«Дзе ты бачыш бомбы?»
Алесі (імя зьмененае па просьбе суразмоўцы) каля 25 гадоў, працуе відэаінжынэрам. Упершыню ў сям’і канфлікты на палітычнай глебе зьявіліся ў 2020 годзе. Алеся паспрачалася са сваёй бабуляй.
«Бабулі цяпер 80 гадоў, — апавядае Алеся. — Яна нарадзілася акурат у вайну, і на ўсё яна гаварыла: „Вам што, мала? Што вам усё ня так?“ Калі яна даведалася ў 2020 годзе, што мы супраць таго, што адбываецца ў краіне, яна сказала бацькам: „Вы мне ня дзеці“. Мы, вядома, спрабавалі кантактаваць зь ёю, бо ўсё ж такі гэта стары чалавек і трэба неяк падтрымліваць зносіны, але палітычных тэмаў не закраналі».
З мамай і татам у дзяўчыны ўпершыню зьявіўся канфлікт, калі пачалася вайна ва Ўкраіне.
«Я казала, маўляў, вось гэта і гэта бачылі? Там бамбяць!» Яны адказвалі: «Нічога ня ведаем, нічога няма, дзе ты бачыш бомбы?» Выходзіць, раз над галавой не лятаюць, значыць, нічога няма. Мне было жудасна гэта разумець, бо мае бацькі звычайна чытаюць нармальныя мэдыя, недзяржаўныя. Для мяне было вельмі дзіўна, што ў 2020-м яны разумелі, што адбываецца, а тут — не«.
Алеся доўга не магла ўцяміць, чаму ейныя разумныя бацькі так рэагуюць.
«Потым падумала з пункту гледжаньня псыхалёгіі, што, мабыць, гэта быў такі стан адмаўленьня. Бо праз тыдзень яны „ўехалі“ ў сытуацыю. Але вось у мамы быў нядаўна юбілей, і як толькі закранулі палітычную тэму, бабуля пачала гаварыць адно, нехта падхапіў іншае, і потым тата ўсіх спыніў, бо ва ўсіх розны пункт гледжаньня на сытуацыю. І я вельмі зьдзіўленая: як такое можа быць? Якія вам патрэбны яшчэ факты? Ёсьць адзіны факт — тое, што цяпер адбываецца жах. І гэты жах робіць іншая краіна. Што яшчэ патрэбна?»
Канфліктаў з бацькамі цяпер у Алесі няма, бо яны пачалі разумець сытуацыю, а вось бабуля ня хоча прымаць ніякіх аргумэнтаў.
«У бабулі асноўны аргумэнт на ўсе палітычныя сытуацыі такі: „Чаго табе не хапае? У цябе ўсё ёсьць, ты ясі, апранаесься, што табе патрэбна яшчэ?“. Бабуля ня зможа прыняць маю пазыцыю, бо яна глядзіць тэлевізар. Мы спрабавалі ёй даць пачытаць і паглядзець іншае. Ніхто ёй не навязвае свой погляд, але вось ты пачынаеш казаць, што там адбываецца, а яна адказвае: „Не, ты што, дурны?“ І вось я недзе чытала пра такіх людзей, што яны нават калі сваімі вачыма ўбачаць, што адбываецца, скажуць: „Не, гэта ўсё пастаноўка“».
Алеся прыгадвае выпадак, які моцна яе ўзрушыў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пераправа для танкаў у Петрыкаве. ВІДЭА«Аднойчы мы з мамай і бабуляй гаварылі пра сытуацыю ва Ўкраіне. Мама спыталася пра майго брата: „А калі давядзецца ваяваць і вашага любімага ўнука забяруць? То што, вы таксама скажаце, што так і трэба?“ І бабуля адказала: „А што? Значыцца, трэба! Няхай ідзе!“ Але ў мяне зь ёй былі канфлікты больш жорсткія ў 2020-м. Цяпер мы не абмяркоўваем палітыку зусім. З татам і мамай мы быццам глядзім на гэтую сытуацыю аднолькава, але заўжды ў кагосьці ёсьць „гістарычныя зьвесткі, зь якімі можна і паспрачацца“».
