Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, прамаўляючы ў Вашынгтоне на штогадовым мерапрыемстве ў гонар дня сьвятога Патрыка, рэзка выказаўся пра прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Байдэн назваў Пуціна «крывавым дыктатарам» і «заўзятым бандытам (pure thug), які вядзе амаральную вайну супраць народа Ўкраіны».
Байдэн адзначыў ролю Ірляндыі (дзень св. Патрыка — традыцыйнае ірляндзкае сьвята) — нэўтральнай краіны — у намаганьнях Захаду па стрымліваньні расейскай агрэсіі, падкрэсьліўшы, што «Пуцін плаціць за гэтую агрэсію вялізны кошт».
Амэрыканскі прэзыдэнт таксама згадаў у прамове заплянаваную на заўтра размову па тэлефоне са старшынём КНР Сі Цзіньпінем, які «ня верыць, што дэмакратыя можа быць устойлівай у ХХІ стагодзьдзі».
- 16 сакавіка 2022 года Джо Байдэн, адказваючы на пытаньне журналістаў, сказаў, што лічыць прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна «ваенным злачынцам». Як адзначае агенцтва Reuters, у гэты дзень Байдэн упершыню выкарыстоўваў такую рыторыку ў дачыненьні да Пуціна ў кантэксьце ўварваньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны.
- 2 сакавіка 2022 года дзеяньні Расеі ва Ўкраіне амэрыканскі прэзыдэнт назваў «вайной Пуціна», паводле яго слоў, наўмыснай і несправакаванай.