У апошнія дні ў беларускую мэдыяпрастору «пачалі „зьверху“ ўкідвацца наратывы», якія сур’ёзна «скрыўляюць рэальную карціну» вайны, разьвязанай Расеяй супраць украінскага народу, напісаў у Фэйсбуку пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.
«Складваецца меркаваньне, што „наверх“ падаецца неаб’ектыўная інфармацыя ад беларускіх адпаведных ведамстваў, а тая, якую хочуць чуць расейцы. Інакш не магу растлумачыць, адкуль на 20-ы дзень вайны ўзялася інфармацыя пра тое, што Ўкраіна ў дзень пачатку расейскага ўварваньня 23-24 лютага зьбіралася нанесьці ўдары па Беларусі, ды яшчэ з чатырох кропак? Трэба быць апошнім дылетантам у вайсковай справе, каб не зразумець, што Ўкраіна не магла б першай страляць на палескім кірунку, паколькі гэта азначала б адкрыць яшчэ адзін фронт, ужо маючы рэальныя пагрозы з боку Расеі на Данбасе і з боку Крыма».
Таксама Кізім згадаў і гісторыю пра «Точку-У».
«А потым гэтая гісторыя зь «як мінімум дзьвюма ўкраінскімі „Точками-У“, якія нібыта былі зьбітыя над Прыпяцьцю... Бо наадварот, гэта з тэрыторыі Беларусі (аэрадромы Лунінец, Баранавічы, Ліда) узьлятаюць расейскія самалёты і бамбуюць украінскія гарады ў Жытомірскай, Чарнігаўскай, Кіеўскай і іншых вобласьцях Украіны. І гэта зафіксавана сродкамі аб’ектыўнага кантролю, аб гэтых фактах рэгулярна інфармуецца МЗС і Мінабароны Беларусі. Але, напэўна, „наверх“ падаецца іншая інфармацыя», — выказаў меркаваньне дыплямат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзі працягваюць несьці кветкі да амбасады Ўкраіны ў Менску. ФОТАКізім падкрэсьліў, што двое беларускіх дальнабойнікаў 10 сакавіка «былі забітыя ў Корасьцені менавіта расейскай бомбай, скінутай расейскім самалётам, які вылецеў зь Беларусі».
«Гэта да яшчэ аднаго наратыву пра тое, што „мы не нападаем на Ўкраіну“ і „мы не бамбуем Украіну“. Беларусы — не, а вось расейцы з тэрыторыі Беларусі — так. Але, па сутнасьці, гэта саўдзел у агрэсіі, і ўспрымаецца ўкраінцамі менавіта так. Заявы пра тое, што „Захаду“ ня ўдасца ўцягнуць Беларусь у расейска-ўкраінскі канфлікт, — гэта ўжо неактуальна. Беларусь ужо ўцягнутая ў гэты канфлікт, і „ўцягнула“ яе туды Расея».
Камэнтуючы словы Лукашэнкі наконт заключэньня дамовы аб спыненьні вайны, Кізім заявіў, што Ўкраіна «больш за ўсіх зацікаўленая ў гэтым і ў доўгатэрміновым міры».
«Але тое, што я бачыў як непасрэдны ўдзельнік перамоваў у Белавежы, у расейскім праекце, гэта, хутчэй, выкладаньне патрабаваньняў, а не „варыянт“ дамовы. І калі кажуць, што Ўкраіне „прапануюць абсалютна прымальны варыянт дамовы“, вельмі хацелася б убачыць менавіта такі „варыянт“ або пачуць хаця б нейкія яго „прымальныя“ палажэньні. Ну, напрыклад, пра спыненьне агню, пра тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, пра рэальныя гарантыі бясьпекі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сказаў, што не зьбіраецца разьмяшчаць ядзерную зброю ў БеларусіНа думку Кізіма, дзіўным выглядае агучанае Лукашэнкам «расейскае патрабаваньне спачатку падпісаць праект мірнай дамовы, і толькі пасьля гэтага расейскія войскі перастануць бамбаваць украінскія гарады і мірных жыхароў». Ён падкрэсьліў, што «звычайна ўсё адбываецца акурат наадварот, і гэта адна з умоў любых перамоваў».
«А калі нехта думае, што ўкраінцы перастануць супраціўляцца акупацыі, то ўзгадайце тых, хто казаў, што калі Расея пачне вайну супраць Украіны, то яна працягнецца максымум тры дні. А ўжо тры тыдні. І ніводнага сур’ёзнага посьпеху для расейскіх акупантаў, а толькі адны „непрыемныя нечаканасьці“ — значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы і яшчэ большая кансалідацыя ўкраінскага народу ў барацьбе супраць рашыстаў і іх памагатых».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыюпальцаў прымусова вязуць у Расею, чарговы абстрэл Кіева. 25-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны