- Урад прыняў рашэньне ўвесьці «антыпуцінскі шчыт», – заявіў прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі на прэс-канфэрэнцыі ў пятніцу.
- - Мы правядзем дэрусіфікацыю польскай эканомікі, – заявіў прэмʼер-міністар Матэвуш Маравецкі. – Гэтая вайна выклікае вялізныя эканамічныя ўзрушэньні, вялізныя праблемы. Гэта час, калі ўлада вырашыла ўкараніць «антыпуцінскі шчыт». Мы называем гэта так умоўна, таму што гэтая вайна, разьвязаная Пуціным, тычыцца многіх аспэктаў, падкрэсьліў ён.
- - У гэтай барацьбе мы таксама пастараемся супрацьдзейнічаць інфляцыі. Акрамя пытаньняў інфляцыі, мы засяродзімся на пытаньнях, зьвязаных з працоўнымі месцамі, пры падтрымцы кампаній, якія працавалі на расейскім рынку, – сказаў Маравецкі.
- Урад забясьпечыць падтрымку аграрыям у частцы закупкі ўгнаеньняў. Фэрмэры атрымаюць даплату ў 500 злотых на гектар ворнай зямлі і 250 злотых на гектар лугоў і пашы. Падобнае рашэньне павінна ўхваліць Эўракамісія.
- - Мы таксама лічым, што калі ня толькі мы станем незалежнымі ад Пуціна, але і ўся Эўропа, кошты на газ упадуць, – сказаў прэмʼер-міністар. – Адмовіўшыся ад магчымасьці шантажу з боку Пуціна, мы пасьлядоўна будзем уводзіць ніжэйшыя кошты на газ, – дадаў ён.
- Маравецкі ўскладае надзеі на газаправод Baltic Pipe і тэрмінал ЗПГ у Свінауйсьце, якія дазваляе адмовіцца ад расейскіх энэргарэсурсаў. Магутнасьці тэрміналу ў Свінауйсьце будуць павялічаныя, зьявіцца новы тэрмінал у Гданьску.
«Антыпуцінскі шчыт» абвясьціў у сераду прэзыдэнт Польскага фонду разьвіцьця Павал Борыс. Як ён падкрэсьліў, ПФР у асноўным арыентуецца на падтрымку кампаній, падшукваючы для іх новых падрадчыкаў.
Маравецкі заявіў, што Пуціна можна перамагчы двума спосабамі – ваенным ці эканамічным. Ён дадаў, што няма крокаў, якія ЭЗ ня можа зрабіць, каб стаць незалежным ад Расіі. «Кісларод можна перакрыць», – сказаў ён аб увядзеньні эканамічных санкцый.
- Трэба сысьці ад залежнасьці ад Расеі. Гэта будзе каштаваць грошай, але гэта пытаньне, быць ці ня быць Польшчы і Эўропе, – падкрэсьліў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча патлумачыла статус беларускіх уцекачоў з Украіны