлякавацца ў Чарнабаеўцы і зазналі новыя удары з боку ўкраінскіх абаронцаў. Чарговымі авіяўдарамі была зьнішчана баявая тэхніка, а таксама асабовы склад расейскіх войскаў. Урэшце, 23 сакавіка Арастовіч паведаміў, што з аэрадрому расейцы атакавалі Мікалаеў ракетамі «Сьмерч», украінская авіяцыя зноў атакавала праціўніка, і гэта была ўжо 9-я пасьпяховая атака.
З нагоды няспыннага разгрому расейскіх сілаў у Чарнабаеўцы украінскія карыстальнікі інтэрнэту стварылі шэраг пацешных карцінак, якія праслаўляюць Чарнабаеўку як месца славы ўкраінскай авіяцыі.
Жартуюць ня толькі карыстальнікі інтэрнэту, якія часта хаваюцца пад сецевымі псэўданімамі; далучылася да параду мэмаў і Вярхоўная Рада Ўкраіны.
Ёсьць і рэмаркі да заявы самога Арастовіча.
У адказ на нядаўняе рашэньне прэзыдэнта Зяленскага прызнаць гарадамі-героямі Ўкраіны Харкаў, Чарнігаў, Марыюпаль, Херсон, Гастомель і Валнаваху зьявілася і неафіцыйная прапанова ўвесьці званьне «сяло-герой».
Да флэш-мобу ў сацсетках далучылася таксама Нацвардыя Ўкраіны, якая пажартавала, што ў краіне цяпер ня кажуць «дэ жа вю», а кажуць «Чарнабаеўка».
Не маглі ўкраінцы не адрэагаваць на словы кіраўніка Чачэнскай рэспублікі Рамзана Кадырава пра тое, што ва Ўкраіне неабходна знайсьці і схапіць ворага Расеі Сьцяпана Бандэру.
Некаторыя карыстальнікі інтэрнэту ўспомнілі падзеі фільму «Дзень сурка», дзе ўсё пастаянна паўтаралася.