Алеся прызнаецца: для яе самае балючае ў гэтых канфліктах, што сям’я разьядноўваецца.
«Гэтае разьяднаньне вельмі зручнае для ўладаў. Мне балюча было чытаць, калі людзям пішуць: „Ты мне больш ня сын, не дачка“. Вельмі цяжка цяпер. І, мне здаецца, нашае пакаленьне больш разумее сталае пакаленьне. Калі мы бачым, што ў нас іншы погляд, мы спрабуем сысьці ад канфлікту, прыняць тое, што гэта сталыя людзі, яны зь іншага часу, яны ня бачылі іншага, нам усё ж жыць у гэтай краіне, у гэтым сьвеце, нам яго будаваць. А сталае пакаленьне жыве па прынцыпе „ёсьць толькі гэта, і ўсё“. Я мяркую па сваім асяродзьдзі. Таму мне падаецца, што мы ў гэтым пляне разумнейшыя і больш можам саступіць».
«Тата сказаў: „Украіну даўно ўжо трэба было зраўняць зь зямлёй і выбудаваць новую нармальную краіну“»
Кацярыне (імя зьмененае па просьбе суразмоўцы) каля 25 гадоў, працуе ў ІТ-кампаніі. Сям’я заўжды мела згодныя думкі на тэму палітыкі. Але калі пачалася вайна ва Ўкраіне, зьявіўся моцны канфлікт.
«Гэта было вельмі складана з маральнага пункту гледжаньня, вельмі шмат пытаньняў і дысанансаў. Дзіўна ў цэлым, калі людзі, зь якімі заўсёды былі падобныя погляды хаця б па пытаньнях маралі, цяпер глядзяць у кардынальна іншым кірунку».
Кацярына жыве з бацькамі ў розных гарадах. Дзяўчына кажа, што з татам кантактуе даволі рэдка, а вось з мамай у першы два дні вайны актыўна абмяркоўвала ўсе падзеі, бо ўсе былі ў шоку ад таго, што адбываецца.
«Праз два дні мама кажа: „Ведаеш, я паглядзела навіны. Гэта ж сапраўды спэцапэрацыя, ніякай вайны ва Ўкраіне няма, усё ў парадку. Напэўна, прэзыдэнт Расеі ведае, што робіць“. І з гэтага пачаўся для мяне вельмі цяжкі момант. Я ведаю, што мая мама залежыць ад думкі таты па такіх пытаньнях, таму што тата ў нас аўтарытэт у сям’і, але гэтым разам нешта пайшло ня так. Я патэлефанавала тату, „зайшла“ здалёк, спыталася, чым ён займаецца — ён глядзеў тэлевізар. Я спытала ў яго, што ён думае пра гэтую сытуацыю, ён адказаў: „А што тут думаць? Украіну даўно ўжо трэба было зраўняць зь зямлёй і выбудаваць новую нармальную краіну“. Для мяне, чалавека, які гвалт ні ў якім выглядзе не прымае, гэта было вельмі жорстка, і мяне гэта ацьверазіла».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зноў яна гэтую лухту пра Ўкраіну нам казала!». Што беларускім дзецям гавораць пра вайну ў школеПасьля гэтага дзяўчына не кантактуе з татам наўпрост, але той праз маму спрабуе перадаваць прывітаньні і пытаецца, калі Кацярына прыедзе дадому.
«З мамай у нас была шчыльная сувязь, таму яна спрабавала знайсьці са мной кантакт, тэлефанавала, пісала. У адзін момант я ў яе спытала, чым яна займаецца, яна сказала: „Гляджу, як бамбіць Расея“. Пасьля гэтага мой узровень нэгатыўных эмоцый да мамы пераваліў за ўсе магчымыя і немагчымыя межы. Я некалькі дзён не адказвала ёй на паведамленьні і званкі наогул».
Кацярына кажа, што ў яе бацькоў цяпер адзін аргумэнт: «Чаму маўчалі 8 гадоў, пакуль гінулі людзі».
«Для мяне гэтая пазыцыя незразумелая, але мой тата лічыць, што гэта жалезны аргумэнт. Размаўляць зь ім на гэтыя тэмы бессэнсоўна, такі псыхатып у чалавека. Ён сыходзіць у адмаўленьне і пачынае гарлаць, ня слухаючы наогул ніякіх довадаў. Мама, якая знаходзіцца пад узьдзеяньнем усяго гэтага, таксама нічога не ўспрымае. Яна слухае, кажа, што разумее, „але ўсё ж“».
Дзяўчына дадае, што самы цяжкі для яе быў момант на пачатку сакавіка, на мамін дзень народзінаў.
«Для мяне гэта адзін з найважнейшых дзён у годзе, я вельмі рыхтуюся да яго. Я заўсёды арганізоўваю гэты дзень так, каб мама адчувала сябе незвычайна. Вельмі складана было гэтым разам выціснуць зь сябе нават паведамленьне „З Днём народзінаў“. Увогуле складана, калі ты рэзка спыняеш стасункі з усёй сямʼёй, але самае жудаснае, што зьнікае аўтарытэт бацькоў».
Кацярына дадае, што яе вельмі падтрымліваюць сябры.
«Я вельмі рада, што зь імі ў мяне адна пазыцыя. Шчыра, я нават не ўяўляю, як бы я праходзіла праз усе гэтыя этапы і канфлікты, калі б я засталася безь сяброў. Сябры вельмі дапамагаюць, яны здольныя падзяліць боль, і калі чалавек цябе разумее, гэта палягчае ўнутраны стан».
Дзяўчына лічыць, што вайна можа канчаткова падзяліць сем’і, але гэта не яе выпадак.
«Нам на руку грае тое, што мы далёка. Каб не дайшло да разрыву і каб не траўмаваць адно аднаго, у нас ёсьць варыянт часовага спыненьня зносінаў. Я думаю, што калі людзі жывуць пад адным дахам, то справы ідуць трошкі інакш. Што тычыцца нейкіх палітычных стратэгій або крокаў, то наўрад ці нешта зьменіцца ў поглядах маіх бацькоў, але ў стаўленьні да жорсткасьці, напэўна, мая сямʼя можа зьмяніць пазыцыю. Але на дадзены момант я не ўяўляю, што іх можа пераканаць паглядзець на сытуацыю па-іншаму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусы апынуліся па той бок нянавісьці«Не ісьці напралом, не спрабаваць укараняць сваю праўду»
Канфлікты з блізкімі людзьмі вельмі моцна на нас уплываюць, кажа псыхоляг Сьвятлана (імя зьмененае па просьбе суразмоўцы), бо яны закранаюць нашыя каштоўнасьці і перакананьні.
«Адбываецца канфлікт і ўнутры асобы. З аднаго боку — гэта блізкі, дарагі мне чалавек, якога я люблю, шкадую, шаную. А зь іншага — мае каштоўнасьці і перакананьні. Атрымліваецца, канфлікт адбываецца ня толькі паміж людзьмі, але і ўнутры, між тым, што чалавек адчувае да іншага чалавека, і тым, што ён лічыць важным і каштоўным у сваім жыцьці».
Калі мы моцна ахопленыя пачуцьцямі, абурэньнем, злосьцю або крыўдай, то нам бывае цяжка стрымлівацца, захоўваць яснасьць розуму, каб прыводзіць довады, пераконваць, тлумачыць Сьвятлана.
