У ЭАЭС абмяркоўваюць, як пазьбегнуць наступстваў за саюз з падсанкцыйнымі Расеяй і Беларусьсю

Савет Эўразійскай эканамічнай камісіі (ЭЭК), кіроўнай структуры Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС), два дні абмяркоўвае пэрспэктывы сваёй працы ва ўмовах рэзкай зьмены сытуацыі са зьнешнім гандлем Расеі і Беларусі з прычыны санкцыйнага ціску на гэтыя краіны.

«Дыскусія ў закрытым рэжыме з Казахстанам, Армэніяй і Кыргызстанам пакуль скончылася толькі працягам нулявых пошлін на малькоў ласося. Ужо зразумела, аднак, што рост транзытных магчымасьцяў краін ЭАЭС ацэньваюцца імі не настолькі высока, каб заведама кампэнсаваць новыя інтэграцыйныя рызыкі і рызыкі другасных санкцый, а сустрэчныя абмежаваньні экспарту РФ і Беларусьсю ствараюць праблемы паставак унутры саюзу», – піша «Коммерсант».

Паводле суразмоўцы «Коммерсанта», знаёмага са зьместам парадку дня сустрэчы, больш за палову пытаньняў у ёй былі пазначаныя грыфам «Для службовага карыстаньня».

Як расказваюць суразмоўцы «Коммерсанта», работа савету пачалася ў напружанай атмасфэры на тле рэзкага росту ўзроўню супярэчнасьцей у інтэграцыйнай рабоце ЭАЭС ва ўмовах жорсткіх санкцый супраць двух яго членаў – эканамічная ўстойлівасьць Расеі і Беларусі залежыць у тым ліку і ад таго, наколькі астатнія дзяржавы ЭАЭС падтрымаюць «контрсанкцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці здолее Пуцін уламаць Лукашэнку далучыцца да вайны? Дыскусія экспэртаў

Пры гэтым самі саюзьнікі вельмі зацікаўленыя ў нераспаўсюджаньні санкцый на іх краіны, але зьвязаныя міждзяржаўнымі і міжурадавымі пагадненьнямі.

Крыніцы выданьня сьцьвярджаюць, што ў якасьці «экстранай» тэмы абмяркоўвалася праблема збору і разьмеркаваньня пошлін, якія вылічваюцца ў далярах. Вырашыць праблему за кошт пераходу на расейскі рубель цяжка з прычыны «частковай страты рублём свабоднай канвэртавальнасьці», кажуць крыніцы. Раней Расея і Беларусь заявілі пра жаданьне ўхіліцца ад даляра пры разьмеркаваньні ўвазных мытных пошлін на тэрыторыі ЭАЭС.

Яшчэ адна праблема – у тым, што «кошык» збораў у нацыянальных валютах краін ЭАЭС не адпавядае структуры валютнага рынку саюзу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі абвясьціў, чым адкажа на санкцыі краін Захаду

Членаў ЭАЭС таксама непакоіць увядзеньне Расеяй і Беларусьсю контрсанкцыяў, якія абмяжоўваюць пастаўкі асобных тэхналягічных і сыравінных тавараў. Такія крокі могуць выклікаць рэакцыю ў адказ з боку краін эканамічнага саюзу.

У выніку адзіным узгодненым «контрсанкцыйным» рашэньнем, якое было апублікавана па выніках савету ўчора, стала падаўжэньне нулявых пошлін на моладзь ласося і фарэлі да 2025 году «для разьвіцьця ўнутранага рынку саюзу» – аб вырашэньні іншых пытаньняў, акрамя праблемы чырвонай рыбы, калі яны і былі, ЭЭК не абвяшчала.

  • У Савет ЭЭК уваходзяць профільныя віцэ-прэм'еры краін ЭАЭС, узначальвае яго Міхаіл Мясьніковіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падобна да краху эканамічнай сыстэмы ў выніку распаду СССР». Эканаміст Аляхновіч аб сытуацыі ў Беларусі