Расстрэлы мірнага насельніцтва
Мэр Чарнігава Ўладзіслаў Атрошанка ў інтэрвію «Українській правді» заявіў, што расейцы «сьвядома расстрэльваюць мірнае насельніцтва ў Чарнігаве». Ён асобна зьвярнуўся да немцаў, каб тыя пачулі гэтую інфармацыю, бо яшчэ працягваюць закупляць энэрганосьбіты ў Расеі. Увядзеньне заходнімі краінамі любых санкцый пры захаваньні закупак у агрэсара Атрошанка называе крывадушшам.
Апошнімі днямі колькасьць абстрэлаў істотна павялічылася. Жылыя мікрараёны абстрэльваюць, каб яшчэ больш запалохаць людзей, лічыць мэр.
Ад пастаянных абстрэлаў і бамбаваньняў, калі ціша надыходзіць максымум на некалькі гадзін, у Чарнігаве істотна зьмяншаецца насельніцтва. Паводле падлікаў Уладзіслава Атрошанкі, з амаль 283 тысяч жыхароў, якія жылі ў горадзе на пачатак 2022 году, выехалі болей за палову.
Разьбіты мост
Аўтамабільны мост цераз Дзясну ў бок Кіева напярэдадні разбамбілі войскі захопнікаў. Адна з бомбаў пацэліла ў мост так, што ўпаў адзін з пралётаў. Транспартныя зносіны парушаны.
Кіраўнік Чарнігаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслаў Чавус зьняпраўдзіў ранейшую інфармацыю аб тым, што праз падрыў моста Чарнігаў апынуўся ў поўнай ізаляцыі. Ён сьцьвярджае, што адсутнасьць моста не перашкодзіць даставіць у горад гуманітарную дапамогу.
Дарадца Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка ўпэўнены, што гэтым Пуцін паказвае свой намер захапіць Чарнігаў, на які ён нібыта «зрабіў стаўку». Ужо зьявілася інфармацыя, што да гораду падагналі расейскую цяжкую тэхніку і будуюць церазь Дзясну пантонную пераправу.
Адсутнічаюць электраэнэргія, вада, газ
Ужо больш за два тыдні ў Чарнігаве няма электраэнэргіі. Магчымасьці паўнавартасна аднавіць яе няма, бо калі зараз зрабіць гэта, без дадатковай дапамогі, электразабесьпячэньня хопіць на 1-2 гадзіны. Няма ў горадзе таксама вады і газу.
Як паведаміў рэпартэр выданьня «Суспiльне» Аляксандар Катэнка, самі чарнігаўцы яшчэ ня ведаюць сапраўдных маштабаў трагедыі, што адбываецца навокал. Няма магчымасьці зарадзіць тэлефоны, шмат хто ня ведае навінаў.
Нябожчыкі на вуліцах
Горад нясе цяжкія страты, а падлічваць дакладна, колькі зьнішчана будынкаў, няма сэнсу, бо сытуацыя пагаршаецца штогадзіны ў выніку ўсё новых абстрэлаў. На мінулым тыдні ў Чарнігаве абстралялі чаргу па хлеб, былі ахвяры.
Чарнігаўскі мэр кажа і пра тое, што ў горадзе трупы забітых могуць гадзінамі ляжаць на дарогах, а дазваніцца да моргу немагчыма, бо адсутнічае электраэнэргія. Такім чынам, гэтыя праблемы зьвязаныя паміж сабой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як са спадарожніка выглядаюць Чарнігаў, Марыюпаль і Кіеў пасьля расейскіх бамбаваньняў. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чарнобылі зьнішчылі аналітычную лябараторыю, у Чарнігаве — мост празь Дзясну. 28-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны