«Абвясьцілі пэрсонамі нон-грата дзесяць дыпляматаў, фармулёўка звычайная – «дзейнасьць, несумяшчальная зь іх статусам». Успрымаем гэта як вельмі недружалюбны акт і пакідаем за сабой права на дзеяньні ў адказ», — паведаміла ТАСС пасол РФ Элеанора Мітрафанава.
Раней Міністэрства замежных спраў Баўгарыі абвясьціла пэрсонамі нон-грата двух расейскіх дыпляматаў, якіх пракуратура рэспублікі абвінаваціла ў шпіянажы. 2 сакавіка ім было прадпісана пакінуць краіну на працягу 48 гадзін, паведаміў афіцыйны прадстаўнік баўгарскага зьнешнепалітычнага ведамства Мітка Дзімітраў.
- Гэта ня першая высылка расейскіх дыпляматаў з Баўгарыі. Так, у кастрычніку 2019 году Сафія выслала з краіны паводле падазрэньня ў шпіянажы першага сакратара пасольства Расеі, у студзені 2020-га – яшчэ аднаго першага сакратара консульскага аддзелу пасольства РФ і супрацоўніка расейскага гандлёвага прадстаўніцтва, у верасьні 2020 году — таксама двух дыпляматаў, у канцы 2020-га — вайсковага аташэ РФ, а ў сакавіку 2021 году — яшчэ дваіх дыпляматаў. Расея адказвала на гэта люстэркавымі мерамі.
- На другі дзень пасьля ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну баўгарская кампанія «Булсаткам» спыніла распаўсюджваньне сыгналу спансаванага расейскай дзяржавай каналу Russia Today «на знак падтрымкі ўкраінскага народу і асуджэньня расейскай агрэсіі». Пасольства Расеі ў Баўгарыі назвала краіну свайго знаходжаньня адным з «эўраатлянтычных прыхвасьняў» Вашынгтону, якія ўдзельнічаюць у «агрэсіі супраць расейскіх інфармацыйных рэсурсаў».
- Адно з самых аўтарытэтных у Баўгарыі агенцтваў вывучэньня грамадзкай думкі Alpha Research цьвердзіць: за першыя чатыры дні ваенных дзеяньняў пазытыўны рэйтынг прэзыдэнта Пуціна страціў амаль палову свайго значэньня. Калі ў пэрыяд з 2020 па люты 2022 году станоўчыя ацэнкі на яго адрас выказвалі ад 55% да 58% баўгараў, і толькі 20% — адмоўныя, то цяпер сытуацыя кардынальна зьмянілася: станоўча выказваюцца 32%, а адмоўна — да 48%. Беспрэцэдэнтнае абʼяднаньне эўрапейскіх краін у адзіных санкцыях супраць Расеі і ў дапамозе Ўкраіне ацэньваюць як правільную палітыку 63% грамадзян Баўгарыі.
Пазьней у пятніцу было абвешчана аб высылцы расейскіх дыпляматаў таксама з Латвіі, Літвы і Эстоніі. Рыга і Талін высылаюць па 3 супрацоўнікі пасольства Расеі, Вільня — 4. Гэта адбываецца на тле расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.