Польскае ўпраўленьне ў справах замежнікаў дало тлумачэньне аб легальным статусе знаходжаньня для беларусаў, якія прыбылі з Украіны на тэрыторыю Польшчы.
Беларусы ў Польшчы могуць бясплатна атрымаць сэртыфікат, які пацьвярджае іх часовую абарону, калі яны ўцяклі з Украіны.
Беларусы могуць скарыстацца часовай абаронай у адпаведнасьці з Законам аб наданьні абароны іншаземцам, калі яны прыбылі з Украіны і падпадаюць пад адзін з пунктаў:
- могуць даказаць, што да 24 лютага 2022 году яны карысталіся міжнароднай абаронай або эквівалентнай нацыянальнай абаронай ва Ўкраіне;
- легальна пражывалі ва Ўкраіне на падставе дзеючага дазволу на пастаяннае пражываньне, выдадзенага ў адпаведнасьці з заканадаўствам Украіны;
- ня могуць вярнуцца ў Беларусь з прычыны пагрозы жыцьцю і свабодзе.
У гэтым выпадку беларусы могуць бясплатна атрымаць дакумэнт, які пацьвярджае іх часовую абарону. Сэртыфікат выдаецца Упраўленьнем у справах замежнікаў. Зьвяртацца па яго можна з 17 сакавіка 2022 году.
Дакумэнт зьяўляецца выключным доказам часовай абароны ў Польшчы. На працягу тэрміну яго дзеяньня ён пацьвярджае права:
- пражываць на тэрыторыі Польшчы;
- працаваць без неабходнасьці мець дазвол на працу;
- займацца эканамічнай дзейнасьцю на тэрыторыі Польшчы на тых жа ўмовах, што і польскія грамадзяне;
- атрымліваць мэдычную дапамогу;
- атрымліваць дапамогу ў выглядзе пражываньня, харчаваньня або матэрыяльнай падтрымкі.