«Чым большы ў нас градус эмоцый, тым слабейшы рацыянальны складнік. Таксама ўсё залежыць ад нашых прыярытэтаў. Калі мы ў прыярытэт ставім адносіны, што вайна скончыцца, а гэты чалавек застанецца для мяне родным і надалей, то мы будзем у большай ступені арыентаваныя на тое, каб паклапаціцца пра гэтыя адносіны. Можна сказаць: „Ты ведаеш, я такі злы цяпер, я настолькі абураны, што я баюся нагаварыць лішняга, пакрыўдзіць, закрануць і разбурыць нашы адносіны, таму я пайду падыхаю“».
Важна разумець, адзначае псыхоляг, што стаіць за гэтай нязгодай з вамі. Вельмі часта з блізкімі людзьмі, асабліва са старэйшым пакаленьнем, мы сутыкаемся з досыць моцнымі псыхалягічнымі абаронамі, з прычыны якіх чалавек ня можа паверыць у факты.
«Напрыклад, страх перад вайной у старэйшага пакаленьня можа быць настолькі моцны, што паверыць, быццам суседняя краіна змагла гэта зрабіць, немагчыма. Уяўленьні, на якіх грунтаваліся дабро і зло, руйнуюцца, таму, вядома, чалавек будзе супраціўляцца праўдзе. І важна разумець, не ісьці напралом, не спрабаваць неяк укараняць сваю праўду, а пастарацца ўсё ж такі ўбачыць тое, што стаіць за гэтым супрацівам».
Сьвятлана таксама пракамэнтавала сытуацыю нашай гераіні Алесі.
«Тут у канфлікце каштоўнасьці ўнучкі і бабулі. Для ўнучкі каштоўнасьць жыцьця брата вельмі высокая і вялікая, а бабуля вырасла ў краіне, дзе каштоўнасьць жыцьця ўвогуле ня мела ніякага значэньня. Людзі разглядаліся толькі як унёсак у агульную ідэю, пабудову камунізму ці рух да лепшай будучыні. І таму для бабулі памерці, „бо партыя сказала“ — вельмі нават зьмяшчаецца ў яе карціну сьвету. А для ўнучкі, якая расла ў зусім ужо іншым кантынуўме, — гэта жудасныя рэчы. Варта падзяліцца сваімі пачуцьцямі, сказаць: „Бабуля, мне проста жудасна гэта чуць, што жыцьцё твайго ўнука для цябе мае меншае значэньне, чым даказаць нешта“. Можна неяк пасумаваць па тым, што чалавек працягвае жыць у старой карціне сьвету».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вывеў жанчыну ў іншы пакой і ўдарыў галавой аб сьцяну». Што рабілі на Акрэсьціна з затрыманымі на антываенных акцыях«Бездапаможнасьць можна трансфармаваць ва ўзаемадапамогу»
Часта здараюцца і канфліктныя сытуацыі з падлеткамі, калі бацькі «спыняюць» сваё дзіця фразамі кшталту: «Ты нічога не разумееш, гэта ўсё твой юнацкі максымалізм».
«Калі мы гаворым так, то на самой справе — гэта супраціў таму, што побач з намі ўжо амаль дарослы чалавек. Мы быццам кажам: „Ты яшчэ дзіця, ты яшчэ ня можаш рабіць высноваў“. Але лепш проста сказаць: „Слухай, я бачу, што ты хочаш у гэтым разабрацца, я гатовы з табой пра гэта размаўляць. Мне здаецца, што ў гэтым пункце ты занадта катэгарычны, твая думка мае права быць такою, як ты лічыш, але паглядзі, ёсьць некалькі паўтонаў у гэтым“. Гэта ня спроба ні ў якім разе пераканаць, а паказаць шырыню поглядаў. Увогуле выдатна, што падлеткі спрабуюць фармаваць свой пункт гледжаньня і свае каштоўнасьці».
Часам у момант спрэчкі нашыя блізкія спрабуюць навязаць нам пачуцьцё віны.
«Калі вы чуеце ў свой бок выразы „ты давёў мяне да гістэрыкі“, „ты сьмерці маёй хочаш“, важна разумець, што гэта гаворыцца зь нейкага пункту бясьсільля. Калі няма іншых аргумэнтаў у спрэчцы, тады ў ход ідзе „цяжкая артылерыя“, спроба заклікаць да таго, што „я ж твая мама“ або „я ж твой бацька, як ты можаш са мной так размаўляць?“ І тут важна сказаць: „Ты ведаеш, я дакладна гэтай размовай не перасьледую такіх мэтаў. І я бачу, што ты вельмі эмацыйна захоплены гэтымі перажываньнямі. Гэта ўсяго толькі спроба растлумачыць нашыя думкі. Я цябе па-ранейшаму люблю, нават калі ў цябе будзе супрацьлеглы пункт гледжаньня“».
Прамаўляючы такія рэчы, мы на самой справе дапамагаем сабе ня браць на сябе лішняе, тлумачыць псыхоляг.
«Віна ў кантэксьце гэтай сытуацыі, часьцей за ўсё, — спроба павесіць на нас лішнюю адказнасьць за здароўе, за жыцьцё чалавека. І ў той жа час узяць з нашага боку гэтую адказнасьць, быццам мы, ідучы ў гэтую спрэчку, хочам нашкодзіць сваім бацькам. Але я дакладна ўпэўненая, што гэта ня так».
Калі мы адчуваем досыць моцнае напружаньне, трывогу, паніку ў момант канфлікту, варта паспрабаваць дыхальныя практыкі. Яны дапамогуць прытармазіць нашае ўзбуджэньне.
«Уявіце, што вы дзьмяце на дзьмухавец, каб ён паляцеў. Вось гэты доўгі выдых спрыяе ўключэньню парасымпатычнай нэрвовай сыстэмы, якая адказвае за тармажэньне. Ёсьць яшчэ тэхніка зазямленьня, калі мы вельмі добра адчуваем нагамі, што мы стаім на зямлі. І яшчэ адна добрая тэхніка, калі мы адчуваем вельмі шмат гневу, бо часьцей за ўсё нас можа літаральна трэсьці ад таго, што мы ніяк ня можам выказаць злосьць, нязгоду ці абурэньне: варта паспрабаваць трансфармаваць гнеў у нейкую фізычную актыўнасьць — выйсьці на прабежку, пагуляць у бадмінтон ці тэніс, пакідаць падушку».
Праз актыўнае дзеяньне мы дазваляем гневу выйсьці.
«Нявыказанае застаецца ў целе і можа сапраўды прыводзіць да рознага роду псыхасаматычных праяваў: павышэньня артэрыяльнага ціску, ажно да гіпэртанічнага крызу, галаўнога болю, болю ў сэрцы, панічнай атакі, страты кантролю, страху памерці, зьехаць з глузду».
Калі вашыя блізкія пакутуюць праз сытуацыю ва Ўкраіне, суперажываюць, ім можна дапамагчы сваёй прысутнасьцю, выводзіць іх на кантакт. Таксама вельмі важна нагадваць чалавеку пра звычайныя рэчы і дзеяньні, як сон і ежа.
«Магчымасьць вяртаньня да сябе дазваляе не патануць у перажываньнях, бо яны цяпер досыць моцныя, і вельмі важна, каб чалавек захоўваў кантакт і са сваёй рэальнасьцю. Сапраўды, мы цяпер пражываем бездапаможнасьць, але яе можна трансфармаваць ва ўзаемадапамогу, магчымасьць кагосьці падтрымаць, уключыцца ў валянтэрскую працу. Гэта дапамагае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правапіс вайны: «рф, кремль, путін, білорусь». Ва Ўкраіне пачалі пісаць з малой літары назвы, зьвязаныя з нападам Расеі